Каманда БДУ пераўзышла Гарвардскі ўніверсітэт

8 Dec, 2016.

9639-1-b

Дзве каманды БДУ перамаглі ў V Міжнародным студэнцкім конкурсе па міжнародным гандлёвым праве і камерцыйным арбітражы, які завяршыўся 28 лістапада ў Мінску.

Упершыню за ўсю гісторыю конкурсу была адкрыта англамоўная секцыя. Першае месца сярод англамоўных каманд занялі пяцікурсніцы факультэта міжнародных адносін БДУ Лізавета Трахаліна і Кацярына Шкарбута. У фінальным паядынку беларускія студэнты абышлі зборную юрыдычнай школы Гарвардскага ўніверсітэта (ЗША). Другая каманда ФМА ў складзе студэнтаў 5 курса Аляксея Пірожкіна і Ксеніі Астапенкі ў гэтай секцыі перамагла ў намінацыях «Найлепшы мемарандум істца» і «Найлепшы мемарандум адказчыка».

sm_full-aspxУ рускамоўнай секцыі перамогу атрымалі пяцікурснікі юрыдычнага факультэта БДУ Антон Яраш, Андрэй Лойша, Аляксандр Курцэвіч і Наталля Булко. Акрамя таго, у намінацыі «Найлепшы мемарандум адказчыка» прызнана каманда ФМА БДУ, а ў катэгорыі «Найлепшы мемарандум    істца» – студэнты з Усерасійскай акадэміі знешняга гандлю. «Найлепшым аратарам» стала Марына Куртыкова з Маскоўскага дзяржаўнага юрыдычнага ўні­версітэта імя А. Е. Кутафіна.
Усе ўдзельнікі вырашалі навучальную справу, якую падрыхтавалі эксперты Міжнароднага арбітражнага суда на аснове рэальных сітуацый. Кожная каманда папярэдне падрыхтавала і накіравала сваім апанентам мемарандумы істца і адказ­чы­ка, у якіх выкладала працэсуальную і матэрыяльную прававыя пазіцыі. Судзей­ства слуханняў ажыццяўлялі больш за 70 міжнародных арбітраў.
Пераможцы ўзнагароджаны кубкамі і каштоўнымі прызамі, а таксама атрымалі запрашэнне на стажыроўкі ў найбуйнейшых міжнародных юрыдычных фірмах.
Усяго ў мерапрыемстве ўдзельнічалі 10 англамоўных і 17 рускамоўных каманд з Беларусі, Расіі, Арменіі, ЗША, Украіны, Аўстраліі, Канады, Германіі, Казахстана, Партугаліі і інш.
Гэта папулярнае спаборніцтва накіравана на стымуляванне вывучэння міжнароднага прыватнага права, а таксама на развіццё практычных навыкаў выступленняў у міжнародным камерцыйным арбіт­ражы і яго папулярызацыю як альтэрнатыўнага спосабу вырашэння камерцыйных спрэчак.
Арганізатарамі конкурсу выступілі Расійскі нацыянальны камітэт ICC; юры­дычны факультэт БДУ; Беларускі рэспуб­ліканскі саюз юрыстаў; Міжнародны арбітражны суд пры БелТПП; Міжнародны арбітражны суд ICC (Парыж); Юрспектр; Асацыяцыя міжнароднага права і арбіт­ражу BILA (англамоўная секцыя).
Жанна ВАСАНСКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *