Выпрабаванне якасці. НДЛ прыкладных праблем біялогіі даследуе гіпаалергенныя прадукты і функцыянальнае харчаванне

7 Jul, 2017.

НДЛ прыкладных праблем біялогіі дзейнічае ўжо 15 гадоў.

Лабараторыя першыя гады праводзіла выпрабаванні сапраўднасці каньяку, вінаў і сокаў, а пасля перакваліфікавалася на працу з больш шырокім спектрам: тут пачалі рыхтаваць кадры вышэйшай кваліфікацыі, абараняць дыпломныя працы, весці актыўную даследчую дзейнасць. У 2014 г. НДЛ ўвайшла ў склад кафедры заалогіі, што пашырыла інтарэсы супрацоўнікаў лабараторыі, якіх на сёння 7 чалавек: тры кандыдаты навук, два навуковыя супрацоўнікі і два малодшыя навуковыя супрацоў­нікі. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Курчанкі яны праводзяць даследаванні па перспектыўных напрамках: распрацоўваюцца гіпаалергенныя прадукты, ствараюцца кампаненты пра­дуктаў функцыянальнага хар­чавання для спартсменаў, дзяцей, пажылых людзей, аналізуюцца  якасць прадуктаў і напояў.


Функцыянальнае харчаванне набірае ўсё большую папуляр­насць, бо ў адрозненне ад трады­цый­ных прадуктаў, функцыяналь­ныя вырабляюцца з зададзенымі ўласцівасцямі. Напрыклад, харчаванне для спартсменаў змяшчае не бялкі, а іх гідралізат, які хутчэй засвойваецца, а значыць – хутчэй ідзе фізічнае аднаўленне пры інтэнсіўных нагрузках. Да таго ж такое харчаванне не выклікае алергічных рэакцый. У барацьбе з гэтай праблемай навукоўцы вядуць распрацоўку рэцэптур такіх харчовых прадуктаў і БАД, якія б дазволілі знізіць іх алергенны патэнцыял і ў той жа час павысіць устойлівасць самога арганізма чалавека. У НДЛ прыкладных праблем біялогіі была праведзена работа і абаронена кандыдацкая дысертацыя па распрацоўцы тэхналогіі атрымання гідралізату бялкоў малака для   выт­ворчасці гіпаалергеннага дзі­ця­чага і функцыянальнага харчавання і пры ўдзеле Шчучынскага масла­сыр­завода былі выпушчаныя вопытныя партыі гіпаалергенных гідралізатаў.

Мангустан, рэкард­смен па ўтрыманні прыродных антыаксідантаў

Супрацоўнікі лабараторыі вя­дуць працу па вывучэнні аб’ектаў расліннага свету і іх біялагічна актыўных рэчываў. Напрыклад,  даследавалі незвычайны фрукт мангустан, які з’яўляецца рэкард­сменам па ўтрыманні ксантонаў – прыродных антыаксідантаў. Ксан­тонаў у прыродзе налічваецца ўсяго каля 230 відаў, у адным жа толькі плодзе мангустана іх знойдзена каля 43. Больш за ўсё гэтых карысных рэчываў змяшчаецца ў лупіне плода, але ўжываць яе ў сырым выглядзе разам з мякаццю – дрэнная ідэя проста таму, што смак у знешняй часткі плода вельмі даўкі. Таму супрацоўнікі лаба­рато­рыі плануюць распрацаваць тэхналогію атрымання з лупіны ман­густана сокаў прамога адціскання.
Цікавасць для навукоўцаў таксама ўяўляюць рэзка-араматычныя расліны, паколькі ў іх выяўлена павышанае ўтрыманне другасных метабалітаў розных класаў. У НДЛ прыкладных праблем біялогіі, напрыклад, займаюцца вывучэннем куркумы, якая ўжо даўно выкарыс­тоўваецца ў якасці спецыі для розных страў.

Куркума зніжае рызыку ўзнікнення ракавых захворванняў

Яна здольная абараняць арганізм чалавека ад уздзеяння шэрагу негатыўных фактараў   і нават зніжаць рызыку ўзнікнення ракавых захворванняў. Аднак існуе праблема з яе біядаступнасцю – яна вельмі нізкая. Даследаванні на лабараторных жывёлах паказалі: колькі куркумы ні з’ясі – засвоіцца біялагічна актыўных рэчываў не  больш за 1,5–2%. Таму супрацоў­нікі лабараторыі вядуць работу па павышэнні біядаступнасці шляхам стварэння комплексаў з водараспушчальнымі малекуламі вугляводаў, арганізаваных у форме «тора» з поласцю ўнутры – цыкладэкстрынамі. Такім чынам, растваральнасць куркумы, як паказалі лабараторныя даследаванні, павысіцца да 3000–5000 раз. У планах НДЛ распрацаваць нанаструктураваную форму і ўключыць яе ў склад рэцэптур БАД, якія будуць выка­рыстоўвацца як самастойна, так і ў складзе комплекснай тэрапіі, напрыклад, пры лячэнні хворых на анкалогію.


Шмат хто з нас ужывае купленыя сокаўтрымальныя прадукты, дзіцячае харчаванне на аснове ягад і пладоў ярка-чырвонага і ружовага колераў. Аднак некаторыя вытворцы, каб знізіць кошт канчатковага прадукту, выкарыстоўваюць не дарагую натуральную сыравіну, а сінтэтычныя фарбавальнікі, якія надаюць прыемны колер, з’яў­ля­юц­ца больш стабільнымі, што дазваляе павялічваць тэрмін захоў­вання. Аднак ужыванне такіх фарбавальнікаў можа негатыўна адбіцца на здароўі. У НДЛ стварылі тэсты, якія дазваляюць экспрэс-метадам праверыць, ці змяшчаецца ў напоі з пладоў і ягад чырвоных і ружовых колераў сінтэтычныя фарбавальнікі.


Таксама калектыў лабараторыі распрацаваў тэсты на вызначэнне выбуховых і наркатычных рэчываў, якія дазваляюць правес­ці папярэднюю экспертызу ўсяго за дзве-тры хвіліны. Гэтыя тэст-палоскі выка­рыс­тоўваюцца работнікамі памежнай служ­бы і мытні.

Максім Капусцін, навуковы супрацоўнік НДЛ прыкладных праблем біялогіі

На дадзены момант у лабараторыі праводзяцца даследаванні па 11 праектах і некалькіх дагаворах. У тым ліку навукоўцы працуюць над вылучэннем поліцукрыдаў з ракападобных і членістаногіх: займаюцца праблемай атрымання з экзаскелета членістаногіх хітыну і хітазана, якія можна будзе выкарыстоўваць як структурныя кампаненты для вытворчасці розных плёнак, харчовых пакрыццяў. Напрыклад, можна будзе дадаткова пакрыць ўнутраную абалонку ў тэтрапаках, што дасць магчымасць забяспечыць бактэрыястатічны эфект і падоўжыць тэрміны захоўвання прадукцыі ў такой упакоўцы. Яшчэ адзін цікавы напрамак для далейшай працы - распрацоўка на аснове хітазана раназажыўляўчых пакрыццяў.

Валерыя БАНДАРЧЫК

Фота Васіля Кузьмічкіна

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *