Дарога да вялікай мары. У БДУ прайшоў гала-канцэрт фіналістаў фестывалю эстрады

3 мая, 2017.

 

Урачыстае ўганараванне пераможцаў Фестывалю эстрады БДУ–2017 адбылося 20 красавіка ў актавай зале ліцэя. Творчыя нумары ўдзельнікі прэзентавалі ў чатырох намінацыях – “Песня”, “Танец”, “Размоўны жанр” і “Свабодны жанр”. Больш за 20 выступоўцаў здзівілі журы сваімі здольнасцямі і ўменнямі, а арганізатары падаравалі гледачам грандыёзнае шоу!

За пуцёўку ў фінал змагаліся каля 200 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў амаль усіх факультэтаў БДУ. Адборачны тур пачаўся ў канцы лютага і праходзіў у два этапы. На вясновы гала-канцэрт было заяўлена 21 выступленне, а таксама ўдзельнікамі фіналу сталі самі вядучыя, паміж парамі якіх размеркаваліся месцы пераможцаў намінацыі “Размоўны жанр”. Так, знаёмілі гледачоў з выступоўцамі і радавалі гумарыстычнымі міні-сцэнкамі Канстанцін Баяндзін і Аляксандра Ягунёва (Інстытут журналістыкі), Вольга Пірог і Марта Кудзіна (Інстытут журналістыкі), Хрысціна Кечко і Ягор Багдашоў (ДІКСТ, біяфак). 

Вядучая Марта Кудзіна ў міні-сцэнцы

У гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі для канкурсантаў некалькі цікавых новаўвядзенняў. Напрыклад, калегія журы падзялялася на чатыры групы, што дазволіла зрабіць працэс ацэньвання больш аб'ектыўным. Яе склалі кіраўніцтва ўніверсітэта, прадстаўнікі СМІ, партнёры фестывалю, а таксама зоркі беларускай эстрады, у шэрагу якіх налічваліся былыя ўдзельнікі гэтага творчага спаборніцтва. Гэта пацвярджае, што фестываль эстрады можа стаць дарогай, якая дапаможа прыйсці да вялікай мары. Яшчэ ўпершыню паўплываць на лёс свайго фаварыта маглі гледачы: 5 хвілін было адведзена для інтэрактыўнага галасавання. Пры дапамозе сярэдняга арыфметычнага балаў журы і гасцей мерапрыемства вызначыліся пераможцы ў кожнай намінацыі.

Найбольшая колькасць канкурсантаў абрала для ўдзелу “Песню”. Некаторыя з іх прадэманстравалі не толькі добры вакал, але і валоданне музычнымі інструментамі. Розныя стылі і мовы нумароў гарманічна злучыліся на сцэне ў прыгожую насычаную праграму. Прадстаўнік эканамфака Уладзіслаў Музычэнка падараваў уласную песню пра маму, акампануючы сабе на гітары. Таксама для выступлення гітару абраў студэнт механіка-матэматычнага факультэта Максім Гаўрыс і выканаў кампазіцыю на англійскай мове. Да творчасці замежных выканаўцаў звярнуліся таксама Аляксандра Паўлоўская (ІБМТ), Паліна Калафаці (МДЭІ імя Сахарава), Артур Сітко (хімфак), Юліяна Садоўская (ММФ). Студэнтка гістфака Вікторыя Міклуш з песняй You'll Never Be Alone настроіла прысутных на лірычную хвалю, прымусіла прыслухацца да свайго сэрца. Выкананне дзяўчат з трыа “Сияние” (ФФСН), наадварот, запрашала прысутных падтанцоўваць: яны абралі знакамітую I Will Survive, якую спявала Gloria Gaynor. Ганна Селех (ІБМТ) і Дар’я Крупская (біяфак) у гэтай намінацыі выканалі кампазіцыі на беларускай мове.

Пераможца ў намінацыі "Песня" госця з Казахстана Набіра Ракымжан

На роднай мове спявала і Набіра Ракымжан. Дзяўчына прыехала на гістарычны факультэт БДУ па праграме абмену студэнтаў з Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва, які знаходзіцца ў Казахстане. Вядучыя заўважылі, што сваімі вакальнымі дадзенымі яна здзівіла адразу ў першым этапе адборачнага туру. Студэнткі Таццяна Рамашкевіч (Інстытут журналістыкі) і Настасся Аляксандроўская (ФМА) у сваіх выступленнях сталі часткай цікавых творчых дуэтаў. Таццяне акампанавала на клавішным інструменце Дзіяна Басалаева, а выкананне Настассі суправаджала мастачка Джамала, пясочныя карціны якой з’яўляліся і знікалі перад гледачамі на экране ў рэальным часе.

Выступленне Таццяны Рамашкевіч

Максім Гаўрыс з мехмата заваяваў трэцяе месца ў намінацыі “Песня”. Будучыя журналісткі Таццяна Рамашкевіч і Дзіяна Басалаева сталі другімі. Пераможцай у гэтай намінацыі была названа госця з Казахстана Набіра Ракымжан. Уся тройка лідараў атрымала падарункі ад партнёраў фестывалю, а ў Набіры з’явілася магчымасць запісаць сваю песню ў прадзюсарскім цэнтры спевака Alenа Hitа – такі прыемны сюпрыз для пераможцы з’явіўся ў гэтым годзе. Артыст стаў сведкам трыумфу замежнай госці, бо ўваходзіў у склад калегіі журы разам з групай зорак беларускай эстрады. Дарэчы, гэтая група не толькі ацэньвала, але і парадавала майстар-класам. Alen Hit, Уладзіслаў Чыжыкаў, Анжаліка Пушнова, Napoli, а таксама іншыя беларускія спевакі падрыхтавалі для гасцей яркае выступленне.

Выступленне Настассі Аляксандроўскай і Джамалы

Шчыра падтрымлівала ўдзельнікаў і група, якую склала кіраўніцтва ўніверсітэта. З цёплымі словамі да канкурсантаў звярнуўся прарэктар па выхаваўчай і вучэбнай рабоце Уладзімір Сувораў. Ён заўважыў, што гэтае мерапрыемства стала добрай традыцыяй і дае магчымаць студэнтам БДУ праявіць талент, паверыць у свае сілы, развівацца ў творчым кірунку.  Уладзімір Васільевіч падзякаваў арганізатарам за казачнае шоу, а усім удзельнікам пажадаў поспехаў у дасягненні запаветнай мары.

Танец Глеба Смалякова

У намінацыі “Танец” прадэманстраваць свае здольнасці канкурсанты маглі як асобна, так і ў складзе групы. Дзякуючы гэтаму, намінацыя мела тры кірункі: сола, дуэты, калектывы. У сольным выкананні найлепшымі сталі Паліна Русецкая (ДІКСТ) і Глеб Смалякоў (геафак). Дарэчы, юнак трэці раз прымаў удзел у фестывалі. Ён падараваў гледачам танец, які ўзнік у 70-я гады на заходнім узбярэжжы ЗША. Набірае папулярнасць у наш час, асабліва ў краінах Азіі. Цікава, што спачатку яго прыхільнікі танцавалі ў класічных касцюмах, на што Глеб звярнуў увагу ў сваім творчым нумары.

Дуэт Лізаветы Манжулінай і Аляксея Панамарова

Кацярына Старкова і Юлія Якубчык (эканамфак), Лізавета Манжуліна і Аляксей Панамароў (ФПМІ) сталі пераможцамі ў намінацыі “Танец. Дуэты”. Кацярыну і Юлію з першага класа злучыла сяброўства, а Лізавету і Аляксея неверагодная любоў да танцаў. Ён – дзіцячы кардыяхірург, яна – студэнтка-першакурсніца. Нягледзячы на гэта і на розніцу ва ўзросце, якая складае 10 гадоў, яны танцуюць разам ужо не адзін год.

У калектыўным выступленні яркі танец для гледачоў падрыхтаваў “Сапфир”, прадстаўнікі якога вучацца на ФФСН. Творчая каманда заваявала трэцяе месца. Калектыў Jump Rope (Скакалка) атрымаў “серабро”. Яго пяць удзельніц вырашылі злучыць першыя літары сваіх прозвішчаў, каб прыдумаць неардынарную назву. Танцавальную каманду дзяўчаты стварылі яшчэ ў ліцэі, зараз жа яны з’яўляюцца студэнткамі ФПМІ, ІБМТ, ФМА, юрфака.

Танцавальны калектыў "Elysium"

Elysium (фізфак, філфак, ФПМІ, юрфак, Інстытут журналістыкі), які быў заснаваны ў 2014 годзе, стаў пераможцам у дадзенай намінацыі.

Пераможца “Свабоднага жанру” Ягор Скрабнеўскі, студэнт Інстытута журналістыкі, прадставіў на фестывалі яркі запамінальны рок-н-рольны нумар.  

Вядучыя шоу, акрамя цікавых гульняў, падрыхтавалі для гледачоў яшчэ адзін сюрпрыз. Ім стаў урывак перадачы азербайджанскага тэлебачання. Чаму? Яе госцем была студэнтка журфака Лідзія Заблоцкая, якая стала пераможцай фестывалю ў мінулым годзе. Гэтай вясной у час правядзення Фестывалю эстрады БДУ–2017 дзяўчына прадстаўляла Беларусь на Міжнародным песенным конкурсе Youthvision, які ладзіўся ў Баку. Лідзія ўвайшла ў пяцёрку найлепшых выканаўцаў гэтага творчага спаборніцтва.

Пераможцы размоўнага жанру Канстанцін Баяндзін і Аляксандра Ягунёва

Паміж вядучымі святочнага мерапрыемства ў намінацыі “Размоўны жанр” месцы былі размеркаваны наступным чынам: трэцімі сталі Хрысціна Кечко і Ягор Багдашоў, другімі – Вольга Пірог і Марта Кудзіна, а “золата” дасталася Канстанціну Баяндзіну і Аляксандры Ягунёвай. Віншуем пераможцаў і да сустрэчы ў наступным годзе на самым грандыёзным шоу БДУ!

Дар’я НІКАНЧУК

Фота Васіля Кузьмічкіна

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

Відэа:

Удзельнікі і пераможцы Фестывалю эстрады БДУ-2017

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *