Замежныя студэнты завіталі ў “Дудуткі”

21 Nov, 2016.

kopiya-tacwbxzwbhe

Кожны сезон выдатны для вандраванняў, хай гэта будзе зіма ці лета, вясна ці восень. У сонечны снежны дзень 12 лістапада студэнты з савета зямляцтваў БДУ, прадстаўнікі розных краін (Туркменістан, Таджыкістан, Казахстан, Нігерыя, Кітай, Расія) сумесна з упраўленнем выхаваўчай працы з моладдзю адправіліся на экскурсію ў музейны комплекс народных рамёстваў і старадаўніх тэхналогій "Дудуткі". Да сяброўскай кампаніі студэнтаў БДУ далучыліся і казахскія студэнты з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, актывісты з туркменскага зямляцтва Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Рухаючыся ўздоўж мільготкіх за акном заснежаных хат, усе разам распачалі дзіўнае вандраванне ў беларускую культуру – яшчэ ў аўтобусе студэнты пазнаёміліся з гісторыяй музейнага комплексу, які ў даўнія часы ўяўляў сабою сядзібу роду Ельскіх і ў наш час не страціў свайго аблічча панскага маёнтка.

Снежныя насцілы віднеліся і на крылах млына, які стаў пачатковым аб'ектам у экскурсійнай праграме. Першае, што прапанавалася зрабіць замежным гасцям, – загадаць жаданне, наступіўшы правай нагой на вялікі камень ва ўваходу млына, пасля чаго старадаўняе збудаванне, як кажа легенда, ветліва ўпусціць унутр і выканае запаветную мару. Аповед экскурсавода пра стогадовую гісторыю інжынернага аб'екта і яго лёс плаўна перацёк да гісторыі гасцявой хаткі побач з млыном. Гэта дом млынара і яго жонкі, дзе яны сустракалі і частавалі важных асоб, якія звярнуліся па памол збожжа. Нам таксама прапанавалі пагрэцца пры цёплай печы і смачныя пачастункі – сала, хлеб, квашаную капусту.

pfowe0y0v6m

Музей пад адкрытым небам – гэта першае, што прыходзіць у галаву, калі бачыш гэтулькі розных хатак і адкрытых пляцовак, дзе кіпіць жыццё, асаблівая сваёй архаічнасцю. У бровары нам распавялі пра традыцыі вінаробства і самагонаварэння ў Беларусі, прапанавалі традыцыйную закуску: мёд, намазаны на хлеб, з салёным агурком. Здавалася, што гэта спалучэнне неспалучальнага, але, на дзіва, па дабаўку пацягнуліся ўсе. Пасля чарга падышла да новай дэгустацыі: цёплы травяны чай і хатнія сыр і масла са свежым хлебам. Мясцовыя ўмельцы сапраўды знаюцца ў пачастунках. Удосталь падмацаваўшыся, стцдэнты былі гатовыя пазнаваць мясцовы побыт.

yxtosjio2e8У майстэрні дрэваапрацоўкі ім распавялі пра прызначэнне шматлікіх прадметаў народнага побыту і паказалі беларускія музычныя прылады. Не менш цікавым стаў удзел некаторых студэнтаў у вытворчасці. У каваля нехта дапамог майстру скаваць падкову. А адна з дзяўчат паспрабавала сябе ў ролі ткачыхі. Ткацкі станок, за якім яна працавала, меў чатыры педалі, якія трэба было хутка па чарзе націскаць і пры гэтым моцна падбіваць рукамі ніткі, не забываючы іх перакатваць то ў адзін бок, то ў іншы. Калі б такое абсталяванне не выйшла з моды, сучасных дзяўчат не папракалі б у дрэнным кіраванні, чатыры педалі і хуткая рэакцыя зрабілі б з іх прыроджаных шумахераў.

У майстэрні саломапляцення ўсіх здзівіла прыгажосць і тонкая праца майстрыхі, якая за секунды стварала навагоднія званкі. З дубчыкаў лёну атрымлівалася і кашуля, і цацка, і ручнік, і сумачка. А хто б мог падумаць, што баршчэўнік выкарыстоўваюць для стварэння музычнай прылады, гук якой не адрозніш ад праліўнога дажджу!

Асабліва ўразіла ўсіх прысутных мастацтва ганчарнай справы. Дзеянні ганчара былі падобныя да казкі: на вачах у гасцей музея бясформавы кавалак глінянай масы трапляў на ганчарны круг і праз лічаныя хвіліны ператвараўся ў гарлач ці талерку, чыгун ці немудрагелістую свістульку ў выглядзе птушачкі. Сапраўды зачаравальнае гледзішча!

У гэты дзень дзеці прагуляліся па выставе рэтрааўтамабіляў, пракаціліся на брычцы, запрэжанай канём, і разгледзелі падрабязней наваколлі музея. Пасля экскурсіі можна было зазірнуць у карчму – мясцовую кавярню – і пакаштаваць знакамітыя беларускія дранікі.

У гэты сонечны дзень кожнаму студэнту ўдалося зрабіць прыгожыя фатаграфіі на памяць і павезці з сабой часцінку беларускай душы. Мясцовая культура стала яшчэ крышачку бліжэйшай і раднейшай для студэнтаў, якія прыехалі вучыцца ў Беларусь з розных куткоў Зямлі.

Дзякуем арганізатарам і музейнаму комплексу "Дудуткі" за магчымасць наведвання такога чароўнага месца.

Аляксандра БЕРГС,

Вольга ІВАНОВА

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *