Як палепшыць школьную адукацыю? Пры ўдзеле супрацоўнікаў БДУ далі старт унікальнай праграме «Настаўнік для Беларусі»

5 Nov, 2019.

Праграму запусцілі сёлета з мэтай, каб у кожнага вучня павінна быць магчымасць раскрыць свае здольнасці і таленты, нягледзячы на тое, у якой мясцовасці ён пражывае. Самае галоўнае пра праект перадае газеты "Універсітэт".

Як сфарміравалася праграма «Настаўнік для Беларусі»?

Гісторыя пачалася з таго, што два сябры дзяцінства, выпускнікі  Лі­цэя БДУ Сяргей Бародзіч  (скончыў філфак БДУ) і Зміцер Макарчук вырашылі паехаць працаваць настаўнікамі ў аграгара­­  док Капыльскага раёна. Пасля двух гадоў плённай дзейнасці яны вярнуліся працаваць у Ліцэй БДУ. Імкненне палепшыць школьную адукацыю захавалася. Яно вылі­лася ў задумку стварыць выдатны праект, каб вярнуць у школы лю­дзей, для якіх на першым месцы стаіць праца з дзецьмі.

Больш за два гады Зміцер і Сяргей звярталіся ў розныя дзяржструктуры са сваімі ідэямі і прапановамі, аднак значным штуршком у гэтай гісторыі стала супрацоўніцт­ва з адной фінансавай установай. «Ашчадбанк» Расіі падтрымлівае праект «Настаўнік для Расіі». «Можа, такі ж запусціць у Беларусі?» – падумалі супрацоўнікі «БПС­Ашчадбанка». Пачуўшы пра гэта ў навінах, Зміцер і Сяргей з ідэямі звярнуліся ў банк, у якім ужо стваралася ра­ бочая група для распрацоўкі канцэпцыі праекта ў Беларусі. Там зацікавіліся вопытам маладых настаўнікаў, праца закіпела. Банк зарэгістраваў юрыдычную асобу – мясцовы адукацыйны фонд «Новая школа», а ў маі гэтага года было падпісана пагадненне з Міні­стэр­ствам адукацыі. З тых часоў праект працуе ў рэжыме нон­стоп.

Што трэба ведаць пра сутнасць праекта, удзельнікаў і іх працу?

Праграма прадугледжвае, што выпускнікі ВНУ на 2 гады становяцца настаўнікамі ў аддаленых сельскіх школах, дзе вучням асабліва па­трабуюцца натхняльныя педагогі, а калектыву – новыя кадры. Задача крэатыўнага і неабыякавага нас­таўніка ў такім становішчы – павы­сіць цікавасць да школьнай аду­кацыі, дапамагчы вучням знайсці матывацыю да вучобы.

У наборы 2019 г. стаць удзель­нікам мог кожны, хто за плячыма меў педагагічную адукацыю і жаданне працаваць з дзецьмі, выкарыстоўваючы інфармацыйныя і адукацыйныя тэхналогіі. Канкурсант запаўняў анкету, указваў асабістыя звесткі, пісаў эсэ пра матывацыю… Пасля прагляду заявак арганізатары адбіралі ўдзельнікаў на сустрэчу, выяўлялі дадатковую інфармацыю пра іх. Далей – вочны тур з практыкаваннямі на каманднае ўзаемадзеянне, крэатыўнасць, камунікацыю. Таксама ўдзельнікі праводзілі ўрок на 7 хвілін. Пасля – індывідуальнае сумоўе.

З 60 заявак было адабрана 12 педагогаў для ўдзелу ў месячным летнім інтэнсіве. Тут удзельнікі асвойвалі сучасныя падыходы да педагогікі і выкладання, паляпша­ лі асабістыя якасці, атрымлівалі веды ў праектным менеджменце. Арганізатары імкнуліся ахапіць як мага большы спектр людзей, зацікаўленых ва ўдасканальванні сістэмы адукацыі. Яны падрыхтавалі разнастайную праграму лекцый, практычных заняткаў, сустрэч з найлепшымі спікерамі са сферы бізнесу, менеджменту, адукацыі. Сваім вопытам дзяліліся ў тым ліку спецыялісты БДУ.

На апошнім тыдні ўдзельнікі самастойна з нуля распрацоўвалі летнік «Навыкі 21 стагоддзя» для дзяцей на базе СШ № 20 г. Барысава. Яны складалі праграму, распаў­сюджвалі інфармацыю, дамаўля­ліся наконт транспарту, адбіралі дзяцей з горада і раёна. Справі­­ліся выдатна, усе бакі засталіся задаволенымі. Можна лічыць, што іспыт здалі.

Пасля інтэнсіву прымалі канчатковае рашэнне: 9 педагогаў накіраваны на працу ў 5 рэгіянальных школ у Кобрынскім, Бярэзінскім, Дзяржынскім, Чэрвеньскім раёнах і горадзе Дзяржынск. Гэта настаў­нікі рознага профілю: педагог­псіхолаг, настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства, інфарматыкі, рускай мовы і літаратуры, біялогіі, хіміі, беларускай мовы і літаратуры, фі­зічнай культуры, пачатковых класаў. Як адзначаюць арганізатары, з 24 заявак, якія прыйшлі ад школ, на здзіўленне, выявілася, што не хапае 18 настаўнікаў матэматыкі. Гэты недахоп каманда паспрабуе выправіць у наступным годзе і знайсці патрэбныя кадры.

Далей удзельнікам праграмы будзе аказвацца два віды падтрымкі. Нематэрыяльная – у кожнага настаўніка ёсць праектны менеджар, метадыст і асабісты куратар. І матэрыяльная – кожнаму акрамя зарплаты будзе два гады налічвацца стыпендыя – 250 рублёў. Іх таксама забяспечаць ноўтбукамі і кампенсуюць расходы на жыллё пры неабходнасці пераезду. Яшчэ ўдзельнікі будуць штомесяц (ці нават часцей) сустракацца і абменьвацца інфармацыяй. Перад імі апроч іншага стаіць задача зрабіць нейкі значны праект для лакальнай супольнасці.

Зміцер Макарчук, удзельнік каманды арганізатараў, супрацоўнік ліцэя БДУ, магістрант кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ:

– Перад тым, як ва ўдзельнікаў стартаваў навучальны год, беларуская каманда арганізатараў пазнаёмілася з расійскай мадэллю праекта на летнім інтэнсіве. У расіян тады ішоў 5 набор педагогаў, за 3 дні апыталі каля 30 чалавек, якія займаюць розныя пасады ў структуры. Беларускую лакальную праграму адрознівае ад замежнага руху тое, што там адбіраюць для ўдзелу не толькі настаўнікаў, але і людзей, у якіх няма педагагічнай адукацыі. У расійскага праекта заключана пагадненне з Інстытутам адукацыі «Вышэйшай школы эканомікі», куды залічваюцца ўдзельнікі праграмы. Яны 2 гады працуюць у школе, а таксама здаюць іспыты, пасля атрымліваюць сертыфікат аб праходжанні перападрыхтоўкі на педагагічны профіль.

У беларускага праекта пакуль у планах зрабіць нешта падобнае. Магчыма, на базе БДУ будзе створана такая ж праграма: на факуль­тэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ці на кафедры педагогікі і праблем адукацыі як магістратура. Было б выдатна зрабіць праект даступным для ўсіх таленавітых людзей, якія маюць імпэт і хочуць дзяліцца сваім захапленнем з дзецьмі. Мы хочам, каб настаўнікі горда неслі сваё званне. Адчуванне, што словы і ўчынкі выхоўваюць дзяцей, будучае пакаленне, вартае шмат чаго.

Сяргей Бародзіч, удзельнік каманды арганізатараў, настаўнік рускай мовы і літаратуры ў прыватных школах:

– Калі мы аналізавалі, чаму маладыя спецыялісты пасля двух гадоў працы з’язджаюць са школы ці шукаюць іншую сферу, то зразумелі, што гэта звязана з тым, што за гэты час яны не знайшлі падтрымкі. Калі мы са Змітром Ма­карчуком паехалі ўдваіх у вёску, мы на сабе адчулі гэты момант. Зусім іншая справа, калі ты не адзін. Зыходзячы з нашага прыкладу, мы пераканаліся, што ўдзельнікам мэтазгодна ехаць у школы мінімум па двое – гэта важная асаблівасць праграмы.

Хочацца, каб нашы калегі прапрацавалі на сваіх месцах не толькі пару гадоў, а ўжо надоўга затры­маліся ў сістэме адукацыі. І каб школы былі гатовыя да такіх актыўных работнікаў. Для нас важна пабудаваць супольнасць настаў­нікаў, якія б успрымалі сябе як
агульнасць, як прадстаўнікоў но­вага пакалення ў прафесіі. Калі ўспрыманне настаўніка як чалавека ў грамадстве памяняецца, для нас гэта будзе перамога.

Алена Алехна, удзельніца праекта, настаўніца рускай мовы і літаратуры, скончыла завочнае аддзяленне філфака БДУ ў 2019 годзе:

– Я цяпер жыву і працую ў пасёлку Энергетыкаў Дзяржынскага раёна. Тут жа са мной працуе яшчэ адна ўдзельніца праекта – настаўніца інфарматыкі Людміла Рыбчынская (гэта яе ранейшае месца працы, яна падавалася ў праграму разам са школай). Філолагаў чакалі толькі ў дзвюх школах. У мяне быў выбар: ехаць сюды ці ў Чэрвеньскі раён. Акалічнасці склаліся так, што я апынулася ў гэтым мястэчку. У любым выпадку збіралася пераязджаць, было непрынцыпова, куды менавіта. Да праекта працавала педагогам­арганізатарам, але хацела быць менавіта настаўніцай рускай мовы і літаратуры, а на старым месцы працы ўсе вакансіі былі занятыя. Пераезд не палохаў, іх у маім жыцці было нямала.

Пра праект «Настаўнік для Беларусі» даведалася ў пачатку чэрвеня падчас падрыхтоўкі да дзяржэкзаменаў, убачыла аб’яву ў сацыяль­ных сетках. Зацікавілася, зразу­мела, якая гэта выдатная ідэя. Паколькі настаўнікі сыходзяць з сістэмы адукацыі (прычым такая тэндэнцыя намецілася не толькі ў нашай краіне), а прыцягнуць спецыяліста ў вёску складаней, чым у горад, дзе ёсць пэўныя плюсы, я зразумела, што гэта праграма вельмі патрэбная. Мне цікавыя складанасці ў жыцці, ра­зумею, што менавіта яны нас развіваюць. Да таго ж, у першую чаргу для мяне была важная галоўная ідэя праекта: каб неабыякавыя настаўнікі былі гатовыя змяняцца для паляпшэння сістэмы адукацыі
з мэтай максімальнага развіцця патэнцыялу ў дзецях.

Патроху ўкараняю на сваіх уроках тое, чаму нас вучылі на летнім інтэнсіве. Каманда арганізатараў і ўдзельнікаў праграмы «Настаўнік для Беларусі» – гэта захопленыя людзі, якія любяць сваю прафесію. Упэўнена, маё жыццё не будзе ранейшым. Гэта праграма ўжо змяніла мяне, я стала больш упэўненай у сабе, разумею, што самае цудоўнае яшчэ наперадзе. Чакаю, што дзеці, з якімі я працую, стануць шчаслівейшымі. Спадзяюся, яны будуць тымі людзьмі, якія здольныя вырашаць пытанні ў любой сферы: і асабістай, і прафесійнай. Галоўнае, каб у іх сфарміравалася разуменне: змены да найлепшага ў свеце пачынаюцца з кожнага з нас.

Дыяна Кандрацюк, амбасадарка праекта «Настаўнік для Беларусі», магістрантка кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ:

– Мы хочам бачыць таксама і студэнтаў, і выкладчыкаў БДУ ў праекце – у ролі ўдзельнікаў ці ў якасці падтрымкі і супрацоў­ніцтва. Наша кафедра аб’яднала сілы і сувязі вакол праекта, так і я далучылася да яго праз кафедру. Загадчыца Вольга Леанідаўна Жук праводзіла практыкум і семінары на летнім інтэнсіве. Я ведаю удзельнікаў праекта, натхняе іх энергія і ініцыятыўнасць, хочацца гэтак жа трапятліва ставіцца да сваёй справы, як і яны.

Трэба адзначыць, што праект становіцца прывабнай пляцоўкай для размеркавання і выпускнікоў БДУ, дасведчаная каманда дапаможа знайсці сябе ў прафесіі. Запамінайце: з пачатку 2020 года можна запаўняць анкету на ўдзел у наступным сезоне праекта. Са­чыце за навінамі праграмы на афіцыйным сайце teach4.by.

Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: