Студэнты за МІР (+відэа)

22 Nov, 2016.

kopiya-ygrzwa_wnwg

Сабраць разам студэнтаў 13 краін, абмеркаваць пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, лідарства, валанцёрства, наведаць найбуйнейшыя прадпрыемствы Беларусі і проста добра правесці час – усё гэта міжнародны моладзевы форум «М.І.Р.: Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё», які прайшоў у БДУ.

З 24 да 29 кастрычніка актывісты сямі арга­нізацый асамблеі БДУ і больш за 30 замежных гасцей абменьваліся досведам і ідэямі для развіцця студэнцкага патэнцыялу. Праграма форуму была вялікая: сем секцый,   чатыры майстар-класы, наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны і Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, шэсць экскурсій. Паспець усё? Лёгка! Ці не вельмі. Галоўнае, што ўсе засталіся задаволеныя.
Афіцыйнае адкрыццё форуму адбылося 25 кастрычніка. Адразу пасля яго старшыні арганізацый, якія ўваходзяць у асамблею, распавялі гасцям пра сваю працу і планы на «М.І.Р.». Атмасфера ў зале была прыязная, і адразу стала зразумела, што форум абяцае быць годным.
У той жа дзень удзельнікі форуму маглі схадзіць на экскурсію па ўнутраным дворыку БДУ і з’ездзіць у музей ВАВ.

kopiya-uvwmb4vfmeq
Але ўжо 26-га ўсё стала больш сур’ёзным: у гэты дзень праходзілі тыя самыя секцыі, дзеля якіх і арганізоўваўся «М.І.Р.». «Мола­дзевае прадпрымальніцтва», «Валанцёр як прафесія будучыні», «Інтэрнэт як пляцоўка для рэалізацыі моладзевых праектаў», «Удзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам», «Лідарскі патэнцыял студэнтаў», «Развіццё творчай асобы ў адукацыйным працэсе», «Механізмы міжнароднага супрацоўніцтва» – вось ён, той самы вялікі спіс самых актуальных студэнцкіх пытанняў. Кожную секцыю вёў старшыня адной са студэнцкіх арганізацый БДУ. Секцыі праходзілі як у фармаце дакладаў, так і ў   фармаце гутаркі, а некаторыя нават сумяшчалі і тое, і другое. Так што ад удзельнікаў патрабавалася толькі зацікаўленасць тэмай, а як вы яе абмяркуеце – справа іншая.
Невялікі перапынак, і зноў усе штосьці абмяркоўваюць. Але зараз не адзін з адным, а з самымі вядомымі беларускімі дзеячамі    культуры і бізнесу. Вольга Сацюк, Іван Вабішчэвіч (ён жа Дзядзька Ваня), Дзмітрый Губіч і Уладзіслаў Луневіч распавялі пра свой шлях да поспеху і далі каштоўныя парады,   як стаць упэўненымі ў сваіх сілах і дасяг­нуць жаданых мэт.

kopiya-q-0zsmhltb8
Далей болей. У прамым сэнсе гэтага слова. Раніцай 27-га фарумчане выехалі на    завод самых вялікіх машын у свеце – БелАЗ. На заводзе, акрамя наведвання вытворчасці і музея, з’явілася магчымасць залезці на гіганцкі самазвал грузапад‘ёмнасцю 450 тон.  І тут сур’ёзныя студэнты ў касцюмах і сукенках адчулі сябе дзецьмі на пляцоўцы: пачалі бегаць, залазіць у шыны, паднімацца да кабіны, крычаць адтуль тым, хто стаяў унізе. Ну і хай, калі яшчэ ў жыцці ты адчуеш сябе настолькі маленькім у параўнанні з чымсьці?
А адразу пасля БелАЗа ўсіх чакаў завод «Крынiца». Тут, вядома, нікуды не залезеш, але радасці ад гэтага не менш. І падышоў  да канца дзень на BSUNight, дзе і студэнты БДУ, і госці змаглі павіншаваць універсітэт з 95-годдзем.

kopiya-nfehisis7hy
Але якім жа насычаным было 28-е кастрычніка! Экскурсіі ў ПВТ, Wargaming, наведванне Вялікага тэатра оперы і балета, закрыццё форуму і сустрэча з выпускнікамі БДУ. Экскурсіі раніцай даліся ўдзельнікам нялёгка: усё-такі спаць за папярэднія пяць дзён амаль не атрымлівалася. Але ж форум для актыўных, так што недахоп сну быў да­волі прадказальны. І, зрабіўшы невялікія высілкі, усе ўважліва выслухалі лекцыю ў Парку высокіх тэхналогій, прайшліся па будынку кампаніі Wargaming, прыбраныя і прыгожыя дабраліся да тэатра, прагледзелі найлепшыя ўрыўкі з розных опер і балетаў,    а ўвечары ўжо знаёміліся са старшынямі  і актывістамі БДУ розных гадоў.

kopiya-kxoxq7na29y

Падчас экскурсіі ў Wargaming

Форум закрыўся, але мерапрыемствы працягнуліся! У суботу каскадзёрскі клуб «Брама» правёў экскурсію Крэва – Баруны – Гальшаны – шляхецкая сяліба Радзевічы.   Удзел у баях, танцы, сапраўдная старадаўняя бяседа – хто паехаў, той не пашкадаваў.
«М.І.Р.» падарыў усім удзельнікам карыс­ныя міжнародныя знаёмствы, новыя праекты і ідэі, а самае галоўнае – паказаў, што  Пакістан, Індыя, Украіна, Славакія, Грэцыя і яшчэ шмат краін могуць стаць сапраўднымі сябрамі пры дапамозе аднаго кароткага, але вельмі ёмістага слова – БДУ.
Яўгенія КРЫЖАНОЎСКАЯ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *