Бібліятэка як феномен культуры (+відэа)

27 Oct, 2016.

14524568_639895346189005_6368694310484624549_o

Разам з БДУ свой 95-гадовы юбілей адзначае Фундаментальная бібліятэка. Адным з асноўных святочных мерапрыемстваў стала 16-я Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Менеджмент універсітэцкіх бібліятэк», якая прайшла ў рамках IV Міжнароднага кангрэса «Бібліятэка як феномен культуры».

Невыпадкова было прынята рашэнне аб’яднаць мерапрыемствы дзвюх найбуйнейшых бібліятэк краіны – ФБ БДУ і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) у адзіны форум, паколькі першыя гады існавання гэтых дзвюх бібліятэк непарыўна звязаны: з 1922 па 1926 гг. у БДУ дзейнічала адзіная дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка.
У канферэнцыі прынялі ўдзел 202 чалавекі, з іх 45 прадстаўнікоў з 10 замежных краін. Гэта кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк, устаноў вышэйшай адукацыі і навукі, цэнтраў і выдавецтваў, вытворцы і пастаўшчыкі навуковай інфармацыі з Расіі, Беларусі, ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы, Украіны, Казахстана, Малдовы, ААЭ, Нігерыі. Першы дзень канферэнцыі прайшоў у фармаце «ALL LibSTARS», на якой вядучыя замежныя спецыялісты і эксперты ў галіне бібліятэчнай справы прадставілі праекты, якія спрыяюць развіццю бібліятэк у сучасным навукова-адукацыйным асяроддзі і глабальнай інфармацыйнай прасторы.

img_7685
Юбілейная канферэнцыя ФБ БДУ – гэта не толькі сустрэча з калегамі, але і магчымасць паказаць дасягненні бібліятэкі, яе ролю ва ўніверсітэце. Бачанне будучыні ўніверсітэцкай бібліятэкі выказаў у сваім выступ­ленні на міжнародным кангрэсе дырэктар ФБ БДУ У. Г. Кулажанка, на секцыях прагучалі даклады супрацоўнікаў бібліятэкі, якія раскрываюць сацыяльна-культурную дзейнасць бібліятэкі. У аснове працы па рэалізацыі ініцыятыў, інтарэсаў, талентаў творчай, крэатыўнай моладзі ляжаць розныя формы: творчыя майстэрні, конкурсы, дыскусійныя пляцоўкі, клубы па інтарэсах і інш. Госці канферэнцыі паўдзельнічалі ў пасяджэннях студэнцкіх клубаў ФБ: кінаклуба «Фруза» і клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа». За два гады існавання «КЛУмБа» дамаглася значных поспехаў. Клуб узнагароджаны дыпломам 1-й ступені ў намінацыі «Публіцыстыка» і дыпломам 1-й ступені ў намінацыі «Паэзія» рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасці студэнтаў «Аўтограф», рэспубліканскага фэсту мастацкай творчасці студэнцкай моладзі «АРТ-вакацыі–2016». «КЛУмБа» стала стартавай пляцоўкай для пачаткоўцаў празаікаў і паэтаў, месцам для дыскусій і сустрэч студэнтаў усіх факуль­тэтаў БДУ з вядомымі пісьменнікамі і творчымі людзьмі. У рамках канферэнцыі адбылася прэзентацыя літаратурнага зборніка «Кветкавыя ветразі», выдадзенага да 95-гадовага юбілею БДУ і ФБ.

img_7849
З дасягненнямі ФБ БДУ ў галіне аўтаматызаваных інфармацыйных тэхналогій азнаёміліся ўдзельнікі канферэнцыі і кангрэса на выставе выдавецкай прадукцыі, электронных інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў у НББ. Супрацоўнікі ФБ дэманстравалі электронную бібліятэку БДУ, якая змяшчае каля 100 тыс. дакументаў. Паводле міжнародных рэйтынгаў, ЭБ БДУ займае вядучыя месцы сярод інстытуцыянальных рэпазітарыяў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Акрамя таго на выставе дэманстравалася ўкаранёная ў 2015 г. новая канцэпцыя сайта ФБ БДУ, які заняў 1 месца ў намінацыі «Найлепшы сайт структурнага падраздзялення БДУ»; паказаны вынікі працы цэнтра навуковай творчасці студэнтаў, абсталяванага 3D-прынтарам.img_7747
На выставе «Фундаментальная бібліятэка БДУ: 95 гадоў на службе ўніверсітэцкай адукацыі Беларусі» былі прадстаўлены экспанаты, якія ўзнаўляюць асноўныя старонкі гісторыі ФБ БДУ і сучасныя яе дасягненні. Аснову экспазіцыі склалі выданні з фонду ФБ БДУ і НББ, набытыя для бібліятэкі ў гады іх сумеснай дзейнасці; навуковыя выданні і манаграфіі з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, выкладчыкаў, выпускнікоў БДУ. Больш за 40 гадоў ФБ БДУ з’яўляецца метадычным і каардынацыйным цэнтрам сеткі бібліятэк устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Гэтаму важнаму кірунку дзейнасці ФБ таксама прысвечана частка выставы.
Дзейнасць ФБ непарыўна звязана з дзейнасцю БДУ. Усе паслугі і інфармацыйныя рэсурсы, якія прадстаўляюцца бібліятэкай, накіраваны на задавальненне інфармацыйных, адукацыйных, навуковых запатрабаванняў студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў універсітэта. Для гэтага бібліятэка ўвесь час папаўняе свае фонды, прапануе доступ да значнай для ўніверсітэта інфармацыі з усяго свету, стварае камфортныя ўмовы для працы ў сценах бібліятэкі, праводзіць навучанне сваіх карыстальнікаў з мэтай удасканалення навыкаў пошуку, выкарыстання інфармацыі і прасоўвання навуковых і даследчых прац навукоўцаў БДУ ў сусветнай інфармацыйнай прасторы.

Ала БУЦІНА, намеснік дырэктара ФБ БДУ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: