Што значыць быць не ў сабе? Студэнцкае тэлебачанне БДУ запрашае да ўдзелу ў незвычайным рэаліці-шоу

22 мая, 2017.

З новага навучальнага года ў БДУ стартуе маштабнае рэаліці-шоу “Не ў сабе”. Арганізатары абяцаюць, што падобнага не было за ўсю гісторыю існавання ўніверсітэта, а сачыць за развіццём падзей дапаможа студэнцкае тэлебачанне. Адбор удзельнікаў для гэтага экстрэмальнага праекта БДУ-ТБ ужо пачаўся. Паспяшайся – мажліва, чакаюць менавіта цябе!

Усіх картаў арганізатары пакуль не раскрываюць, але папярэджваюць: будзе цікава і вельмі горача. Кожны ўдзельнік стане героем неверагодных прыгод, якія падрыхтуюць выпрабаванні на трываласць, кемлівасць і ўдачу. Гэтае незвычайнае “падарожжа” будзе напоўнена прыемнымі нечаканасцямі, новымі знаёмствамі, экстрэмальнымі заданнямі і незабыўнымі ўражаннямі. Падрабязнасцямі падзяліўся аўтар праекта Ілья ПАЗНЯК – студэнт 3 курса Інстытута журналістыкі і намеснік галоўнага рэдактара Студэнцкага тэлебачання БДУ.

– Ілья, раскажы, як узнікла ідэя стварэння такога незвычайнага шоу?

Па-першае, гэта добрая магчымасць парадаваць нашых гледачоў студэнцкага тэлебачання. Не так даўно яно пачало свае існаванне, таму, безумоўна, патрабуе развіцця і свежых арыгінальных ідэй. Спадзяемся, што “Не ў сабе” надасць каналу новыя фарбы, паглыбіць яго тэматычную насычанасць, зацікавіць гледачоў. Па-другое, гэта цікавае адкрыццё як для студэнтаў, так і для арганізатараў, таму што падобнага вопыту ў БДУ яшчэ не было.

– Якая праграма чакае ўдзельнікаў?

Раскрываць ўсіх сакрэтаў зараз не буду, бо шоу адразу страціць сваю інтрыгу. У адным магу прызнацца: тэматыка экстрэмальная. Удзельнікаў чакаюць сюрпрызы, якія яны запомняць надоўга. Рэаліці-шоу падорыць шанец праявіць сябе, прадэманстраваць розныя здольнасці і ўменні, а таксама пасупернічаць за галоўны прыз. Які? Даведаецеся ў кастрычніку.

– Прыём заявак ужо пачаўся. Наколькі зацікавіў праект студэнтаў?

– Рабіць вынікі яшчэ рана. Прыём заявак стартаваў зусім нядаўна і працягнецца да 1 жніўня. На дадзены момант у рэдакцыю прыйшло больш за 100 анкет. Дарэчы, аўтар 100-й аўтаматычна трапляе ў праект без праходжання кастынгу.

– Якія якасці і ўменні дапамогуць ахвотніку прайсці адбор і стаць удзельнікам праекта?

– Мы шукаем яркіх, крэатыўных, цікавых юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Герой нашага шоу – гэта неардынарная асоба, якая не баіцца складанасцяў і гатова стаць удзельнікам самых розных экстрэмальных сітуацый і эксперыментаў. Вылучыць нешта адзінае нельга, будзе ўлічвацца ўсё: ад адказаў на пытанні ў анкеце да паводзінаў падчас кастынгу.

– Калі заўзятары змогуць стаць сведкамі ўсіх падзей і ўбачыць на экране сваіх любімчыкаў?

– Здымаць праект пачнем у верасні. У эфіры Студэнцкага тэлебачання БДУ прэм'ера рэаліці-шоу “Не ў сабе” адбудзецца ў кастрычніку. Кожны тыдзень будзе выходзіць адзін новы выпуск, які дапаможа гледачам апынуцца ў эпіцэнтры падзей. 

– Што лічыш галоўнай разынкай дадзенага праекта?

– Разынка праекта – яго фармат. Шоу “Не ў сабе” – гэта рэальныя сітуацыі і знаёмствы, незвычайныя заданні і выпрабаванні, а яшчэ вялікая хваля эмоцый і прыгод. Зараз творчая каманда студэнцкага тэлебачання актыўна працуе над сцэнарыем і чакае заявак.

Для ўдзелу ў кастынгу неабходна запоўніць анкету, змешчаную ніжэй. Пасля заяўку і тры свае фатаграфіі неабходна адаслаць на паштовую скрыню reality-shou.vnesebya@yandex.by. Памятайце, што анкеты з незапоўненымі дадзенымі прымацца не будуць, і хутка прыміце правільнае рашэнне.  Студэнцкае жыццё – час для адкрыццяў і прыгод!

Дар’я НІКАНЧУК

Aнкета ўдзельніка рэаліці-шоу тут

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *