Калі сям’я дома. Студгарадок БДУ

16 Nov, 2016.

img_0387

На кухні інтэрната № 4

«Главней всего – погода в доме», – спяваецца ў шлягеры. Для многіх студэнтаў БДУ такім домам стаў Студэнцкі гарадок. У нашым інтэрв’ю галоўны метэаролаг (і па сумяшчальніцтве дырэктар студгарадка) Ала МЕЛЕХ распавяла, як спрыяльны клімат у інтэрнатах уплывае на поспехі студэнтаў у навучальнай дзейнасці.

kopiya-mel– Ала Уладзіміраўна, першы інтэрнат БДУ прыняў сваіх жыхароў у 1952 годзе. Як змянілася сітуацыя за апошнія гады?
– У студэнцкім гарадку наліч­ваецца 10 інтэрнатаў. Дзевяць з іх прызначаны для студэнтаў, і ў адным пражываюць супрацоўнікі ўніверсітэта. З агульнай колькасці чатыры інтэрнаты – кватэрнага, чатыры – блокавага і два – калідорнага тыпу. Усе інтэрнаты адрамантаваны і ўвесь час удасканальваюц­ца. Дарэчы, першы інтэрнат, які адкрыўся (№ 1), некалі быў інтэрнатам калідорнага тыпу, а стаў –кватэрнага. У сту­дзені 2015 года пасля капітальнага рамонту адкрыўся інтэрнат № 3. Мы імкнёмся ствараць для студэнтаў максі­мальна камфортныя ўмовы: кухня, халадзіль­нікі, сучасная мэбля...
– Так, сапраўды. У інтэрнаце можна адчуць сябе як дома. Скажыце, калі ласка, а ці шмат хто мае патрэбу ў інтэрнаце?
– Троху простай матэматыкі – і можна заўважыць, што адсотак забяспечанасці студэнтаў інтэрнатам значна вырас. Калі ў 2011/2012 навуч. годзе засялялася не больш за 47 % ад тых, хто меў патрэбу, то на пачатку 2016/2017 навуч. года дадзеная лічба перавышае 75 %. Гэта стала магчымым дзякуючы розным фактарам: увядзенню ў эксплуатацыю новых інтэрнатаў у Студэнцкай вёсцы, капітальнаму рамонту некаторых інтэрнатаў. Без шкоды для камфорту была павялічана колькасць жыхароў на адзін пакой у інтэрнатах № 5 і 10. Звярнуўшыся да «ўшчыльнення», мы змаглі забяспечыць інтэрнатам амаль на 700 студэнтаў больш, а такую колькасць можна параўнаць з цэлым інтэрнатам. Хацелася б адзначыць, што ў найбліжэйшай будучыні дадзены адсотак можа павялічыцца з-за пераўтварэння пяцігадовай праграмы навучання ў чатырохгадовую і здвоенага выпуску ў 2016/2017 навуч. годзе.

img_0669

Пакой адпачынку інтэрната № 7

– Яшчэ адно пытанне пра лічбы. З чым звязаны той факт, што, пачынаючы з мінулага навучальнага года, павялічыўся адсотак забяспечанасці месцамі ў інтэрнатах першакурснікаў: 85 % – для гуманітарных фа­культэтаў, 100% – для прыродазнаўчых?
– Перавага для першакурснікаў, вядома, не выпадковая. Іншагароднім значна лягчэй адаптоў­вац­ца да новых умоў жыцця, пражываючы ў інтэрнаце. Акрамя таго, прапанова інтэрната з’яўля­ецца канкурэнтнай перавагай уні­версітэта пры прыёме абітурыентаў. Так імкнёмся пры­цяг­нуць у alma mater найлеп­шых з лепшых.
– У нашым універсітэце навучаецца вялікая колькасць сту­дэнтаў з іншых краін. Як атрым­ліваецца палегчыць адаптацыю замежных грамадзян у рамках інтэрнатаў? І ці ўсе замежныя студэнты маюць магчымасць засяліцца ў інтэрнат?
– У студгарадку створаны сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзе пра­цуюць прафесіяналы. З улікам спецыфікі той ці іншай краіны нашы спецыялісты знаходзяць індывідуальны падыход да кожнага замежнага грамадзяніна. Калі казаць мовай эканомікі, то такія студэнты атрымліваюць «сэрвіс ад дзвярэй да дзвярэй», гэта значыць з моманту размяшчэння ў інтэрнаце да самага выпускнога. Гутаркі, сустрэчы, розныя мерапрыемствы – асноў­ныя фактары паспяховай адаптацыі. Што да засялення, то практычна ўсе замежныя студэнты забяспечаны месцамі ў інтэрнаце. Выклю­чэнне складаюць тыя наву­чэн­цы, да якіх былі ўжыты дысцыплінарныя захады (вымова ці вымова з   ха­дайніцтвам пра скасаванне дамовы наймання жылога памяшкання).

img_0247

У трэнажорнай зале інтэрната № 4

– У шмат каго існуе стэрэатып, што ў інтэрнат студэнт пры­ходзіць паесці і пераначаваць. А якія яшчэ «магчымасці» даюць сваім жыхарам інтэрнаты БДУ?
– Калі казаць пра «паесці», то варта адзначыць, што побач з кожным інтэрнатам або ў яго сценах ёсць ці сталовая, ці кафэ, ці буфет. Акрамя таго, калі камусьці нязручна вучыцца ў сябе ў пакоі, можна падрыхтавацца да заняткаў у пакоі самападрыхтоўкі. Інтэрнат не про­с­та дом, бо не ва ўсіх дома ёсць магчымасць заняцца спортам у трэнажорнай зале, пагуляць у настольны тэніс ці більярд, а ў жы­хароў студэнцкага гарадка гэта маг­чымасць знаходзіцца амаль у суседнім пакоі. Таксама варта ад­з­начыць, што на базе нашых інтэр­­натаў працуюць пральні, цырульні, майстэрні па рамонце абутку, майстэрня па рамонце адзення, кавярня, міні-крамы. А ў інтэрнаце № 3 ёсць нават веласіпедны пакой.

img_5424-kopiya

Міні-крама iнтэрната № 6

– Выдатна! Такія ўмовы, упэўнена, спрыяльныя для самаадукацыі, самаразвіцця...
– І самарэалізацыі. Мы імкнёмся зрабіць знаходжанне студэнтаў у інтэрнаце максімальна прадуктыўным, таму для іх адкрыты спартыўныя секцыі і гурткі. Не знайшлі заняткаў даспадобы? Калі ёсць жаданне адкрыць сваю секцыю, то ў нас заўсёды знойдуцца магчымасці для адкрыцця секцыі ці гуртка па ініцыятыве студэнта! Дарэчы, пра ініцыятыву: хацелася б асабліва вылучыць самых актыўных жыхароў інтэрнатаў. Для такіх ёсць магчымасць стаць сябрам сту­дэн­цкага савета, грамадскай інфар­мацыйнай службы, творчай лабараторыі, спартыўна-турысцкага клуба, студэнцкай службы бяспекі, якія разам аб’ядноўвае каардынацыйны савет Студэнцкага гарадка БДУ. Гэтыя арганізацыі сталі са­праўдным студэнцкім братэрст­вам, якое дапамагае рабіць жыццё ў інтэрнаце значна ярчэйшым. Прычым актывісты паспяваюць не толькі праводзіць мерапрыемствы, прадстаўляць інтарэсы жыхароў  інтэрната ці забяспечваць пара­дак, але і добра вучыцца. Хачу сказаць велізарнае дзякуй нашым   актывістам за іх працу, ініцыятыву   і адданасць справе.

img_5444

У пакоі інтэрната № 6

– Органы самакіравання, педагагічны склад, жыхары – усе адна вялікая і шчаслівая сям’я. Аднак, як пісаў класік, «кожная сям’я нешчаслівая па-свойму». Ці ёсць нейкія складанасці?
– Хутчэй, не складанасці, а пакуль не рэалізаваныя планы. Напрыклад, хацелася б адчыніць   пральню ў інтэрнаце № 3, а знай­-сці спонсара вельмі складана. Плануем таксама замену мэблі ў «капейцы», вокнаў у шостым інтэрнаце, спадзяёмся правесці мадэрнізацыю фасада ў інтэрнаце № 10. На жаль, пакуль няма фінансавых магчымасцяў. Сапраўды, студэнцкі гарадок – сям’я, а разам з сям’ёй любыя складанасці пад сілу.
– І напрыканцы, Вашы пажаданні да 95-годдзя БДУ.
– Юбілей – свята і студэнтаў і выкладчыкаў, усіх тых, хто носіць высокае званне «супрацоўнік БДУ». Таму самае галоўнае пажаданне – мець шмат сіл, якія кожны дзень будуць натхняць нас на ўслаўленне светлага імя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Універсітэту ў цэлым таксама жадаю яшчэ больш светлых розумаў, творчых студэнтаў і таленавітых выпускнікоў!
Гутарыла
Ганна РЫБАЦКАЯ

kopiya-f44esipem9e

З 95-годдзем, БДУ!

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *