Школа SMM БДУ: усё толькі пачынаецца!

11 мая, 2017.

Сёлета спаўняецца 10 гадоў ад пачатку прысутнасці БДУ ў сацыяльных сетках. Сёння наш універсітэт мае свае старонкі на такіх папулярных пляцоўках, як “Вконтакте”, Facebook (старонкі на рускай і англійскай мовах), Twitter, Instagram, LinkedIn, Telegram, Youtube і інш. Іх падтрымкай і прасоўваннем з 2014 года займаюцца ў аддзеле вэб-праектаў і стратэгічных камунікацый Медыяцэнтра БДУ.

Акрамя афіцыйных старонак БДУ, у сацыяльных сетках ёсць таксама супольнасці факультэтаў, інстытутаў, студэнцкіх арганізацый, праектаў і структурных падраздзяленняў нашай alma mater.

Ва ўніверсітэце неаднаразова ладзілі круглыя сталы, праводзілі майстар-класы і  абмеркаванні на тэму прасоўвання старонак БДУ ў сацыяльных медыя. А 15 сакавіка гэтага года прайшоў першы занятак у рамках першай “Школы SMM* БДУ”. 

“29 лістапада мінулага года УВРМ БДУ разам з Медыяцэнтрам БДУ правялі круглы стол адміністратараў супольнасцяў БДУ, – распавядаюць у Медыяцэнтры. – Там мы бліжэй пазнаёміліся са студэнтамі і супрацоўнікамі, якія падтрымліваюць старонкі ўніверсітэта ў сацыяльных сетках. Прадуктыўная дыскусія выявіла патрэбу ў стварэнні адукацыйнага праекта, які дапаможа наладзіць працу груп і старонак БДУ. Такім чынам з’явілася школа SMM БДУ”.

Вучні першай “Школы SMM БДУ” наведалі 8 штотыднёвых заняткаў з удзелам запрошаных спікераў, а таксама супрацоўнікаў БДУ.

“Тэмы кожных заняткаў мелі непасрэднае дачыненне да дзейнасці адміністратараў старонак БДУ. Прааналізаваўшы велізарную колькасць груп універсітэта, мы выявілі кола праблем, якія можна паспрабаваць вырашыць з дапамогай нашай школы”, – тлумачаць у Медыяцэнтры.

У “Школе SMM БДУ” вяліся размовы пра карпаратыўную культуру ўніверсітэта, прасоўванне ў розных сацыяльных сетках, стварэнне сваіх праектаў на Youtube і шматлікае іншае.

Але школа не можа быць без хатніх заданняў. Адміністратары супольнасцяў універсітэта, якія ўдзельнічалі ў праекце, аналізавалі свае групы, складалі кантэнт-план і распрацоўвалі візуальнае афармленне сваіх публікацый у адпаведнасці са сваім планам і рубрыкамі, якія запускаюцца.

Прыклад візуальнага афармлення кантэнту, распрацаванага ў рамках школы SMM БДУ супольнасцю студэнцкага савета па якасці адукацыі БДУ

Прыклад візуальнага афармлення кантэнту, распрацаванага ў рамках школы SMM БДУ супольнасцю студэнцкага савета па якасці адукацыі гістарычнага факультэта БДУ

Прыклад візуальнага афармлення кантэнту, распрацаванага ў рамках школы SMM БДУ супольнасцю філалагічнага факультэта БДУ

Прыклад візуальнага афармлення кантэнту, распрацаванага ў рамках школы SMM БДУ супольнасцю Фундаментальнай бібліятэкі БДУ

“Школа SMM БДУ” доўжылася два месяцы. На заключных занятках быў праведзены выніковы аналіз усіх супольнасцяў, якія бралі ўдзел у праекце, былі ўручаны падзякі і дыпломы, а таксама пазначаны планы на якасна новую “Школу SMM БДУ”, запуск якой плануецца ажыццявіць ужо гэтай восенню.

Сваімі ўражаннямі пра “Школу SMM БДУ” дзеляцца яе выпускнікі.

Ганна Паршына, адміністратар супольнасці газеты Інстытута журналістыкі БДУ “ЖурФАКТЫ“:

 “Два месяцы школы SMM былі выдатнымі! Прыемна размаўляць з аднадумцамі і атрымліваць веды ад кампетэнтных людзей. Гэта вельмі натхняе і зараджае новай энергіяй на прадуктыўную працу. Атрыманыя тут веды мне, безумоўна, спатрэбіліся. На дадзены момант я праходжу стажыроўку, дзе займаюся прасоўваннем у сацыяльных сетках. Гэты праект дапамог мне не толькі зразумець тое, як лепш весці групу нашай газеты, але і тое, чым я хачу займацца ў будучыні і як пабудаваць сваю кар’еру”.

 

Віталь Лучыновіч, адміністратар супольнасці студэнцкага савета па якасці адукацыі БДУ:

“Ад гэтага праекта ў мяне засталіся толькі самыя станоўчыя ўражанні. На кожныя заняткі я прыходзіў з вялікай цікавасцю і жаданнем даведацца што-небудзь новае, а потым выкарыстаць гэта на практыцы. За ўвесь час правядзенні школы супольнасць, вядзеннем якога я займаюся, значна змянілася як вонкава, так і ўнутрана. Былі распрацаваны новыя рубрыкі, створана новае візуальнае афармленне публікацый і новы план працы. Для мяне “Школа SMM БДУ” – гэта натхненне і імкненне да дасканаласці”.

Таццяна Пецюкевіч, адміністратар супольнасці студэнцкага савета па якасці адукацыі гістарычнага факультэта БДУ:

“Школа SMM БДУ” стала для мяне крокам наперад. Я атрымала мноства добрых уражанняў, карысную інфармацыю і натхненне на штосьці большае. Я надзвычай рада, што гэты праект быў рэалізаваны і я змагла прыняць у ім удзел. З задавальненнем стану вучаніцай другой школы SMM”.

Праект Медыяцэнтра БДУ “Школа SMM БДУ” паклаў пачатак больш цеснай камунікацыі паміж адміністратарамі, стварэнню пэўных стандартаў у прасоўванні супольнасцяў БДУ ў сацыяльных сетках і стаў пачаткам змен у разуменні ўніверсітэцкага SMM.

Увосень гэтага года плануецца перазапуск школы з якасна новай праграмай, мэтамі і задачамі. Сачыце за абнаўленнямі.

 

*SMM – Social Media Marketing (маркетынг у сацыяльных сетках (медыя) – комплекс мерапрыемстваў па прасоўванні ў сацыяльных медыя з мэтай рашэння шэрагу пастаўленых задач.

Кацярына РУТКОЎСКАЯ

Фота Васіля Кузьмічкіна

print

Вам таксама можа спадабацца: