«Беларусь вітае Сочы!». БДУ праявіў сябе на XIX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў (+відэа)

30 Oct, 2017.

Алімпійскі парк у Сочы на 9 дзён стаў краінай моладзі. Больш за 20 000 чалавек з 188 краін свету прыехалі на XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў, які ўжо трэці раз прымала суседка Расія.

«Беларусь вітае Сочы» – натхнёна і з гонарам у адзін голас прагучалі прывітальныя словы беларускай моладзі на адрас цёплага паўднёвага курорта і ўсіх удзельнікаў маштабнага форуму. Беларускую дэлегацыю ў складзе 300 чалавек прадстаўлялі навучэнцы краіны і працоўная моладзь з розных сфер дзейнасці: інжынеры, журналісты, вучоныя, медыкі і дызайнеры. Сярод іх і «міні-дэлегацыя» з БДУ – 15 студэнтаў і выкладчыкаў, якія, быццам на Алімпіядзе,  на тыдзень сталі адной камандай – зборнай Рэспублікі Беларусь. А зараз пра самае цікавае, што нас чакала! Галоўны медыяцэнтр – вялікі кангрэсна-выставачны комплекс у Алімпійскім парку ў Сочы,  які стаў галоўнай адукацыйнай і забаўляльнай пляцоўкай для ўдзель­нікаў сусветнага фестывалю. Асноўная выстава Youth Expo ўяўляла сабой маштабны калейдаскоп, дзе кожная замежная дэлегацыя і рэгіёны Расіі не толькі дэманстравалі моладзі дасягненні свайго краю і распавядалі пра яго «разы­начкі», але і праводзілі цікавыя інтэрактыўныя гульні, віктарыны і флэшмобы, дарылі падарункі і запрашалі ў госці. Беларускаму стэнду ад наведнікаў не было адбою. Гасцям хацелася сфатаграфавацца  ў сапраўднай хакейнай форме і пазабіваць булітаў, даведацца пра дзейнасць вядучых моладзевых   арганізацый, нашыць на беларускіх зуброў вышыванак, пасмакаваць мёд і гарбату, намаляваць беларускі аўтэнтычны арнамент і, безумоўна, спытаць пра Беларусь!

– Удзельнікі фестывалю былі ўражаны падрыхтоўкай нашай дэлегацыі да гэтага свята, рабілі кампліменты нашай фірмовай экіпіроўцы і казалі, што каб арганізатары праводзілі конкурс на самую стыльную і сяброўскую зборную, то беларусы б пэўна перамаглі! – дзеліцца ўражаннямі на­чальнік УВРМ Аляксей Багамазаў.

Больш за тое, беларуская экспазіцыя, выкананая ў беласнежна-сініх колерах, увесь час ненаўмысна нагадвала пра хуткае правя­дзенне II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе, якія адбудуцца ў Мінску, таму невыпадкова, што шмат ахвотных звярталіся да дэлегатаў  з жаданнем стаць валанцёрамі гэтай спартыўнай падзеі і пабы­ваць у нашай сталіцы.

– Для мяне стала прыемным здзіўленнем тое, што амаль усе замежнікі не пыталіся, што гэта за краіна такая Беларусь і дзе яна знаходзіцца, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Яўген Харук, старшыня Студэнцкай асамблеі БДУ, – а адразу цікавіліся, як да нас можна прыехаць і што лепш паглядзець!

Акрамя выставы аргкамітэт сусветнага фестывалю падрыхтаваў для ўдзельнікаў вялікую праграму,  у межах якой кожны мог знайсці  сабе занятак даспадобы. У медыяцэнтры з раніцы да вечара была запланавана вялікая адукацыйна-пазнавальная праграма. Лекцыі і панэльныя дыскусіі тычыліся дзевяці актуальных для ўсяго чалавецтва пытанняў: экалогіі і здароўя, медыйна-культурнай прасторы, новых медыя, грамадзянскага развіцця, праектавання будучыні, глабальнай палітыкі, эканомікі, тэхналогій будучай навукі і адукацыі. Праводзіліся шматлікія майстар-класы і воркшопы па дзясятках самых розных кірункаў, дзелавыя   гульні ў сферы інфармацыйных тэхналогій, новых медыя, развіцця лідарскіх здольнасцяў. Маладым людзям удалося пагутарыць з такімі вядомымі людзьмі, як французскі пісьменнік Фрэдэрык Бегбедэр, матывацыйны аратар Нік Вуйчыч, задаць пытанне паспяховаму Герману Грэфу, паслухаць знакамітых акцёраў і рэжысёраў, спевакоў і музыкантаў. Чарга выстройвалася на сустрэчы і сэлф-сесіі з расійскімі палітыкамі – Сяргеем Лаўровым, Дзмітрыем Пясковым, Уладзімірам Жырыноўскім, Марыяй ЗахаравайІгарам Шувалавым. Завітаў на выставу і наш зямляк, касманаўт Алег Навіцкі, які распавёў пра свае пачуцці падчас знаходжання ў    космасе і назіранні за зямлёй з вышыні. А яшчэ на фестывалі можна было шмат танцаваць пад песні розных народаў, маляваць, ву­чыц­ца фларыстыцы, заўзець за чэмпі­ёнаў па «танчыках», назіраць за бітвай робатаў і, безумоўна, знаё­міцца, знаёміцца… і заводзіць новых сяброў.Прыхільнікі спорту паўдзельнічалі ў марафонах, мас-рэслінгу,  хакеі і фігурным катанні, паспра­чаліся «краінамі» на футбольным полі, паказалі свае фізічныя здоль­насці пры здачы нарматываў, паслухалі ўдзельнікаў гоначнай ралі-каманды пра марафон «Шаўковы шлях». На тэрыторыі Алімпійскага парку знаходзяцца цікавыя, нават для дзяўчат музеі спартыўных і рэтрааўтама­бі­ляў – сапраўдны балід «Форму­лы­-1» і экіпіроўка гоншчыкаў, а таксама любімыя для нашай постсавецкай душы «Масквічы», «Жыгулі», «Волгі».
Арганізатары паклапаціліся і пра аматараў мастацтва. Так, на суд моладзі былі адкрыты выставы сочынскіх і іншых расійскіх мастакоў, павітаць удзельнікаў прыехаў  і Сусветны моладзевы сімфанічны аркестр, працавала танцавальная акадэмія пад кіраўніцтвам Ягора Дружыніна, кожны вечар право­дзіліся канцэрты з удзелам прадстаўнікоў розных дэлегацый фес­тывалю, адбываліся паказы кіна­фільмаў.
Тыдзень праляцеў імгненна. І галоўнае шкадаванне, якое засталося пасля фестывалю – як жа    мала часу было ў сутках, каб пас­пець усё паглядзець і ва ўсім па­ўдзель­нічаць.

Лізавета ХМЕЛЬ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *