«Выстаўляць сябе ў камічным свеце – гэта звычайная рэч» (+відэа)

21 Nov, 2016.

_video_videoblogger_bsu_

Пагутарылі з вядомымі беларускімі відэаблогерамі, якія да таго ж з’яўляюцца студэнтамі БДУ, пра іх занятак і тое, навошта яны гэтым займаюцца.

_kisly_pavel_bgu_videoblogger_

Павел Кіслы. Фота: vk.com

Павел Кіслы, магістрант Інстытута журналістыкі

Магістрант Інстытута журналістыкі Павел Кіслы правёў не адно мерапрыемства ў БДУ. З першага курса ён быў амаль нязменным вядучым фестываляў эстрады, капуснікаў і інш. Атрымаўшы ў гэтым годзе дыплом бакалаўра, выпускнік паехаў дадому разбірацца з ваенкаматам, гэта расцягнулася на тры месяцы, і Павел засумаваў па камунікацыі з людзьмі. Калі вярнуўся ў Мінск, стварыў з сябрам на YouTube канал «Дома посмотришь»  з аглядамі масавых забаўляльных мерапрыемстваў.

– Я б не сказаў, што той кантэнт, які мы робім, – у фармаце блога. Проста мы выбралі канал як пляцоўку для нашых рэпартажаў, – не жадае залічваць сябе ў блогеры Павел. – Яны маглі б выходзіць на тэлебачанні, калі б гэты было магчыма. Таму я хутчэй не блогер, а рэпарцёр.

Перад тым, як ехаць на мерапрыемства, павінен быць напісаны сцэнар, дзе ўсё распісана па часе, месцах, патрэбны падрыхтаваныя жарты. Досведу ў апошнім Паўлу бракуе, таму ў напісанні жартаў прыходзіцца прасіць дапамогі ў знаёмых КВЗшнікаў. Павел – вядучы, які працуе больш на імправізацыі. Удасканальвае акцёрскае майстэрства, змагаецца са словамі-паразітамі.

Вельмі дапамагае досвед вядзення мерапрыемстваў у БДУ. Выстаўляць сябе ў нейкім камічным свеце, недарэчным – гэта звычайная рэч для мяне, – прызнаецца Павел. – Калі ёсць камера, я разумею, што трэба рабіць нейкую “забаўлялаўку”, магу падстаўляцца, каб з мяне пасмяяліся.

Нягледзячы на тое, што Паша стварае забаўляльны кантэнт, лічыць, што яму трэба станавіцца больш сур’ёзным, адказным, сабраным. З трох гадзін, адснятых на відэа, у выніку атрымліваецца прыкладна сем хвілін.

– Дзе губляецца наша ўвага, тое прыбіраем, пакідаем толькі тое, што здаецца вельмі смешным. Шмат залежыць ад таго, наколькі людзі будуць даваць класныя адказы, наколькі якасны матэрыял адснялі.

Мэта – зрабіць з канала «Дома посмотришь» паўнавартасны тэлеканал толькі ў інтэрнэце з рубрыкамі, вядучымі, з карыснай інфармацыяй, пазнавальны і цікавы.

_ulia_godunova_bsu_videoblogger_

Юлія Гадунова. Фота vk.com

Юлія Гадунова, студэнтка 4 курса ФМА

Юля ў беларускай благасферы – вядомая асоба. Яе асабісты відэаблог пра рознае: пра тое, як на некаторы час пафарбаваць валасы, або пра спецыяльнасць, на якой навучаецца відэаблогерша (мытная справа). Але нязменна кожны відэаролік на ім набірае вялікую колькасць праглядаў. І не дзіўна, бо адных толькі падпісантаў на канале ў студэнткі больш за 230 тысяч.

Не лічу, што ў кожнага відэаблогера павінна быць менавіта творчая спецыяльнасць, – разважае Юля. – Я не загадваю на будучыню і не ведаю, як і пра што буду здымаць, калі вучоба скончыцца і пачнецца праца, упэўненая, што змагу злучыць сваё захапленне і прафесію. Але здымаць для YouTube я дакладна не перастану!

Юлін відэаблог глядзяць пераважна падлеткі-дзяўчаты, у меншай ступені – модадзь. Большасць гледачоў – з Расіі і Украіны. Сваю папулярнасць у рэальным жыцці Юля адчувае тады, калі яе запрашаюць на мерапрыемствы для відэаблогераў. А таксама тады, калі да яе падыходзяць гледачы, каб сфатаграфавацца, пагутарыць і г. д.

Да негатыўных каментароў у свой бок відэаблогерша імкнецца ставіцца па-філасофску, разважліва:

 – Мне цікава даведацца меркаванне гледачоў. Да негатыву на свой адрас я стаўлюся цяжка, – прызнаецца Юля, – але ўжо прывыкла, што ёсць людзі, якім штосьці не падабаецца. Стараюся рабіць так, каб гэта падымала мне настрой, бо людзі звяртаюць на мяне ўвагу, я выклікаю ў іх эмоцыі, матывую, можна сказаць. Проста яны выказваюць гэта ўсё вось у такой непрыгожай форме. На кожны негатыўны каментар з’яўляецца вельмі шмат пазітыўных. Мае гледачы адказваюць, абараняюць мяне. Гэта дапамагае абстрагавацца.

Юля ўвесь час працуе над сваімі недахопамі: лічыць дыкцыю і слоўнікавы запас сваімі слабымі месцамі. І ў цэлым імкнецца пастаянна паляпшаць якасць сваіх ролікаў, кантэнт канала.

Наталля КУДРАШОВА

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *