Трэнер зборнай БДУ па ката Кацярына Лысенка: “Галоўнае — любіць сваю справу”

8 Jul, 2017.

Кацярына Лысенка, дырэктар мінскага клуба каратэ “Санга” Дзмітрый Осіка і трэнер гродненскага клуба каратэ-до Сіта-Ру Юрый Груца

Развіццё і папулярызацыя каратэ спрычынілі цікавасць да яго людзей самага рознага ўзросту і фізічных дадзеных. Вельмі важныя асаблівасці ў гэты працэс прынесла цікавасць да баявых мастацтваў з боку прыгожай паловы чалавецтва. Вобраз жанчыны-ваяўніцы, шануемы яшчэ з часоў антычнасці, набыў такім чынам адметныя сучасныя рысы. Гэта заканамерна: заняткі адзінаборствамі ўдасканальваюць фізічную форму, дапамагаюць супрацьстаяць стрэсам, выкоўваюць валявы характар і ўменне захоўваць навакол сябе гармонію, прапануюць рабочыя метады самааабароны. Апроч прыкладной сутнасці, усходнія баявыя мастацтвы і каратэ ў прыватнасці маюць вялікую эстэтычную каштоўнасць. Усё пералічанае разам з магчымасцю спартыўных дасягненняў і росту ў паясной сістэме прываблівае жанчын да таго, каб з часам станавіцца сапраўднымі майстрамі.

Вядомае выслоўе “прыгажосць патрабуе ахвяраў” у адносінах да каратыстак набывае асаблівае значэнне. Выступленне ў ката патрабуе ад іх ўмення прыпаднесці сябе і сваё выкананне, паядынак у кумітэ – умення праводзіць адначасова эфектыўную, кантралюемую і ацэньваемую тэхніку. Такі вынік дасягаецца толькі рэгулярнай, самаадданай і шматпланавай працай. Калі ж спартсменка становіцца трэнерам і пад яе наглядам, пераймаючы яе разуменне стылю, вырастаюць новыя байцы, гэта становіцца надзвычай каштоўнай падзеяй. Бо з самых першых крокаў прырода скіроўвае жанчыну да неабходнасці дасканалага разумення прыёмаў школы і поўнага авалодання мажлівасцямі цела.

Гераіня нашага артыкулу – старэйшы выкладчык кафедры фізвыхавання і спорта Кацярына ЛЫСЕНКА, – прайшла доўгі шлях станаўлення ў каратэ ад вучаніцы да ўладальніцы чорнага пояса 3 дана. Праца Кацярыны Мікалаеўны ў якасці трэнера зборнай БДУ па ката прынесла славу нашаму ўніверсітэту: яе выхаванцы рэгулярна становяцца пераможцамі спаборніцтваў рэспубліканскага і сусветнага ўзроўняў. Маючы апроч трэнерскага вопыту таксама і шырокую практыку уласных выступленняў, і досвед судзейскай работы, нашая суразмоўца ахвотна падзялілася актуальнымі ведамі і грунтоўнымі меркаваннямі наконт сутнасці баявога мастацтва каратэ і яго сучасных тэндэнцый.

– Кацярына Мікалаеўна, з чаго і калі пачынаўся Ваш шлях у каратэ? Як Вы дайшлі да пасады трэнера каманды БДУ па ката?

– Займацца каратэ я пачала вельмі даўно, яшчэ ў пачатковай школе. І гэта быў нават не мой выбар, а ў першую чаргу выбар маіх бацькоў. У пэўным сэнсе ўсё адбылося выпадкова. У дзяцінстве я спрабавала сябе ў розных відах спорта. Сям’я клапацілася пра тое, каб заахвоціць мяне да здаровага ладу жыцця, таму адпраўляла ў самыя розныя гурткі – каб пабачыць, дзе мне будзе лепш па самаадчуванні. Была мастацкая гімнастыка, дзе ў мяне ўсё атрымоўвалася досыць някепска, быў балет. Але потым у сувязі з пераездам у Бабруйск гэтыя магчымасці зніклі. У ваенным гарадку, дзе мы жылі, выбару асабліва не было. Тым не менш, секцыя каратэ была адразу побач з маёй школай. На заняткі мяне прывёў тата. Каратэ мне адразу вельмі спадабалася, і я вырашыла застацца. Прозвішча майго першага трэнера – Шмугліенка, – сёння невядомае ў нашых колах, паколькі ён з’ехаў з нашай краіны ў Германію.

Ці спатрэбіліся Вам уменні, набытыя ў мастацкай гімнастыцы?

– Верагодна, Вы пытаецеся пра гнуткасць і каардынацыю – якасці, якія гэты спорт развівае вельмі інтэнсіўна. Думаю, што яны спатрэбіліся – нават можна сказаць, што менавіта дзякуючы ім мая спартыўная кар’ера развівалася хутчэй, чым у дзяцей, якія толькі прыйшлі ў секцыю. Прынамсі, з каардынацыі то было дакладна: першае месца на самых першых спаборніцтвах я заняла менавіта дзякуючы перавазе ў ёй.

Як развівалася Вашая кар’ера? У якіх раздзелах Вы выступалі? Калі і чаму было прынята рашэнне трэніраваць?

– Пакуль я была маленькай, у нас не было вузкай спецыялізацыі. Я працавала і ў ката, і ў кумітэ. Калі ж падрасла, то выступала ўжо часцей у кумітэ. Удзельнічала ў спаборніцтвах рознага ўзроўню – ад гарадскіх турніраў да міжнародных чэмпіянатаў і чэмпіянатаў свету. А практыкавацца ў працы з дзецьмі я пачала ў 16 гадоў. Тут адразу трэба заўважыць: калі мы пачынем такую працу, то мусім рабіць выбар або на карысць або спартыўнай, або трэнерскай кар’еры. Пачаўшы трэніраваць, я зразумела, што знайшла сваё месца, што думаю толькі пра гэта і менавіта гэтага і жадаю. Таму зараз я ніколькі не шкадую, што кар’еру спартсмена я завяршыла ў 20-гадовым узросце і пасля гэтага цалкам аддалася трэнерству. Сваю прафесійную дзейнасць у гэтай галіне я першапачаткова звязала з БДУФК. Менавіта там я скончыла спецыялітэт, магістратуру і аспірантуру. Такім чынам, усё маё жыццё – у спорце. Вялікім жаданнем для мяне было развіваць каратэ ў студэнцкай сферы. На маю думку, Беларускі дзяржаўны універсітэт, дзе я працую старшым выкладчыкам на кафедры фізічнага выхавання і спорта, стварае для гэтага ўсе магчымасці.

Вы сказалі, што выступалі галоўным чынам у кумітэ. Як і ў сувязі з чым адбыўся пераход у ката?

– Перайсці ў выкладанне ката было маім асабістым рашэннем. У юнацтве я сапраўды працавала больш у кумітэ, але мела і вопыт катыста. У арганізацыі, дзе я пачынала працаваць, былі добрыя трэнены па кумітэ, але трэнераў па ката, узровень якога патрабавалася падымаць, не было. Таму я пачала развівацца ў гэтай якасці і неўзабаве стала ля вытокаў пераходу Беларускай федэрацыі традыцыйнага каратэ-до да спартыўнга кірунку. Калі мы пераходзілі да стылю Сіта-Ру, то самыя першыя крокі рабілі разам з сэнсэем Рашыднія, які прыехаў у нашую краіну менавіта з мэтай нашага навучання. З гэтай прычыны пераход у ката не быў для мяне складаным. Потым я наведвала шмат семінараў, у тым ліку семінары нашага першага сэнсэя. Мы выкарыстоўвал любую магчымасць, каб навучыцца Сіта-Ру, таму і самі прыязджалі да Рашыдніі, і ён прыязджаў да нас. Натуральна, значную ролю ў маім станаўленні як трэнера па ката адыграла таксама чытанне навукова-метадычнай літаратуры і навучанне ва ўніверсітэце – асабліва ў аспірантуры, падчас якой была прааналізавана вялікая колькасць аўтарытэтных крыніц. Праробленая праца дапамагае мне весці развіццё фізічных якасцей спартсменаў у правільным русле. На маю думку, любы трэнер абавязаны валодаць ведамі па тэорыі і методыцы фізічнага выхавання на 100 адсоткаў.

Скажыце, ці не шкада Вам велізарнага вопыту ў кумітэ? Калі б зараз, скажам, вярнуць час назад і даць мажлівасць рыхтаваць кумітыстаў, Вы скарысталіся б гэтым? Або Вам цалкам падабаецца як склаўся лёс?

– Калі я працую з маленькімі дзецьмі, то выкладаю і ката, і кумітэ. Але гэта разнапланавыя кірункі: у першым прэваліруе статыка, у другім – дынаміка. І  чым старэйшымі становяцца выхаванцы, тым мацней узрастае неабходнасць вызначыцца са спецыялізацыяй. Таму ў дзіцячых групах я працую па абодвух раздзелах, а на больш высокім узроўні спецыялізуюся ў ката. Па шчырасці, я вельмі люблю гэты раздзел – і, напэўна, ужо больш, чым іншы. У мяне добра атрымоўваецца працаваць з катыстамі. Але я вельмі хачу, каб мае спартсмены былі паспяховымі ў абедзвюх спецыялізацыях.

Раскажыце пра сваіх выхаванцаў. Наколькі буйная Ваша практыка і як яна суадносіцца з Вашай дзейнасцю ў БДУ?

– Практыка мая досыць вялікая. Акрамя ўніверсітэта я таксама працую трэнерам у спартыўным клубе “Адамант”, які належыць да шэрагу клубаў Беларускай федэрацыі традыцыйнага каратэ. Сярод маіх выхаванцаў 10 майстраў спорту, большая частка з якіх – выпускнікі БДУ. Ёсць і майстар спорту міжнароднага класа ПАЦОЎСКАЯ Яўгенія, якая таксама атрымала сваё высокае званне будучы студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Наогул складваецца так, што больш маладыя з маіх выхаванцаў бачаць: у БДУ моцная каманда, універсітэт падтрымліваюць. Таму потым у якасці абітурыентаў робяць выбар на карысць БДУ, што вельмі добра. Каманду нашага ўніверсітэта на буйных спаборніцтвах складаюць некалькі клубаў – так было, напрыклад, і на рэспубліканскай Універсіядзе ў гэтым годзе. І я вельмі радая гэтыму адзінству. Вельмі прыемна, што ўсе мы рухаемся ў адзіным накірунку і заваёўваем медалі для сваёй ВНУ. Са свайго боку я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб нашая каманда мацнела. І каб на спаборніцтвах высокага ўзроўню ніколі не было, скажам, асобнай каманды клуба “Адамант” або клуба “Фудасін”, а каб заўжды была зборная БДУ. І чым мацней яна будзе, тым лепш будзе выглядаць наша ВНУ на міжнароднай арэне.

Вельмі хочацца спытаць пра Вашае асабістае ўспрыняцце таго, што Вы выкладаеце. Вядома, што нават сярод найбуйнейшых майстроў каратэ існуюць палярныя меркаванні пра тое, наколькі ката прывязанае да рэальнага паядынку. Як Вы бачыце дадзеную праблему?

– У двух словах такое пытанне асвятліць складана, аб ім можна разважаць вельмі доўга. Але першааснову каратэ мастацтва вядзення бою без зброі складаюць кіхон і ката. Гэта меркаванне самых розных майстроў, і я згодная з ім. Наколькі мне вядома, нават чэмпіёны свету ў раздзеле “Кумітэ” – той жа Рафаэль Агаеў, той жа Рутара Арага, – практыкуюць і ката, і кіхон. Таму што паядынак будуецца на падставе тых жа самых прынцыпаў. І толькі авалодаўшы базавай тэхнікай і комплексамі ката ў поўным аб’ёме, можна зразумець, што такое каратэ як баявое мастацтва. Канешне, іншае пытанне, наколькі сённяшні спорт блізкі да сапраўднага каратэ. Але што тычыцца ката, то я цалкам ўпэўнена ў яго рэалістычнасці. Калі глядзіш і аналізуеш выступленні катыстаў высокага ўзроўню, страшна ўявіць сабе магчымасць падставіцца пад удары, бо змест у іх вельмі важкі і сапраўдны. Авалодаўшы тэхнікамі ката, адпрацаваўшы іх з партнёрамі падчас практыкі бункай і падчас работы на лапах, можна зрабіць сваё каратэ рэальным і прыдатным да выкарыстання ў крытычных сітуацыях.

– Вам даводзілася гэта рабіць?

– На шчасце, настолькі сур’ёзных сітуацый у мяне не было. Выносіць баявое мастацтва за межы залы даводзілася хіба што ў дзяцінстве. Калі аднагодкі даведваліся, што дзяўчынка займаецца каратэ, першае пытанне было “а пакажы прыёмчык”. Гэтага моманту грамадскага стаўлення, канешне, ніхто не адмяняў. Тым не менш, я заўжды кажу сваім вучням: калі ты апрануў чорны пояс, то маеш быць упэўненым у сабе і здольным выкарыстаць веды ў выпадку самаабароны.

Вы ўзгадалі практыку бункай – расшыфроўку прыёмаў ката. Калі пачаткоўцу паказваюць, напрыклад, прыём гэдан барай, то звычайна тлумачаць, што гэта блок ад удараў у ніжні ўзровень. Сярод адрытых крыніц чалавек можа пабачыць такія, дзе тое ж дзеянне пазіцыянуецца інакш – напрыклад, як абарона ад захвата за перадплечча, што дазваляе ўзяць атакуючую руку на злом. Або як канечны момант вызвалення ад захвата за абедзве рукі, калі праводзіцца звальванне апанента. На Ваш погляд, наколькі апраўданыя падобныя варыяцыі ў практыцы бункай? І што наогул лепш: класіка ці імправізацыя?

Разам з сэнсэем Веніямінам Гармаевым — вучнем Цугуа Сакумота

– Варыяцый расшыфроўкі рухаў на самой справе мноства. Асабіста я з’яўляюся прыхільніцай традыцыйнай школы. Адказ на Вашае пытанне можна праілюстраваць на прыкладзе папулярнага ката Анан. Спрэс і побач існуе і пастаянна з’яўляецца нанава безліч разнавіднасцяў яго бункай: дадаюцца разнастайныя “банцікі”, замахі, змяняюцца амплітуды рухаў. Робіцца гэта, пэўна, для дэманстрацыі індывідуальных здольнасцяў спартсменаў, асаблівасцяў трэнерскага падыходу і школ той ці іншай краіны. Але асабіста мне як паслядоўніцы традыцый цікава было вывучыць ката Анан у тым выглядзе, у якім яго выкладаў Цугуа Сакумота — майстар стылю Руэй-Ру, да якога належыць комплекс. Я намерана шукала спецыялістаў, якія змаглі б мне распавесці пра асаблівасці ката, якія падразумяваліся ў ім першапачаткова. Бо маючы безліч варыяцый ката і дапускаючы імправізацыі ў выступленні, мы міжволі сыходзім ад таго ката, якім яно было створана.

Ці можна зрабіць выснову, што няма ні стандартызацыі ката, ні адзінага разумення іх зместу? Каратэ застаецца эзатэрычным мастацтвам?

– Напэўна, не зусім так. Ізноў жа, узгадаем, што ёсць раздзяленне паміж спартыўным і традыцыйным каратэ. Спорт набывае ўсё большай відовішчнасці, і ўвядзенне імправізацыйных элементаў у ката скіравана менавіта на яе павелічэнне. І ў пэўнай ступені, як я ўжо адзначыла, на дэманстрацыю спартсменамі сваіх індывідуальных асаблівасцяў.

Што ў гэтым святле складаней – судзіць ката ці выступаць з ім?

– І судзіць, і выступаць складана па-свойму. Гэта дзве зусім розныя работы. Найбольш цяжка судзейская праца даецца, напэўна, у першыя часы. Потым, калі ў суддзі з’яўляецца вопыт, становіцца лягчэй. Але ніхто не адмяняў хваляванне. І калі судзіш міжнародныя спаборніцтвы, то воляй-няволяй, але нервуешся – гэтак жа, як і спартсмен перад выхадам на татамі, колькі б вопыту ў яго ні было. Судзейства і выступленне – гэта асобыя зоны вялікай адказнасці.

– У якасці спартсменкі Вы здзейсніліся і ў мастацкай гімнастыцы, і ў каратэ. Таму наконт судзейства хочацца задаць Вам асаблівае пытанне. Заснавальнік японскага каратэ і стваральнік стылю сётакан Фунакошы Гіцін у кнізе “Каратэ-до: мой спосаб жыцця” пісаў пра свае назіранні за спаборніцтвамі па мастацкай гімнастыцы. Майстар прыйшоў да думкі, што і ката можна выкарыстоўваць ў падобных мэтах: яны складаюцца з грацыёзных рухаў, якія нагадваюць рухі танцаў, і могуць быць выкананы ў любым месцы. Скажыце, наколькі гэта слушна з Вашага пункту гледжання? Наколькі мэтазгодна ацэньваць ката, падобна да выступленняў гімнастак, па бальнай сістэме – так, як гэта робіцца ў Японіі на спаборніцтвах JKA?

– Выступленне ў ката куды больш глыбокае па сэнсавым напаўненні, чым выступленне ў мастацкай гімнастыцы. Таму што ў рухі каратэкі, якія знешне могуць падавацца гімнастычнымі практыкаваннямі, закладзены асаблівы змест. У іх адлюстраваны прынцыпы баявога мастацтва і сама яго сутнасць, закладзена вельмі многа рэальнасці. Таму нават вонкавае падабенства да гімнастыкі, з якім я, магчыма, пагаджуся, не змяняе таго факту, што гэта абсалютна розныя рэчы. Што ж тычыцца ацэньвання ката, то ў гэтым пытанні каратэ прайшло даволі доўгі шлях. Будучы спартсменкай, я выступала па бальнай сістэме, якую Вы ўзгадалі. Калі мы пачалі працаваць па правілах WKF, замест балаў ужо былі сцяжкі. Параўноўваючы дзве сістэмы, цяжка сказаць, якая з іх лепш прыдатная да ацэньвання, у кожнай ёсць свае плюсы.

На спаборніцтвах у горадзе Лобня (Расія)

Якія менавіта?

– Па бальнай сістэме судзяцца не толькі спаборніцтвы JKA, але і многія стылявыя чэмпіянаты. Сярод іх – расійскія спаборніцтвы па Сіта-Ру ў горадзе Лобня. Мае спартсмены неаднаразова прыймалі ў іх удзел, таму маюць досвед змагання пры судзействе па абедзвюх сістэмах. Плюсы бальнай канцэпцыі перш за ўсё ў тым, што пры яе ўвасабленні паслядоўна праглядаюцца і ацэньваюцца ўсе выступоўцы, пасля чаго лепшыя адбіраюцца згодна з выстаўленымі адзнакамі. Але насамрэч бальная сістэма настолькі ж суб’ектыўная, як і сцяжковая. Хіба што ацэньванне па сцяжках утрымлівае фактар удачы ў жараб’ёўцы, бо прадугледжвае асабістыя паядынкі. Спартсмен можа сустрэцца з будучым чэмпіёнам спаборніцтваў у першым крузе, прайграць яму і пасля прымаць удзел толькі ў суцяшальных паядынках, змагаючыся за трэцяе месца. А можа сустрэцца з самым моцным супернікам толькі ў фінале і стаць першым ці як мінімум другім. Але калі ты падрыхтаваны сапраўды добра, то няважна, па якой сістэме змагаешся.

На ўручэнні дыпломаў за дасягненні пасля ўзятага срэбра на Еўрапейскіх студэнцкіх гульнях сярод універсітэтаў (2016 год)

Наступнае пытанне будзе правакацыйным. Скажыце, ці ёсць у Вас любімае ката?

– Мне падабаюцца ката з розных кірункаў. Таму цяжка сказаць, якое з іх самае любімае. З апошняга, напэўна, гэта Супарынпэй. Гэтае ката дазвалее добра раскрыць прынцыпы каратэ і падараваць іх разуменне. У ім багата спалучэнняў павольных і хуткіх рухаў, яно цалкам будуецца на кантрастным выкананні. Можа быць, гэта галоўнае, чым яно мне падабаецца.

А як вы ставіцеся да выпадкаў, калі за ката такога ўзроўню бяруцца не майстры, а, скажам, дзеці? Выкананне імі ката вышэйшага ўзроўню можна бачыць на самых розных турнірах – праўда, можа быць, не Супарынпэй, а, напрыклад, Ванкан ці Чынтэ. Тое, што знешне здаецца не настолькі складаным тэхнічна, хаця на самой справе мае плойму нюансаў. Як Вы ставіцеся да такіх ініцыятыў?

На сёлетніх спаборніцтвах рэспубліканскай Універсіяды па каратэ

– Адмоўна. Такая практыка сапраўды існуе, і, на жаль, часам даводзіцца яе прытрымлівацца. Раней вельмі вялікую ролю ў ацэньванні ката адыгрываў такі крытэрый, як тэхнічная складанасць, на ўзровень ката рэагавалі вельмі многія суддзі. Калі трэба выстаўляць дзіця на спаборніцтвы, дзе ўсе робяць вышэйшыя ката, то маеш неяк падладжвацца пад гэта. На шчасце, зараз крытэрый “складанасць” разглядаецца трошкі па-іншаму. Да таго моманту, пакуль дзіця не авалодала базавымі ката, – у выпадку з Сіта-Ру гэта комплексы серыі “Пінан”, – пакуль яно не зразумела базавыя прынцыпы каратэ, з вышэйшымі ката яму рабіць няма чаго. Таму што ўсё, што можа адбыцца ў такім разе – звычайнае капіраванне элементаў. Безумоўна, я не выключаю таго, што ёсць таленавітыя дзеці, якія чуюць трэнера, якія здольныя адчуць і работу сцягна, і шмат якія іншыя прынцыпы. Але ў агульнай масе навучэнцу без базавых ведаў вышэйшыя ката выкладаць не варта. Тым больш калі мы кажам пра такі комплекс, як Супарынпэй – на маю думку, ён павінен дэманстравацца максімальна позна.

Калі можна, распавядзіце пра свае найбліжэйшыя планы ў якасці трэнера. На якія спаборніцтвы Вы рыхтуеце сваіх падапечных?

– Зараз нас чакае вельмі сур’ёзны старт – чэмпіянат Еўропы сярод універсітэтскіх каманд, які пройдзе ў Партугаліі з 23 па 28 ліпеня. Ад нашай краіны едуць 6 прадстаўнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і 5 прадстаўнікоў БДУФК. На жаль, у гэтым годзе спаборніцтвы падтрымліваюць толькі дзве ВНУ. Для нашых выхаванцаў гэта вельмі важнае мерапрыемства, якое зможа ўсяму свету паказаць, што такое беларускае студэнцкае каратэ. Таму зараз мы ўзмоцнена рыхтуемся і трэніруемся. Спадзяюся, праца прынясе нам поспех.

А чаму толькі дзве ВНУ падтрымалі ініцыятыву?

– Магчыма, паўстала пытанне фінансавання. Паездка ў Партугалію вельмі дарагая, таму без дапамогі студэнты яе не выцягнуць. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт падтрымлівае сваіх выхаванцаў у тым ліку і ў фінансавых адносінах, за што вялікі дзякуй нашаму кіраўніцтву. Таксама вельмі значкую дапамогу ў тым, каб нашыя спартсмены паехалі на спаборніцтвы, аказвае Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту і Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

На Універсіядзе разам з выхаванцамі — залатымі медалістамі, — і трэнерам зборнай БДУ па кумітэ Леанідам Лушчыкам

– З чаго складаецца падрыхтоўка да Чэмпіянату?

– Найперш гэта вялікія аб’ёмы работы над тэхнікай. Нашая каманда выступае ў індывідуальным і камандным ката і ў кумітэ. Таму зараз мы напрацоўваем мноства тактычных схем. Чэмпіянат Еўропы сярод універсітэтскіх каманд – гэта сапраўды высокі спаборніцкі ўзровень. Нам патрэбна дабіцца стопрацэнтнай сінхроннасці выканання каманднага ката, падрыхтаваць відовішчны бункай. Паколькі часу яшчэ хапае, мы ўключаем у трэніроўкі таксама спецыяльную фізічную і псіхалагічную падрыхтоўкі. Апошняе дужа важліва, бо такі высокі старт патрабуе ад студэнтаў вялікай адказнасці. Каб паказаць свае найлепшыя вынікі, мы маем быць гатовыя ў тым ліку і маральна.

Ці паедуць на спаборніцтвы нашыя суддзі?

– Судзейскі састаў Чэмпіянату складаецца Еўрапейскай федэрацыяй каратэ (EKF). У рэспубліцы ёсць суддзі належнай кваліфікацыі, але ў гэты раз яны будуць вывозіць спартсменаў у якасці трэнераў. Так, каманду БДУФК узначаліць Старшыня судзейскага камітэту Беларускай федэрацыі каратэ КРАЕВІЧ Аляксандр Сяргеевіч. На сённяшні дзень Аляксандр Сяргеевіч з’яўляецца адзіным суддзёй у рэспубліцы, які мае атэстацыю WKF – сусветнай федэрацыі каратэ.

– Заключныя пытанні хацелася б задаць наконт тых студэнтаў, якія прыходзяць у каратэ не дзеля медалёў, а проста займацца “для душы”. Што самае галоўнае ў працы з імі? Ці не позна прыходзіць займацца ў 18-20 гадоў ці пазней?

– Каратэ – гэта доўгі шлях, які ўключае ў сябе не толькі выступленні на спаборніцтвах. Гэта вельмі шматгранны свет, і ён дазваляе развіваць сябе як фізічна, так і духоўна. Спорт – гэта толькі маленькая частка вялікай дарогі, і каратэ не павінна заканчвацца толькі на ім. Калі спартсмен разумее, што больш не можа або не хоча выступаць, то можа працягваць развівацца як трэнер, як суддзя ці як чалавек, які проста любіць каратэ. Гэта заўжды здорава, мы заўжды гэта вітаем. Што ж тычыцца тых, хто прыходзіць у каратэ ў сталым узросце ўпершыню, то ў працы з такімі людзьмі вельмі важна з самага пачатку зразумець іх мэты. Бо калі, скажам, чалавек не нацэлены на спорт, а яго прымушаюць спаборнічаць, то, хутчэй за ўсё, ён зламаецца псіхалагічна. Мы заўжды вітаем тых, хто пасля паступлення ва ўніверсітэт упершыню прыходзяць у дадзё, і стараемся ўсяляк падтрымліваць такіх людзей. Таму што мы вельмі моцна шануем наша баявое мастацтва.

Што Вы пажадаеце нашым студэнтам – і пачаткоўцам, і тым, хто аднаўляе былыя навыкі?

– Усім сваім спартсменам, у тым ліку і пачаткоўцам, я заўжды кажу, што самае галоўнае – любіць тое, чым мы займаемся. Калі мы падыходзім да заняткаў каратэ з любоўю, то атрымліваем задавальненне ад таго, што прыходзім у залу, што бачым твары адно аднаго, што разам трэніруемся. Таму я жадаю кожнаму з нашых студэнтаў любіць сваю справу. Калі гэта будзе, то будуць і вынікі, і здароўе, і наогул ўсё будзе атрымлівацца.

Сяргей МАЕЎСКІ

Фота: аўтара; з асабістых архіваў Кацярыны Лысенка і Аляксандра Мудрацова

print

Вам таксама можа спадабацца: