Прыёмная кампанія 2017 года: рыхтуемся да паступлення

6 Jul, 2017.

Калі школьныя выпускныя вечары скончаныя, варта чакаць наплыву абітурыентаў у Белдзяржуніверсітэт. Ужо праходзяць этапы цэнтралізаванага тэсціравання, прыёмная кампанія вось-вось пачнецца. Пра тое, колькі чакаецца абітурыентаў, які план прыёму сёлета і чым ён адрозніваецца ад папярэдняга, растлумачыў дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі, адказны сакратар прыёмнай кампаніі Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ.

Вячаслаў Малафееў

Цэнтралізаванае тэсціраванне
Каб для будучых студэнтаў здача тэстаў прайшла ў камфортных  умовах, задзейнічана больш за 600 выкладчыкаў і супрацоўнікаў  у якасці арганізатараў правя­дзен­ня тэсціравання. На праходжан­не ЦТ у БДУ запісаліся 17 594 абітурыенты, гэта на 24 % больш, чым летась. Такі рост выкліканы тым, што абітурыенты выкарыстоўваюць навізну гэтага года – магчымасць здаць 4 тэсты.

Адпаведна па краіне каля 40 % тых, хто паступае, зарэгістраваліся на 4 прадметы. «Але калі паглядзім на лічбы тых, хто не з’явіўся на працягу гэтых 4 дзён, то ўбачым, што колькасць нез’яўленняў таксама мае пэўныя паказчыкі, – кажа Вячаслаў Міхайлавіч. – Напрыклад, у параўнанні  з мінулым годам на беларускую мову не з’явілася абітурыентаў у два разы больш. Хутчэй за ўсё нез’яўленні можна растлумачыць тым, што частка абітурыентаў да бягучага моманту адмовілася ад ідэі здаваць чацвёрты тэст і свае сілы сканцэнтравала на падрых­тоўцы трох прадметаў». Да таго ж размяшчэнне карпусоў нашага ўніверсітэта паблізу ад аўта- і чыгуначнага вакзалаў зручнае для іншагародніх выпускнікоў.

Асаблівасці плана прыёму
Змены ў плане прыёму залежалі ад магчымасцяў факультэтаў і ад папулярнасці спецыяльнасцяў у абітурыентаў, улічваліся вынікі пры­ёму мінулага года і рэкамен­дацыі Міністэрства адукацыі. План прыёму сёлета паменшаны на 177 месцаў у параўнанні з мінулым годам.
План прыёму на дзённае аддзяленне: 2164 месцы на бюджэтную форму і 1913 на платную. Тут змены наступныя:
– на бюджэтнай форме навучання скарочана 38 месцаў. Пад скарачэнне патрапілі больш за ўсё гуманітарныя і сацыяльна-эканамічныя факультэты (37 месцаў) і толь­­кі адно месца скарацілі на прырода­знаўчанавуковых спецыяльнасцях. У большай ступені памяншэнне зачапіла Інстытут журналістыкі – 11 месцаў і юрыдычны факультэт – 10 месцаў. У выніку выйшлі на такую прапорцыю ў размеркаванні планавых месцаў: на дзённай бюджэтнай форме 66 % – гэта прырода­знаўчанавуковыя спецыяльнасці і 34 % – гуманітарныя і сацыяльна-эканамічныя.
– на платнай форме навучання скарочана 83 месцы. Тут адбылося наступнае зрушэнне: на прырода­знаўчанавуковыя спецыяльнасці дададзена 40 месцаў, а на гума­нітарных і сацыяльна-эканамічных спецыяльнасцях скарочана 123 месцы. Тут самае вялікае памяншэнне на ІБМТ – 57 месцаў, ФМА – 23, эканамічным факультэце – 19, ДІКСТ – 18. Калі казаць пра суадносіны паміж прыродазнаўчанавуковымі спецыяльнасцямі і гуманітарнымі, сацыяльна-эканамічнымі спецыяльнасцямі, то на долю першых даводзіцца 21 %, а на долю апошніх 79 % ад лічбаў прыёму адпаведна.


У апошні час у краіне назіраецца тэндэнцыя скарачэння месцаў на завочнай форме навучання. У БДУ сёлета скарацілі 38 месцаў: на   бюджэтнай форме – 30, на платнай – 8. У большай ступені скарачэнні закранулі біялагічны факультэт – 13 месцаў на бюджэтнай завочнай форме. Выніковы план прыёму на завочную форму складае: 255 – бюджэтная і 790 – платная форма на­вучання.
Скарочаны набор на другую вы­шэйшую адукацыю на 18 месцаў, і цяпер ён складае 210 месцаў. Тут прынята кардынальнае рашэнне пра тое, што эканамічны факультэт ужо не будзе прымаць на другую вышэйшую і робіць акцэнт на скарочаную форму навучання. Другая вышэйшая па эканамічных спецы­яльнасцях у большай ступені будзе прадстаўлена на ІБМТ.
Неабходна адзначыць, што ў наш час назіраецца вялікая цікавасць да скарочанай формы навучання. Пашыраны спектр тых спецыяльнасцяў, куды могуць паступаць выпускнікі ўстаноў сярэднеспецы­яльнай адукацыі, дзе вялася пад­рыхтоўка па інтэграваных планах. Той жа эканамічны факультэт на скарочаную форму навучання бу­дзе набіраць 60 чалавек: 14 на бюджэт і 46 на платнае навучанне.
Троху павялічаны план прыёму на мэтавае навучанне – 44 месцы (38 летась). Калі раней мэтавы прыём вёўся толькі па педагагічных і журналісцкіх спецыяльнасцях, то цяпер гэты спектр пашыраны. Ёсць заяўка на спецыяльнасць «Аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», на «Мытную справу» – 6 месцаў, для будучай атамнай электрастанцыі ёсць запыт на 4 месцы па спецыяльнасцях «Ядзерная і радыяцыйная бяспека» і «Хімія (навукова-вытворчая дзейнасць)».


Замежныя грамадзяне
Сёлета досыць вялікі выпуск на падрыхтоўчым аддзяленні БДУ – 180 чалавек. Асноўная частка выпускнікоў факультэта даўніверсі­тэц­кай адукацыі арыентавана на далейшае навучанне ва ўніверсітэце. Тут адзначаецца нязменнасць: два апошнія гады на першую ступень вышэйшай адукацыі ў БДУ прымалі каля 400 замежных грамадзян, такая ж колькасць чакаецца і сёлета.
Яшчэ адна тэндэнцыя апошніх гадоў – гэта ўстойлівая цікавасць замежных грамадзян да навучання ў магістратуры: штогод у магіст­ратуру паступаюць больш за 200 замежнікаў. У БДУ адкрыліся сумесныя магістарскія праграмы па схеме «Адзін плюс адзін»: адзін год ідзе навучанне ў БДУ, а другі ў  ВНУ-партнёры, сярод якіх можна назваць Універсітэт Мітвайда (Германія), Хэнанскі ўніверсітэт (Кітай). Такія сумесныя магістарскія праграмы маюць добрыя перспектывы для развіцця.


Прагнозы
Вячаслаў Міхайлавіч разважае, што прыёмная кампанія ў параўнанні з мінулым годам у гэты раз бу­дзе ісці больш дынамічна з-за ўведзеных двух дадатковых рэ­зервовых дзён правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Атрымліваецца, апошні тэст пройдзе 10 ліпеня, а ўжо 12 чысла пачнец­ца прыём дакументаў. «Думаем, прыём дакументаў будзе ісці не менш інтэнсіўна, чым гэта было летась, – лічыць адказны сакратар. – Вядома, самы вялікі наплыў абітурыентаў будзе ў перыяд з 12 па 17 ліпеня, калі будуць прымацца дакументы на бюджэтную форму і на спецыяльнасці, па якіх неабходна праходзіць уступныя выпрабаванні ва ўніверсітэце (як за кошт сродкаў бюджэту, так і на платную форму). Мы рыхтуемся бачыць прыкладна 1 000 абітурыентаў кожны дзень». Каб з такой колькасцю справіцца, абітурыентам прапануецца выкарыстоўваць такую форму, як асабісты кабінет, ён ужо адкрыты і гатовы да працы. З яго дапамогай будучы студэнт можа спакойна дома запоўніць усе да­кументы, раздрукаваць і з імі прыехаць у БДУ. У гэты раз у асабістым кабінеце можна самастойна размясціць сваю фатаграфію, якая  далей будзе выкарыстоўвацца ў базе абітурыентаў. Пасля падачы дакументаў у асабістым кабінеце абітурыент будзе бачыць бягучы прахадны бал і зможа рэальна аца­ніць свае шанцы на паступленне.
У цэлым, як кажа Вячаслаў Міхайлавіч, быў сур’ёзна прааналізаваны ход кампаніі мінулага года, і пры арганізацыі працы сакратарыята прыёмнай камісіі ўніверсітэта і факультэтаў улічаны ўсе тыя пажаданні і рэкамендацыі, якія паступалі ад абітурыентаў і іх бацькоў.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *