Свой погляд на тэму вайны выказалі студэнты 6 краін на форуме «Святло Вялікай Перамогі» (+відэа)

18 мая, 2017.

Міжнародны форум «Святло Вялікай Перамогі» прайшоў 5–7 мая на базе САК «Брыганціна». Ён сабраў каля 150 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Літвы і Латвіі.

Перад стартам форуму замежныя госці наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны, паглядзелі фа­культэты БДУ і Мінск.
5 мая праграма СВП пачалася ва ўнутраным дворыку БДУ са святочнага канцэрта і адкрыцця мемарыяла «Памяць у імя жывых», а ў якасці абеду ўдзельнікі атрымалі сапраўдную салдацкую кашу, якая дадала сілаў на працяг дня ў «Брыганціне».


Сфарміраваліся сем камандаў, куратарамі якіх з’яўля­ліся актывіс­ты студэнцкага саюза, савета старастаў і БРСМ. Кожная сваім вонкавым выглядам і творчым нумарам раскрывала абраную тэму. Тут былі і ваенкары, і персідскія вязні, і маракі.  


Па прыездзе ўдзельнікі патрапілі на закрыты паказ стужкі «Са­бака Руды», на якім прысутнічаў пра­дзюсар фільма Сяргей Жда­новіч. Фільм глыбока крануў усіх і выклікаў абмеркаванне, дзе ўздымаліся тэмы акцёрскага складу, прафесіяналізму працоўнай групы  і глыбіні раскрыцця характараў.

Пасля ўдзельнікі маглі выбіраць: вечар памяці ля вогнішча ці дэбаты на тэму «Увя­дзенне курса гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў школах».
На дэбаты прыйшло няшмат  лю­дзей, але было відаць, што яны сапраўды зацікаўленыя тэмай.


А на вечары памяці ўдзельнікі і арганізатары ля вогнішча спявалі ваенныя песні і чыталі вершы.
У другі дзень праходзілі секцыі, канферэнцыя Студэнцкай асамблеі і творчы вечар. На сямі секцыях распавядалася пра жанчын падчас вайны, пра ваен­ную фатаграфію, пра псіхалогію салдатаў, пра форму і рыштунак, а таксама пра патрыятычнае выхаванне з дапамогай сучасных тэхналогій.

Канферэнцыя прайшла незвычайна: з-за вялікай колькасці замежнікаў і жадання ўдзельнікаў паслухаць пра тое, як жывуць актывісты ў іншых краінах, пытанняў да нашых старшыняў студэнцкіх арганізацый практычна не было, і амаль увесь час сышоў на размовы з гасцямі.


На творчым вечары кожная каманда ставіла нумар, які адлюстроўваў іх погляд на тэму вайны. Некалькі нумароў былі на аснове сапраўдных гісторый вязняў канц­лагераў, былі ваенныя вершы, валь­сы і песні.


Трэці дзень пачаўся з «Зарніцы», дзе кожны мог пакідаць сякеры, пабегаць праз пяскі і пера­адолець розныя перашкоды – адным словам, прайсці мірную вайсковую падрыхтоўку.


На гэтым форум завяршыўся, пакінуўшы для кожнага з удзель­нікаў і арганізатараў шмат тэм і пытанняў для разважання. Але самае галоўнае – пакінуўшы велі­зар­нае сяброўства, якое з’яўля­ецца наймацнейшай абаронай  свету.

Яўгенія КРЫЖАНОЎСКАЯ

Фота Аляксандра Снапка і Надзеі Драздовай

Відэа:

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *