Увесь свет у адным выданні: «Геаграфічны атлас настаўніка» атрымаў узнагароду

2 Mar, 2017, усяго праглядаў: 155.

Пётр Лопух, географический атлас учителя, БГУ

Пётр Лопух, загадчык кафедры землязнаўства і гідраметэаралогіі, намеснік галоўнага рэдактара атласа

«Геаграфічны атлас настаўніка» ў РУП «Белкартаграфія» надрукавалі восенню мінулага года. А нядаўна на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі–2017» ён атрымаў галоўны прыз – «Залаты фаліянт» як найлепшае выданне ў намінацыі «Падручнік новага стагоддзя». Непасрэдны ўдзел у яго стварэнні прынялі супрацоўнікі геаграфічнага факультэта БДУ. Атлас адначасова цікавы для вучняў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў і ў цэлым усіх, хто цікавіцца геаграфіяй, картаграфіяй, эканомікай, дэмаграфіяй.

Падрыхтоўка гэтага грунтоўнага вучэбна-метадычнага комплексу доўжылася пяць гадоў. У распрацоўцы прынялі ўдзел каля двухсот чалавек: усе кафедры геаграфічнага факультэта БДУ, Інстытут глебазнаўства і прыродахіміі, Інстытут прыродакарыстання пры НАН Беларусі. Падрыхтоўка «Геаграфічнага атласа настаўніка»  і яго выданне фінансавала Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

– Атлас разлічаны на настаўнікаў, яго змест арыентаваны на школьную праграму ў першую чаргу, – зазначае загадчык кафедры землязнаўства і гідраметэаралогіі, намеснік галоўнага рэдактара атласа Пётр Лопух. – Ён змяшчае навуковую інфармацыю пра Зямлю, фізіка-геаграфічныя, палітычныя і сацыяльна-эканамічныя асаблівасці свету ў цэлым, асобных краін і рэгіёнаў. Картаў з рознымі ўстаўкамі і дыяграмамі ў атласе каля 700. Шмат даведачнага матэрыялу. Самае галоўнае – трэцюю частку яго аб’ёму складаюць карты Беларусі.

Пётр Лопух, географический атлас учителя, БГУФундаментальны дапаможнік, разлічаны на выкарыстанне ў найбліжэйшыя паўтара–два дзясяткі гадоў. Апошні грунтоўны атлас Беларусі такога кшталту выдаваўся ў 1954 годзе, у адрозненне ад звычайных школьных, якія выдаюцца кожныя пяць гадоў. Яны ж выкарыстоўваліся і пры навучанні ва ўніверсітэтах. У Савецкім Саюзе атласы, прызначаныя для навучальнага працэсу, называліся проста – «Геаграфічны атлас» (атлас настаўніка). Апошнія такія выданні былі надрукаваны ў 80-я гады 20 ст. Агляднымі насценнымі картамі наогул выкладчыкі і студэнты карысталіся тымі, якія былі выдадзеныя ў 60-70-я гады, яны занадта састарэлі, распавёў Пётр Сцяпанавіч. А картаў для ВНУ ўніверсітэт увогуле не атрымліваў. У апошнія гады факультэт рыхтуе насценныя карты і для ВНУ.

У новым атласе змешчана шмат пытанняў, новых для Беларусі, адказы на якія нідзе не знайсці: ахова прыроды, праблемы насельніцтва, прыродна-рэсурсавы патэнцыял Беларусі.

– Па геаграфіі Беларусі навізна ў чым? Эканамічна фізіка-геаграфічныя карты, або прыродазнаўчыя, мала змяняюцца (нейкія паказчыкі клімату могуць мяняцца), а эканамічныя паказчыкі кожны год новыя. Статыстыка насельніцтва мяняецца, – адзначыў доктар геаграфічных навук. – Да ўсяго гэтага існуюць стандарты. Эканамічныя карты атласа па Беларусі даюцца па відах эканамічнай дзейнасці – гэта таксама навізна, якой няма ў падобных выданнях нідзе ў СНД. Яшчэ адна навізна: усе дадзеныя прыводзяцца за 2013–2014 гады, таму што Нацыянальны атлас быў выдадзены ў 2002 годзе, натуральна, што там дадзеныя да 2000 года. Хоць некаторыя фізіка-геаграфічныя карты з яго і былі запазычаныя.

Выданне мае два грыфы. У першую чаргу атлас быў разлічаны на настаўнікаў для падрыхтоўкі да ўрокаў па геаграфіі, алімпіяд рознага ўзроўню. Атрымалі таксама грыф вучэбна-метадычнага аб’яднання для ВНУ, якія рыхтуюць географаў.

Так, напярэдадні новага года школы і бібліятэкі атрымалі 3332 асобнікі. Нядаўна выпусцілі яшчэ і камерцыйны тыраж у 500 асобнікаў, які паступіць у продаж. На геаграфічны факультэт замовілі 20 асобнікаў, студэнты і выкладчыкі чакаюць.

Пётр Сцяпанавіч не дазваляе выданню пыліцца на паліцы. Нядаўна прафесар даслаў атлас на конкурс у Рускае геаграфічнае таварыства як навучальны дапаможнік з боку Беларускага геаграфічнага таварыства, каб яго і там ацанілі па заслугах.

Наталля КУДРАШОВА

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *