Студэнцкія гульні БДУ сабралі ўсіх інтэлектуалаў Беларусі (+відэа)

21 Feb, 2017.

18-19 лютага на базе ліцэя БДУ прайшоў ІІІ рэспубліканскі фестываль “Студэнцкія гульні БДУ-2017”. Форум сабраў 36 камандаў з розных куточкаў нашай краіны. У яго рамках адбыліся спаборніцтвы па інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?”, “Эрудыт-квартэт”, “Медыя-гульні” і “БДУ-квіз”.

Па традыцыі чэмпіянат “разумнікаў ды разумніц” адкрыўся выступленнем народнай харавой капэлы БДУ пад кіраўніцтвам Вольгі і Аляксандра Мінянковых. Таксама павітаць шматлікіх гасцей прыйшоў начальнік упраўлення па справах культуры БДУ Уладзімір Макарэвіч. Ён пажадаў удзельнікам перамог і выказаў спадзяванне, што ІІІ рэспубліканскі фестываль пакіне ў іх памяці самыя светлыя ўражанні, а таксама прынясе асалоду ад гульні.

Урачыстая частка завяршылася, і наперадзе каманды чакала сур’ёзная барацьба, падчас якой удзельнікі праверылі свае веды не толькі ў навуковай сферы. Яны таксама трапілі ў “лабірынты” свету кіно, прадэманстравалі музычны густ, узгадалі школьную праграму літаратурных твораў і самыя яркія навінкі сучаснасці.

“Медыя-гульні” падзяліліся на дзве часткі, якія аб’яднала цікавая тэма – любімае савецкае кіно. Яго героі засталіся не толькі ў памяці нашых бацькоў. З задавальненнем цытатамі з многіх фільмаў былых часоў карыстаецца і моладзь! Гэта ўдзельнікі маглі падцвердзіць у заданнях першай часткі. Другая – медыя-азбука – хавала назвы вядомых работ савецкага кінематографа. Адшукаць іх дапамагалі карцінкі, звязаныя з назвай фільма, і яе першая літара, якая змянялася ў адпаведнасці з алфавітным парадкам. Так, каманды ўзгадалі “Масква слязам не верыць”, “Сцеражыся аўтамабіля”, “Іван Васільевіч мяняе прафесію”, “Падкідыш”, “Джэнтльмены ўдачы”, “Чарадзеі” і многія іншыя фільмы. 

Разынкай спаборніцтваў стаў “БДУ-квіз”, які поўнасцю праходзіў на беларускай мове. У заданнях яго сямі тураў гарманічна перапляліся самыя розныя тэмы, асобы, падзеі і краіны. Напрыклад, у туры, прысвечаным чаю і каве, каманды павінны былі ўспомніць канфлікт, якія атрымаў у гісторыі назву “Бостанскае чаяванне”. У заданні, дзе ўдзельнікі бачылі толькі фрагменты пэўнай выявы, патрэбна было пазнаць герб Смалявічаў, эмблему нацыянальнага аэрапорта і яшчэ шмат чаго іншага. У адным з тураў каманды слухалі музыку! Госці называлі выканаўца кампазіцыі, фільм, у якім яна гучала, і нават яе колер. Некаторыя заданні “БДУ-квіза” вярнулі гасцей на некалькі гадоў таму і нагадалі ім, з якім задавальненнем яны падбіралі ключыкі да рэбусаў і якія творы беларускіх аўтараў чыталі ў школе. З дапамогай толькі некалькіх літар з назвы і суправаджальнай выявы-падказкі каманды здагадаліся, што перад імі “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна, “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, “Слуцкія ткачыхі” Максіма Багдановіча, “След ваўкалака” Леаніда Дайнекі, “Магіла льва” Янкі Купалы.

У перапынку паміж гульнямі сваімі ўражаннямі падзялілася каманда з цікавым названнем “Мірзалізадэ” (Мінск). Маладыя людзі заўважылі, што фестываль праходзіць на высокім узроўні і пакуль яны задаволены сваім выступам у “БДУ-квізе” і “Медыя-гульнях”, але самае цяжкае яшчэ наперадзе. Няпростай задачай першага дня чэмпіянату для разумнікаў стаў “Эрудыт-квартэт”, які меў некалькі этапаў. Назва гаворыць пра тое, што ў ім маюць права ўдзельнічаць чатыры чалавекі з каманды. Гэтае спаборніцтва нагадвала папулярную тэлевізійную віктарыну “Свая гульня”. Былі на форуме і “чароўныя” кнопкі: хто першы націскаў, той і адказваў.

Пра тое, як некалі нясмелая задумала ажыццявілася і ператварылася ў маштабны рэспубліканскі фестываль эрудытаў, расказаў магістрант БДУ, кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў універсітэта, а таксама адзін з арганізатараў чэмпіянату Дзмітрый Штукацер:

– Усё пачалося яшчэ ў 2012 годзе. Спачатку гэта былі невялікія лакальныя спаборніцтвы, якія ладзіліся на базе студэнцкага інтэрната. Потым разам з сябрам падалі заяўку на “Найлепшы моладзевы праект” – так з’явілася Адкрытая інтэлектуальная ліга БДУ. Яна праводзіцца раз у месяц і аб’ядноўвае студэнтаў амаль з усіх факультэтаў нашага ўніверсітэта. Мы вырашылі не спыняцца на дасягнутым, а пашырыць маштаб спаборніцтваў, каб збіраць разам аматараў інтэлектуальных гульняў з усёй краіны. Гэта атрымалася! На такім узроўні ўжо праводзіцца трэці фестываль. Да нас прыехалі прадстаўнікі з абласных цэнтраў, а таксама з Ліды, Пінска. У гэтым годзе атрымалі падтрымку з боку Беларускай лігі інтэлектуальных камандаў. Наш турнір па “Што? Дзе? Калі?”, які пройдзе заўтра, дасць магчымасць пяці найлепшым камандам у маі паўдзельнічаць на студэнцкім чэмпіянаце рэспублікі.

Так, другі дзень фестывалю пачаўся з самай вядомай гульні эрудытаў “Што? Дзе? Калі?”. Яна выступала самым сур’ёзным выпрабаваннем форуму і адкрывала добрыя перспектывы для сваіх пераможцаў. Гульня складалася з пяці тураў, кожны з якіх меў дванаццаць пытанняў. Таксама ў другі дзень прайшоў фінал “Эрудыт-квартэта”, а для найлепшых з лепшых – спаборніцтва за галоўны кубак фестывалю ў фармаце брэйн-рынгу. Для пераможцаў былі падрыхтаваны медалі, дыпломы, кнігі айчынных і замежных аўтараў, прызы ад спонсараў, а таксама, як адзначаў арганізатар Дзмітрый Штукацер, ім давалася права на ўдзел у студэнцкім чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па “Што? Дзе? Калі?”.

Пакуль ішла напружаная барацьба за тытул пераможца фестывалю паміж галоўнымі фаварытамі, сваімі думкамі пра інтэлектуальную сустрэчу падзялілася капітан каманды “Мамс спагеці” (Мінск) Аляксандра Чыкалкіна:

– У гэты раз нам неяк не пашанцавала. Шчыра, сваім вынікам не вельмі задаволеныя. У “Што? Дзе? Калі?” занялі трынаццатае месца. Цікава, што некаторыя блокі пытанняў былі даволі цяжкія, а пасля – простыя. Часам, калі лёгка знаходзілі адказ на пытанне, шукалі ў гэтым нейкі падвох, таму не былі да канца ўпэўненыя і рабілі памылкі.

Былі і такія, каму да перамогі не хапіла ўсяго некалькі крокаў. Пра вынікі каманды “Black jack” (Мінск) расказаў яе капітан Іван Зайкоў:

– Мы радыя, што ва ўсіх чатырох спаборніцтвах у межах фестывалю ўвайшлі ў дзясятку найлепшых. У “Медыя-гульнях” занялі другое месца. Вельмі хацелася трапіць у брэйн-рынг, але сёння для гэтага нам крыху чагосьці не хапіла. Спадзяемся, што галоўны поспех яшчэ наперадзе, бо плануем і далей прымаць удзел у гэтым цудоўным форуме.

Нарэшце брэйн-рынг завяршыўся і сталі вядомыя імёны пераможцаў ІІІ рэспубліканскага фестывалю “Студэнцкія гульні БДУ–2017”. Гэты тытул з 2015 года сябе зноў вярнула каманда “Корпрусариум deluxe” (Мінск). Сакрэты поспеху і галоўных супернікаў назваў яе прадстаўнік і студэнт філалагічнага факультэта БДУ Мікіта Шавела:

– У склад гэтай каманды я ўвайшоў у гэтым годзе, таму мне ўдвая прыемна адчуць усю радасць перамогі. Нам было няпроста – вельмі годныя супернікі. Напрыклад, склала моцную канкурэнцыю каманда “Вельмі змянілася за лета”. У мінулы годзе яна стала пераможцай, а ў гэты раз выйграла амаль усе спаборніцтвы ў межах фестывалю, акрамя “Медыя-гульняў”. Шанец заваяваць галоўны кубак мы атрымалі менавіта ў брэйн-рынгу. Мне падаецца, дапамагла не толькі падрыхтоўка, але і простая ўдача.

Лаўрэаты студэнцкіх гульняў БДУ-2017. Каманда “Корпрусариум deluxe” з кубкам у руках капітана

Каманда “Вельмі змянілася за лета” (Мінск) запомнілася не толькі добрым выступленнем на інтэлектуальных гульнях, але і сваёй яркай “уніформай”. Майка жоўтага колеру з выявай выдатніцы Герміёны Грэнджэр, якую ў вядомай гісторыі пра Гары Потэра сыграла актрыса Эма Уотсан. Гэта з’яўляецца не толькі візітнай карткай каманды, але і дапамагае падчас гульні. Акрамя гэтых дзвюх камандаў, у шчаслівую пяцёрку, якая адправіцца прадстаўляць свой універсітэт на студэнцкім рэспубліканскім чэмпіянаце па “Што? Дзе? Калі?”, увайшлі “На світанні” (Мінск), “Бледнасць Леніна” (Мінск) і “Never Too Late” (Віцебск). Верым, што вашымі выступленнямі будзе ганарыцца сама Герміёна!

Дар’я НІКАНЧУК

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: