Мэтр беларускага ўсходазнаўства. Віншуем прафесара Уладзіміра Кошалева з юбілеем

1 Jun, 2017.

 

1 чэрвеня гэтага года найбуйнейшаму беларускаму арабісту, загадчыку кафедры гісторыі новага і найноўшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктару гістарычных навук, прафесару Уладзіміру Сяргеевічу Кошалеву споўнiлася 70 гадоў.

У. С. Кошалеў нарадзіўся ў 1947 годзе ў адным з выдатных куткоў беларускай зямлі – вёсцы Сасноўка Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Рос будучы гісторык у сялянскай сям'і Сяргея Сямёнавіча і Веры Назараўны Кошалевых. У 1953 годзе ён пайшоў у школу ў суседняе Гарадзечна. Па гуманітарных прадметах, а таксама ўлюбёнай гісторыі меў толькі "5". Пасля заканчэння ў 1963 годзе школы Уладзімір Кошалеў паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Ва ўніверсітэце студэнт У. Кошалеў быў па-сапраўднаму захоплены гісторыяй. Але будучы беларускі ўсходазнавец ужо з першага курса вывучаў гісторыю Германіі пад кіраўніцтвам прафесара М. П. Палеціка, а ў рамках дыпломнага праекта даследаваў праблему "Аграрная і ваенная рэформа ў Прусіі ў 1807–1812 гг.". У водгуку на дыпломную працу маладога гісторыка М. П. Палеціка адзначыў, што У. Кошалеў "паказаў сваю любоў да гістарычнай навукі, любоў да навуковага даследавання".

У 1967 годзе У. С. Кошалеў скончыў навучанне ў БДУ. Запал да навуковых даследаванняў паклікаў учорашняга студэнта ў аспірантуру. Аднак для гістарычнага факультэта быў патрэбны не германіст, а ўсходазнавец. Абмеркаванне тэмы будучага дысертацыйнага даследавання выявіла важнасць вывучэння арабскай гісторыі, за што выказаўся і сам У. С. Кошалеў. 31 жніўня 1967 года на пасяджэнні вучонага савета гістарычнага факультэта БДУ ён быў рэкамендаваны для паступлення ў аспірантуру БДУ. У сакавіку 1968 года У. С. Кошалева адклікаюць з аспірантуры і ў якасці стажора-даследчыка накіроўваюць на кафедру гісторыі краін Блізкага і Сярэдняга Усходу Інстытута ўсходніх моў пры МДУ імя М. В. Ламаносава для вывучэння арабскай мовы і спецыялізацыі па гісторыі і культуры краін арабскага Усходу. У 1970 годзе ён першым у гісторыі беларускай навукі атрымаў класічную усходазнаўчую падрыхтоўку.

З 1970 года У. С. Кошалеў становіцца выкладчыкам кафедры гісторыі новага  і найноўшага часу БДУ. У кастрычніку 1971 года для збору матэрыялу па дысертацыі і ўдасканаленні арабскай мовы ён накіроўваецца на стажыроўку ў Арабскую рэспубліку Егіпет, у Каірскі ўніверсітэт, дзе ён прабыў да жніўня 1972 года. У 1974 годзе ў Інстытуце краін Азіі і Афрыкі пры МДУ У. С. Кошалеў паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю "Унутрыпалітычная барацьба ў Егіпце ў першыя гады Другой сусветнай вайны. 1939–1942". Яго навуковым кіраўніком быў Р. Г. Ланда. Для беларускай гістарычнай навукі гэта была знакавая падзея – у нацыянальнай гістарыяграфіі ўпершыню з'явіўся прафесійны высокакваліфікаваны ўсходазнавец. У БДУ з 1975 года У. С. Кошалеў быў прызначаны на пасаду дацэнта і чытаў вялікі курс лекцый па новай гісторыі краін Азіі і Афрыкі, а таксама спецкурс па гісторыі арабскага нацыянальна-вызваленчага руху пасля Другой сусветнай вайны. У 1977 годзе ўбачыла святло яго першая манаграфія – "Егіпет да Эль-Аламейна. З гісторыі ўнутрыпалітычнай барацьбы (1939–1942 гг.)".

Напачатку 1980-х гадоў У. С. Кошалеў быў ужо прызнаным навуковым аўтарытэтам па праблемах Блізкага Усходу ў БССР. У 1980 годзе па лініі МЗС БССР ён быў накіраваны прадстаўніком рэспублікі на працоўную нараду па палестынскай праблеме ў Вену (Аўстрыя), а ў 1982 годзе як эксперт ААН у дадзенай галіне прадстаўляў Беларусь на канферэнцыі ў Ла-Валеце (Мальта). У 1986 г. прайшоў стажыроўку ў Цэнтры па правах чалавека ААН у Жэневе. 

У 1984 годзе ў Мінску выйшла з друку другая манаграфія У. С. Кошалева "Егіпет: урокі гісторыі. Барацьба супраць каланіяльнага панавання і контррэвалюцыі (1879–1981)". У 1988 годзе ў Інстытуце краін Азіі і Афрыкі пры МДУ імя М. В. Ламаносава У. С. Кошалеў паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю на тэму "Сацыяльна-палітычная барацьба і антыкаланіяльны рух у Егіпце (1879–1924)". Навуковым кансультантам выступаў прафесар Р. Г. Ланда.

16 снежня 1988 года прафесар Л. М. Шнеерсон перадаў кафедру гісторыі новага і найноўшага часу У. С. Кошалеву, самаму маладому на той час доктару гістарычных навук у БССР. У. С. Кошалеў стаў за ўсю 52-гадовую гісторыю кафедры яе другім загадчыкам. Як паказалі далейшыя падзеі, ён выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі ўжо на працягу амаль 30 гадоў. Гэта, без сумневу, унікальны факт не толькі ў гісторыі беларускай навукі, але і, верагодна, міжнароднай.

З 1991 года прафесар У. С. Кошалеў з усёй уласцівай яму мэтанакіраванасцю і запалам пагрузіўся ў творчую напружаную працу па арганізацыі і развіцці гістарычнай навукі і вышэйшай адукацыі ў маладой Рэспубліцы Беларусь. Кафедра пад яго кіраўніцтвам у гэты перыяд шуканняў актыўна ўключылася ў працэс абнаўлення нацыянальнай гістарычнай навукі і адукацыі. Так, з ініцыятывы У. С. Кошалева глыбокаму перагляду была падвергнута гістарычная перыядызацыя. Ён займаўся і актыўнымі навуковымі даследаваннямі. Так, у 1992 годзе ў Маскве выйшла яго манаграфія "Егіпет: ад Арабі-ары да Саада Заглула (1879–1924)", яна стала трэцяй кнігай у цыкле, прысвечаным гісторыі Егіпта канца XIX–ХХ стагоддзяў. Пазней, у 2004–2005 гадах у выдавецтве "Усходняя літаратура" (Масква) выйшлі 1-я і 2-я кнігі 4 тома "Гісторыі Усходу", у якіх ён адзін з аўтараў. У наш час У. С. Кошалеў працуе пераважна над вывучэннем праблемы палітызацыі ісламу, у прыватнасці ў Еўропе.

У 1993 г. 29 кастрычніка на пасяджэнні Вучонага савета БДУ было абвешчана, што найлепшым навукоўцам універсітэта ў галіне гуманітарных навук прызнаны прафесар У. С. Кошалеў. Ён стаў першым лаўрэатам прэстыжнай універсітэцкай прэміі імя У. І. Пічэты. У тым жа годзе вучоны савет гістарычнага факультэта высунуў яго на абранне ў сапраўдныя члены Акадэміі навук Беларусі па спецыяльнасці "гісторыя". У гэты перыяд У. С. Кошалеў быў прыняты ў члены Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы (1993) і Беларускай акадэміі адукацыі (1994). Высокі навуковы аўтарытэт дазволіў прафесару ў 1990-я гады ўвайсці ў рэдакцыйныя саветы розных навуковых і энцыклапедычных выданняў.  Ён стаяў ля вытокаў стварэння ВАК Рэспублікі Беларусь. Быў першым у краіне старшынёй экспертнага савета па гісторыі, працаваў у складзе яго прэзідыума. Таксама стаў першым старшынёй доктарскага савета па абароне дысертацый у БДУ. На сёння пад яго кіраўніцтвам паспяхова абаронена самае вялікая ў краіне колькасць дысертацый – 42: 8 доктарскіх і 34 кандыдацкія беларускіх і замежных суіскальнікаў.

Кафедра пад кіраўніцтвам прафесара У. С. Кошалева стала вядучай у краіне па працы над стварэннем навучальна-метадычных комплексаў па чытаных дысцыплінах, выданнем навучальнай літаратуры для студэнтаў ВНУ і навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў. На сёння пад аўтарствам У. С. Кошалева і яго калегаў выйшла ўжо больш за 50 падручнікаў, навучальных і метадычных дапаможнікаў для сярэдняй школы. Прафесар У. С. Кошалеў неаднаразова заахвочваўся за свае працоўныя дасягненні. Так, у 2006 годзе за шматгадовае паспяховае кіраўніцтва кафедрай, плённую выкладчыцкую і навуковую працу быў узнагароджаны знакам Міністэрствы адукацыі "Выдатнік адукацыі", а ў 2010 годзе – Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 2014 годзе за прафесійную дзейнасць і фундаментальны ўнёсак у навуку ён быў ганараваны медаля Францыска Скарыны.

В. А. АСТРОГА,
загадчык кафедры мытнай справы ФМА БДУ,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт 
 
Д. Г. ЛАРЫЁНАЎ,
дацэнт кафедры гісторыі новага і найноўшага часу  гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *