Камертон грамадскай думкі

16 Nov, 2016.

kopiya-img_3659

Прафесарскі сход БДУ – уплывовая грамадская арганізацыя ва ўніверсітэце, бо ў яе складзе 319 дактароў навук, што складае амаль палову ўсіх дактароў навук і прафесараў, якія працуюць у навуковых і адукацыйных цэнтрах нашай краіны.

Гэта сапраўды вельмі важная і значная частка калектыву ўніверсітэта, якая валодае ўнікальнымі кампетэнцыямі, высокім прафесійным патэнцыялам і безумоўным маральным аўтарытэтам.
Напярэдадні 95-годдзя альма-матар варта ўзгадаць, што не толь­кі гістарычнае мінулае і сучаснае жыццё БДУ, але ў велізарнай ступені і яго будучыня – вынік самаадданай і высокапрафесійнай працы прафесуры ўніверсітэта.

kopiya-mwxxbtqjoxs

Анатоль Зелянкоў

Уплываць праз аўтарытэт
У 2012 г. наш універсітэт адным з першых сярод ВНУ ініцыяваў стварэнне новага грамадскага аб’яднання, якое складаецца з най­­больш вопытных і аўтарытэтных яго супрацоўнікаў, што маюць ступень доктара навук або вучонае званне прафесара. Асноўнай мэтай дзейнасці прафесарскага сходу БДУ з’яўляецца кансалідацыя ўсяго калектыву ўніверсітэта для паспяховай рэалізацыі найважнейшых праграм яго развіцця, павышэння якасці адукацыі і навуковых даследаванняў.
Кіраўніцтва прафесарскім сходам ажыццяўляе прэзідыум, што выбіраецца на тры гады з ліку членаў арганізацыі, якія не займаюць адміністрацыйныя пасады ў рэктараце ўніверсітэта. Першы склад прэзідыума паспяхова ўзначальваў акадэмік Анатоль Лесніковіч. 12 сакавіка 2015 г. на агульным пасяджэнні прафесарскага сходу быў абраны новы прэзідыум на чале з загадчыкам кафедры філасофіі і метадалогіі навукі прафесарам Анатолем Зелянковым.
Больш за паўтара года мы працуем у новым складзе прэзідыума, у які ўваходзяць дзевяць прафесараў з розных факультэтаў і навукова-даследчых інстытутаў БДУ. У найбліжэйшай перспектыве наш склад папоўніць прадстаўнік ад   калектыву прафесараў МДЭІ імя А. Д. Сахарава.
За дадзены перыяд мы стараліся, зыходзячы з прынцыпу пераемнасці, прытрымлівацца ў нашай дзейнасці тых стратэгічных мэт, якія былі вызначаныя папярэднім складам прэзідыума – гэта: пошук рэзерваў павышэння якасці ўні­версітэцкай адукацыі і недапуш­чэння нават адноснай дэвальвацыі дыплома БДУ; удасканаленне і    аптымізацыя тэхналогій кіравання БДУ і кіраўніцкай структуры ў БДУ; фарміраванне і развіццё сучаснай інфраструктуры навуковых даследаванняў ва ўніверсітэце і захаванне яго навуковага патэнцыялу; сацыяльная абарона прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ і іншыя.

Галосна абмяркоўваць
Мы таксама спрабуем шукаць новыя формы і метады працы, аператыўна рэагаваць на сучасныя выклікі і праблемы. Сярод іх можна адзначыць: беспрэцэдэнтную камерцыялізацыю вышэйшай адукацыі, зніжэнне ўзроўню падрыхтоў­-кі студэнтаў-платнікаў; працяглую  тэн­­дэнцыю бюракратызацыі і празмер­най цэнтралізацыі адукацыйнай сферы; прыкметнае зні­жэнне сацыяльнага статусу і папулярнасці навуковага работніка і выкладчыка вышэйшай школы; ну  і, вядома ж, пастаяннае недафі­нансаванне ўсёй сістэмы вышэйшай адукацыі, а таксама відавочна неадэк­ватную аплату працы яе    работнікаў, недасканалае іх пен­сійнае забеспячэнне.
Зразумела, што пералічаныя   пра­блемы не з’яўляюцца толькі ўні­версітэцкімі, а хутчэй характа­рызуюць усю сістэму вышэйшай адукацыі.
Канешне, прафесарскі сход – гэта не структура выканаўчай улады. У яго няма адпаведных рэсурсаў і кампетэнцый. Гэта свое­асаблівы інстытут грамадзянскай супольнасці ў нашым ўніверсітэце, і яго задача не столькі вырашаць праблемы, колькі публічна і пераканаўча інфармаваць кіраўніцтва ВНУ, і ў першую чаргу яго рэктара, пра найбольш актуальныя пытанні ўніверсітэцкага жыцця і перспектыўныя напрамкі пошуку адказаў, якіх чакае ад кіраўніцтва не толькі прафесарская супольнасць, але і ўвесь універсітэцкі калектыў.
img_3641
Трымаць руку на пульсе
Таму нам было важна, як кажуць, трымаць руку на пульсе і ў рэжыме пастаяннага маніторынгу арга­нізоўваць зносіны з членамі прафесарскага сходу з тым, каб чуць  іх меркаванні, рэагаваць на іх     прапановы. За мінулы перыяд мы пра­вялі сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам шасці фа­куль­тэтаў БДУ (фізічным, механіка-матэматычным, філалагічным, гіс­тарычным, эканамічным і ФПМІ). У бягучым навучальным годзе пла­нуем працягнуць дадзеную працу    і зладзіць сустрэчы з прафесарамі   і кіраўніцтвам геафака, біяфака, ФМА і ФРКТ.
Дарэчы, 3 лістапада 2015 г. па ініцыятыве прафесарскага сходу была арганізавана сустрэча са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ прафесарам Міхаілам Мясніковічам. У сваёй  лекцыі перад больш чым 250 прафесарамі БДУ Міхаіл Уладзіміравіч расказаў пра найбольш складаныя   і актуальныя працэсы развіцця навукова-адукацыйнага комплексу нашай краіны, сістэмна ахарактарызаваў інавацыйную стратэгію Беларусі ў сучасных умовах гла­бальных і рэгіянальных выклікаў, пазначыў перспектывы ўваходжання Беларусі ў розныя інтэграцыйныя праекты і аб’яднанні. У цэлым гэтая сустрэча аказалася вельмі цікавай і, па-мойму, узаемна карыснай. Яна ў чарговы раз пра­дэманстравала ісціну, што сус­трэчы вышэйшага кіраўніцтва краіны з калектывам студэнтаў і прафесараў універсітэта – гэта не толькі даніна заходнім традыцыям, але і цалкам сучасны і перспектыўны трэнд для беларускай палітычнай эліты. Прынамсі, мы такса­ма плануем арганізаваць сустрэчу аднаго з кіраўнікоў нова­абранага парламента Беларусі з  калектывам прафесараў нашага ўні­версітэта.
img_3653
Узаемадзейнічаць з рэктарам
Вядома, што ў арганізацыі падобных сустрэч вялікую дапамогу нам аказвае рэктар універсітэта, дзякуючы свайму аўтарытэту і ўплыву. І наогул, прэзідыум прафесарскага сходу выказвае сваю шчырую па­дзяку рэктарату БДУ і асабліва  рэктару акадэміку Сяргею Абламейку за разуменне і пастаянную падтрымку ўсіх нашых прапаноў. Увесь час мы працуем у рэжыме канструктыўнага дыялогу з Сяргеем Уладзіміравічам, і, як правіла, гэта сапраўды прафесарскі дыялог. Такая атмасфера супрацоўніцтва і прадуктыўнай зваротнай сувязі дазволіла нам выступіць з афіцыйным зваротам да рэктара, у якім мы рэзюмавалі меркаванні прафесарскага сходу БДУ па найбольш актуальных праблемах і магчымых напрамках развіцця ўніверсітэта ў сучасных няпростых умовах.
Гэты наш зварот быў успрыняты рэктарам з поўнай адказнасцю. Ён распарадзіўся пазнаёміць усіх прарэктараў з яго зместам і ў сваім дакладзе на агульным сходзе прафесараў універсітэта 24 сакавіка 2016 г. адказаў на многія пытанні, пастаўленыя ў гэтым звароце, і  пракаментаваў вострыя праблемы.   Больш за тое, выступаючы 29 верасня на пашыраным пасяджэнні Савета БДУ, рэктар паведаміў пра здзейсненую аптымізацыю Галоўнага ўпраўлення навукі ў адказ на адну з нашых настойлівых прапаноў.
img_3637
Рэгулярна дыскутаваць
Яшчэ адным важным напрамкам у дзейнасці прафесарскага сходу БДУ з’яўляецца рэгулярнае правядзенне пасяджэнняў навукова-метадалагічнага семінара «Актуальныя праблемы развіцця навукі, адукацыі, культуры», які распачаўся ў кастрычніку 2013 г. Ля вытокаў гэтай цікавай ініцыятывы стаяў    тагачасны першы прарэктар БДУ Міхаіл Жураўкоў. Дагэтуль з грунтоўнымі дакладамі выступілі прафесары: Пётр Брыгадзін, Васіль Стражаў, Анатоль Зелянкоў, Віктар Гайсёнак, Анатоль Макараў і іншыя.
Такім чынам, прафесарскі сход сапраўды выконвае важныя функцыі, з’яўляючыся своеасаблівым камертонам грамадскай думкі  ўсёй універсітэцкай супольнасці. Ён спрыяе захаванню БДУ вядучага статусу сярод ВНУ нашай краіны і забеспячэнню яму годнага месца ў сусветнай навукова-адукацыйнай прасторы.
Анатоль ЗЕЛЯНКОЎ,
старшыня прэзідыума
Прафесарскага сходу БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: