З гісторыі газеты БДУ. Уладзімір Мехаў ля вытокаў універсітэцкай шматтыражкі

16 Mar, 2017, усяго праглядаў: 76.

Уладзімір Мехаў у рэдакцыі шматтыражкі. Зправа - Яфім Капелян і рэдактар Аляксандр Філімонаў

Газета вядзе летапіс дзён і захоўвае ў сабе гісторыю для будучых пакаленняў. "Універсітэт" не выключэнне. Аднак, здараецца, архівы знікаюць, забіраючы з сабой факты пра падзеі мінулых гадоў. І тады адзіны захавальнік гісторыі – чалавечая памяць. Успомніць пра час, калі пачынала выходзіць наша газета, студэнтаў і тых, хто яе рабіў, мы папрасілі Уладзіміра Мехава, які ў прафесійным жыцці займаўся тым, што вяртаў напаўзабытыя імёны ў кантэкст сучаснасці. Гэты журналіст і пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі як сцэнарыст дакументальных фільмаў, падчас вучобы на аддзяленні журналістыкі філфака БДУ працаваў адказным сакратаром універсітэцкай шматтыражкі.

Яны стаялі ля вытокаў

Выхад сваёй газеты пасля вайны ўніверсітэт аднавіў у 1947 годзе. Тады яна насіла адпаведную часу назва "За сталінскія кадры". Першым паваенным рэдактарам шматтыражкі быў вядомы гісторык Лаўрын Абецэдарскі. Аднак ужо праз год склад рэдакцыі змяніўся: галоўным рэдактарам, яшчэ студэнтам, стаў Герой Савецкага Саюза Аляксандр Філімонаў, а адказным сакратаром Уладзімір Мехаў.

- Я з 17 гадоў працаваў карэспандэнтам у рэдакцыі "Літаратура і мастацтва", – распавядае Уладзімір Львовіч. – Ва ўніверсітэт паступіў у 1945, але паколькі ў мяне ўжо быў досвед працы, у 1948 годзе запрасілі працаваць адказным сакратаром у шматтыражку.

Паспеў папрацаваць Уладзімір Львовіч і з трэцім рэдактарам газеты Юрыем Васільевым, які затым стаў дэканам філалагічнага факультэта БДУ.

Пра студэнтаў

"За сталінскія кадры" публікавала рэпартажы з камсамольскіх сходаў, замалёўкі з іспытаў. Шмат матэрыялаў прысвячалася найлепшым студэнтам і выкладчыкам. Газета як сёння, так і дзясяткі гадоў назад пісала пра студэнтаў і для іх.

- Такіх як я, сямнаццаці-васямнаццацігадовых, сярод студэнтаў было не шмат, – распавядае Уладзімір Львовіч. – Галоўным чынам вучыліся былыя франтавікі, партызаны. Гэта быў складаны паваенны час, многія нават хадзілі на пратэзах. 

Аднак інтарэсы, праблемы, студэнцкае жыццё не моцна адрозніваліся ад сённяшніх. Гэта і не дзіўна, бо нават клопаты ў студэнтаў у канцы 40-х гадоў былі такія ж, як і ў цяперашняга пакалення. Уладзімір Львовіч успамінае, як падчас яго вучобы стаяла пытанне з размеркаваннем маладых спецыялістаў:

- Тады бракавала газетчыкаў, і ўсіх выпускнікоў-членаў партыі пасылалі, як правіла, рэдактарамі раённых газет. У наша студэнцтва размеркаваннем займаўся, у прыватнасці, такі інструктар ЦК партыі Пучынскі. Дык вось сярод студэнтаў хадзіла прыпеўка: "Паважаны Пучынскі паступіў са мной па-свінску, не пакінуў мяне ў Мінску, а адправіў у глухмень".

У той час у студэнтаў не было ні камп'ютараў, ні тэлевізараў. Сёння, вядома, шмат чаго памянялася, віной усяму тэхнічны прагрэс. Уладзімір Львовіч, як любы сучасны чалавек, карыстаецца яго пладамі – у пакоі замест піяніна стаіць камп'ютар – аднак са шкадаваннем адзначае:

- Мы тады вельмі шмат чыталі. Знайсці месца ў Ленінскай бібліятэцы было складана. А цяпер залы ў Нацыянальнай бібліятэцы паўпустыя, чытаць моладзь стала менш.

Спадарыня Цэнзура

Газета ў той час была невялікая – усяго дзве палосы. Аднак, каб дайсці да свайго чытача, яна рабіла нялёгкі шлях. Бо тады ў журналістаў не было дыктафонаў, таму даводзілася асвойваць стэнаграфію. Ды і падрыхтаваць і звярстаць матэрыялы было яшчэ недастаткова. Каб пайсці ў друк, газета павінна была прайсці цвёрдую цэнзуру.

- У шматтыражку пісаў вершы Навум Кіслік. І неяк здарылася такая гісторыя, – распавядае Уладзімір Львовіч. – Я ўжо не памятаю гэтага верша, але там быў радок: "А дзесьці паравозныя гудкі трывожаць, заклікаюць". Цэнзар чытае і пытае: "Чаму паравозныя гудкі трывожаць? Не буду падпісваць!". Прыбіраць верш з паласы не хацелі – прыйшлося б перавёрстваць. Адзінае выйсце – замяніць непажаданае цэнзару слова. Так і працавалі.

Цяжкасці друку

Сёння газета выходзіць у колеры на якаснай паперы. А ў канцы 40-х даводзілася здавольвацца тым, што ёсць. У рэдакцыі была хоць і бедная, але свая друкарня, аднак друкавалі на паперы дрэннай якасці, ад чаго часам здараліся кур'ёзы:

- У адным з нумароў у нас на першай паласе быў партрэт Леніна, а на другой – матэрыял пра баскетбол і фатаграфія да яго "Студэнт кідае мяч у кольца". Аддрукавалі асобнік, потым я гляджу газетны ліст на святло, і мне становіцца страшна. Атрымлівалася, што мяч "б'е" Леніна па галаве. Затрымаў друк газеты і хутчэй перавярсталі палосы, каб фатаграфіі не перасякаліся, – з усмешкай успамінае Уладзімір Львовіч.

Журфак – кузня талентаў

У Карэла Чапека, чэшскага пісьменніка, ёсць эсэ, адна з частак якога завецца "Як робіцца газета". Там ёсць такая думка: "Праўда, існуе інстытут журналістыкі, але я яшчэ не сустракаў журналіста, які выйшаў бы адтуль. Затое я высветліў, што кожны журналіст калісьці быў медыкам, інжынерам, юрыстам, літаратарам, супрацоўнікам гандлёвай палаты ці яшчэ кім-небудзь…". Так бы мовіць, па асноўнай прафесіі не ўладкаваўся – пайшоў у газету працаваць.

Уладзімір Мехаў (Нехамкін)

Уладзімір Львовіч з такой чапекаўскай пазіцыяй не згодзен. І ўспамінае сваіх аднакурснікаў і таварышаў па ўніверсітэце, якія сталі вялікімі людзьмі. Вучыліся, пісалі ў газету і, напэўна, не падазравалі, якая будучыню іх чакае, Аляксандр Зінін і Уладзімір Матвееў. Першы з часам зойме пост галоўнага рэдактара "Савецкай Беларусі", другі стане старшынёй Дзяржкіно БССР.

- Са мной вучыўся Юрый Міхневіч, які быў міністрам культуры БССР. Я ўжо не кажу пра тое, што тагачасныя студэнты Ніна Сніцарава, Ефрасіння Бондарава, Міхаіл Цікоцкі сталі паважанымі выкладчыкамі факультэта журналістыкі, нават у тых, хто не паспеў у іх павучыцца.

Уладзімір Львовіч успамінае, што ў суседняй аўдыторыі з журфакаўцамі вучыліся студэнты філалагічнага факультэта, многія з якіх таксама сталі выбітнымі асобамі – пісьменнік Алесь Адамовіч, паэт Навум Кіслік, філосаф Мікалай Крукоўскі.

Успамінаючы сваіх цяпер вядомых аднакурснікаў, Уладзімір Мехаў сціпла практычна не кажа пра сябе. Хоць ён бліскучы журналіст, які заняў сваю нішу – гісторыя краіны ў гісторыях яе асоб. Разам з журналісцкім рамяством асвоіў і пісьменніцкае: аўтар 14 кніг, дзвюх п'ес, якія былі пастаўлены ў ТЮГу, і 35 сцэнарыяфў, якія перайшлі ў дакументальныя фільмы.

Валерыя БАНДАРЧЫК

Даведка

 Газета БДУ “Універсітэт”– адно з найстарэйшых перыядычных выданняў Беларусі. Яна выходзіць з 1929 года пад рознымі назвамі:

“Ленінскім шляхам” з лістапада 1929г. па кастрычнік 1931г.

“За пралетарскія кадры” з кастрычніка 1931г. па красавік 1935г.

“За ленінскія кадры” з мая 1935г. па кастрычнік 1947г.

“За сталінскія кадры” з кастрычніка 1947г. па чэрвень 1955г.

“Беларускі ўніверсітэт” з 1955г. па 2006г.

“Універсітэт” з 2006г.

У аддзеле рэдкай кнігі ФБ БДУ знаходзіцца самы ранейшы нумар за 1954г.

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *