На турніры па кіберспорце ў БДУ студэнты змадэлявалі танкавыя баталіі

19 мая, 2017.

Факультэт філасофіі і сацыяльных навук пры падтрымцы кампаніі Wargaming, Мінскага гаркама БРСМ і Прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ правёў 5 і 6 мая турнір па кіберспорце BSU WOT TOURNAMENT!

У турніры прынялі ўдзел студэнты розных ВНУ г. Мінска. Маладыя людзі прадэманстравалі спрыт, уважлівасць і ўменне стратэгічна думаць у камп’ютарнай гульні World Of Tanks, якая ўжо даўно заваявала сусветную вядомасць.

У адным са сталічных камп’ютарных клубаў адбыліся двухдзённыя баталіі, у якіх пазмагаліся 12 камандаў па 7 чалавек у кожнай. Сцэнарыі шматлікіх бітваў паўтаралі бітвы Другой сусветнай вайны, дазваляючы гульцам не толькі ўдасканальваць свае навыкі ў кіберспорце, але і лепш пазнаваць ваенную гісторыю.

Каманда пераможцаў «Элеватар»

Па выніках фінальнай гульні перамогу ў турніры атрымала каманда БНТУ «Элеватар». Другое месца ў літаральным сэнсе заваявала зборная БДУ і БДЭУ «Інквізіцыя», а 3 месца дасталася камандзе студэнтаў БНТУ і БДУІР «My little pony».

Зборная БДУ і БДЭУ «Інквізіцыя»

Удзельнікі камандаў-пераможцаў атрымалі падарункі ад арганізатараў турніру, а таксама адмысловы прыз ад кампаніі Wargaming – унутрыгульнявыя бонусы і рэдкія каштоўныя кнігі пра гісторыю канструявання і вытворчасці вядомых савецкіх танкаў часоў Другой сусветнай вайны СУ-152 і КВ-1.
Студэнты ФФСН ініцыявалі правядзенне турніру BSU WOT менавіта напярэдадні 72-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Каманда студэнтаў БНТУ і БДУІР «My little pony»

Такім чынам моладзь вырашыла прыцягнуць увагу да гісторыі і лепш ацаніць мірны час, у якім танкавыя бітвы, на шчасце, магчымыя толькі ў віртуальнай рэальнасці.

Рада ІВАНОВА

Падарункі ад арганізатараў турніру

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *