У здаровым целе бадзёры дух! Супрацоўнікі БДУ выпрабавалі сябе ў спартакіядзе

9 Feb, 2017, усяго праглядаў: 218.

Многія супрацоўнікі нашага ўніверсітэта з нецярпеннем чакаюць канца студзеня, калі яны могуць з эмацыйным уздымам і сапраўднай спартыўным імпэтам, ды яшчэ ў добрай хвацкай кампаніі паўдзельнічаць у традыцыйнай спартакіядзе "Здароўе" на базе гасціннага САК "Брыганціна".

 27 студзеня пасля працоўнай фазы пятніцы ўсіх аматараў актыўнага адпачынку чакаў камфартабельны аўтобус, каб з максімальнымі выгодамі даставіць іх да месца прызначэння. Супрацоўнікі з задавальненнем скарысталіся прадстаўленым прафсаюзным камітэтам  транспартам, бо апроч вялікага багажу (на ўсе выпадкі жыцця) захапілі з сабой кучу спартыўнага інвентару, у тым ліку і габарытнага (ну як зімою ды без лыжаў).

Удзельнікі спартакіяды ў цудоўным зімовым настроі

Капітаны камандаў удакладнілі наяўнасць сваіх асноўных спартсменаў, атрымалі адмашку намесніка старшыні прафкама Аляксандра Нікіценкі і далі старт насычанай праграме, разлічанай на два дні. Адразу пасля размяшчэння ў добра абагрэтых памяшканнях удзельнікаў спартакіяды чакала смачная вячэра і культурная праграма. Некаторыя энтузіясты прысвяцілі вольны вечар старанным трэніроўкам. Бо рэдка каму атрымліваецца выкраіць на гэта час у чарадзе працоўных будняў хоць пару разоў на год.  

Руслан Папок, Васіль Амялюсік і рэктар БДУ Сяргей Абламейка з аптымізмам адкрылі спартакіяду

На наступны дзень на чароўна заснежаным стадыёне пад мяккі марозік адбылося афіцыйнае адкрыццё спартакіяды. Удзельнікам спаборніцтваў далі наказ на спартыўныя здзяйсненні рэктар БДУ Сяргей Абламейка і галоўны суддзя Васіль Амялюсік ад кафедры фізвыхавання і спорту. Падтрымаць сваіх актыўных калегаў, а заадно і праверыць сябе ў "баявых абставінах" прыбылі прарэктары і дэканы факультэтаў. Асабісты прыкладам натхнялі наш рэктар уласнай персонай, амаль усе яго намеснікі, дэканы філфака, геафака, ФРКТ і ФФСН, а таксама начальнікі галоўных упраўленняў.

Сёлета актывісты здаровага ладу жыцця традыцыйна выступалі ў шасці відах спорту: більярд, валейбол, настольны тэніс, лыжныя гонкі, плаванне і шахматы. 

Міхаіл Жураўкоў перадае эстафету Валерыю Радкевічу

Першым стартам стала лыжная эстафета, у якой удзельнічала па чатыры чалавекі ад кожнай з трох каманд. Як заведзена, гонка была няпростая, але да перамогі ўпэўнена прыехала зборная факультэтаў у складзе Міхаіла Жураўкова, Вольгі Чупрыс, Святланы Наганавай і Валерыя Радкевіча. За імі фінішавала каманда рэктарата, якая троху апярэдзіла ГУН.

Валерый Курсаў даказаў свой клас у шахматах

У шахматах даказалі свой клас намеснік дэкана ММФ Уладзімір Курсаў і дэкан геафака Мікалай Клебановіч, нягледзячы на тое, што ім супрацьстаялі рэктар Сяргей Абламейка і прарэктар Васіль Сафонаў.

Мікалай Сурмач забівае шар з выгаднай пазіцыі

Унікальная сітуацыя склалася ў більярдзе, у якім каманды паказалі абсалютна сіметрычныя вынікі і для выяўлення пераможцаў прыйшлося цягнуць жэрабя! У выніку такімі "шчасліўчыкамі" апынуліся Валерый Радкевіч (ВФ) і Юрый Шаўцоў (юрфак) са зборнай факультэтаў. Мікалаю Сурмачу і Дзмітрыю Мікулку ад каманды рэктарата "выпала" другое месца, а Руслану Папку і Віталю Кутавічусу (ГУН) дасталася трэцяе.

Андрэй Зубараў дэманструе сваё майстэрства Дзмітрыю Ушакову

 Затое ў настольным тэнісе сенсацыйную перамогу атрымала каманда ГУН, якую прадстаўлялі намеснік дырэктара ІБМТ Андрэем Зубаравым і рэдактарам газеты БДУ і па сумяшчальніцтве летапісцам дадзенай падзеі Сяргеем Шафаловічам, якая зрынула шматгадовых фаварытаў са зборнай факультэтаў – дэкана філфака Івана Ровду і Дзмітрыя Ушакова (ФРКТ).

 Аднак каманда факультэтаў даказала сваю сілу ў валейболе і плаванні і першынствавала ў агульным заліку спартакіяды. Другой стала зборная "Рэктарат, галоўныя ўпраўленні, упраўленні" і трэцяй – "ГУН, НДУ, цэнтры і іншыя падраздзяленні".

 Цікавым новаўвядзеннем сёлета стаў пазаконкурсны турнір па дартсе, у якім з вялікім імпэтам прынялі ўдзел каля 40 чалавек. Спаборніцтвы праходзілі па сістэме "Вялікі раўнд", пры якой кожны ўдзельнік кідае па тры дроцікі ў 20 сектараў, а таксама ў цэнтр – "вока быка". Найлепшымі снайперамі сярод жанчын сталі Алена Коўшар з ФМА, Лілія Бярэйшык з гістфака і начальнік ГУБУФ Таццяна Каўшэвіч. У мужчын трапнымі стралкамі выявілі сябе Дзмітрый Ушакоў, Павел Балточка з ФМА і Сяргей Снегіроў (КФВС).

Па словах галоўнага суддзі Васіля Амялюсіка, у наступным годзе спаборніцтва троху зменіць свой фармат з прыярытэтам на масавасць і будзе праводзіцца пад дэвізам: "Не вынік – а рух!". 

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка (злева) і старшыня прафкама Ігар Вярэнчыкаў (зправа) узнагародзілі капітанаў каманд: Уладзіміра Панарадава (факультэты), Алега Янкоўскага (ГУН), Сяргея Ходзіна (рэктарат)

Усяго ў спартакіядзе адміністрацыйна-кіраўнічага персаналу БДУ прынялі ўдзел каля 120 супрацоўнікаў. Арганізатарамі выступілі Пярвічная прафсаюзная арганізацыя працаўнікоў БДУ і кафедра фізічнага выхавання і спорту.

За падзеяй сачыў
Сяргей ШАФАЛОВІЧ

Фота Аляксандра Снапка

Яшчэ больш фота тут

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *