Кулінарныя жарсці. У студгарадку пасмакавалі беларускія нацыянальныя стравы (+відэа)

6 Oct, 2017.

28 верасня ў інтэрнаце № 7 у рамках фэсту студэнцкай творчасці прайшоў “Кулінарны конкурс”. У самым смачным змаганні каманды з дзевяці інтэрнатаў высвятлялі, хто з іх найлепшы ў кулінарнай справе. Газета "Універсітэт" пакаштавала стравы ўдзельнікаў і пагутарыла з камандамі пра гатаванне ў інтэрнаце, улюбёныя стравы і рэцэпты ад бабулі.

Сёлета тэмай кулінарнага конкурсу абралі беларускую нацыянальную кухню. Каманды павінны былі прыгатаваць знаёмыя многім з дзяцінства стравы: верашчаку, сырнікі і страву з бульбы. Аднолькавы набор прадуктаў быў прадстаўлены, а студэнты дапоўнілі яго сваімі інгрэдыентамі. На гатаванне трох страў былі адведзены дзве гадзіны.

Абаранялі гонар сваіх інтэрнатаў удзельнікі 9 каманд:

- інтэрнат № 1 – "Наліўныя яблычкі";

- інтэрнат № 2 – "Галодныя хімікі";

- інтэрнат № 3 – "Яшчэ дабаўкі!";

- інтэрнат № 4 – "Той самы смак";

- інтэрнат № 5 – "Пяцёрачка";

- інтэрнат № 6 – "Унучкі";

- інтэрнат № 7 – "Я – дзярэўня, я – сяло!";

- інтэрнат № 10 – "Васількі";

- інтэрнат № 11 – "З ваciльковымi вачыма".

У кожнай камандзе па 5 удзельнікаў. Кухары прызнаюцца, што вельмі любяць гатаваць і ўвесь час робяць гэта ў інтэрнаце і дома, таму і вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе. "У нас у інтэрнаце быццам сям'я і мы ўвесь час гатуем усё разам", – прызнаецца ўдзельніца адной з каманд, замешваючы цеста для сырнікаў.

Кухні ў інтэрнаце адшукаць нескладана. Проста ідзяце на прыемныя водары хатняй ежы, якая разносіцца па калідоры. На кухнях горача ад разагрэтых пліт і стараннасці ўдзельнікаў. А гукі нарэзкі і націрання, закіпання і сквірчэння ствараюць своеасаблівую сімфонію.

- Гэй, дзе мука, тэрмінова знайдзіце мне муку! – чуваць нервовы голас аднаго з удзельнікаў.

- Не перажывай, у нас яшчэ хапае часу, – супакойвае яго шэф-повар каманды.

Нягледзячы на тое, што заданне для кожнай каманды аднолькавае, стравы ўсё-такі здзіўляюць сваёй разнастайнасцю. Кожная каманда самастойна выбірала рэцэпт і дапаўняла яго сваімі ідэямі. Хтосьці знайшоў цікавы рэцэпт на кулінарным сайце, іншыя гатвалі па сваім правераным рэцэпце, а некаторыя ўдзельнікі нават кансультаваліся ў мам і бабуль. Самай складанай стравай для большасці каманд апынулася верашчака, бо некаторыя да абвяшчэння ўмоў конкурсу пра яе нават і не чулі, хтосьці каштаваў у вёсцы ў бабулі, але самастойна не гатаваў. Таму некаторыя дзеці перад конкурсам нават вучыліся гатаваць яе ў сваіх інтэрнатах.

А пакуль на кухнях кіпелі жарсці, каманды інтэрнатаў выступілі для журы і гасцей з творчымі візітоўкамі. Групы падтрымкі спявалі, танчылі, чыталі вершы беларускіх паэтаў і выступалі з гумарыстычнымі сцэнкамі. А таксама студэнты сервіравалі і ўпрыгожвалі сталы.Пасля дзвюх гадзін кулінары прадставілі на суд свае шэдэўры. Удзельнікі прайшліся па зале, прадэманстраваўшы ўсім стравы. Па актавай зале разнесліся апетытныя водары і ўсім ужо не цярпелася пакаштаваць. Першымі стравы ацаніла журы: дырэктар студэнцкага гарадка Ала Уладзіміраўна Мелех, начальнік упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю Аляксей Пятровіч Багамазаў, начальнік псіхалагічнай службы БДУ Руслан Пятровіч Папок, намеснік дырэктара студэнцкага гарадка па адміністрацыйна-гаспадарчай працы Ігар Іосіфавіч Заяц. Судзілі каманды па некалькіх крытэрыях: творчая візітная картка, сервіроўка стала, арыгінальнасць рэцэптаў і афармленне і, вядома, смакавыя якасці страў.Ніводзін з удзельнікаў не сышоў без прызоў. Кожная каманда атрымала дыплом за ўдзел і салодкі прыз. Прызёрамі ў конкурсе сталі:

Каманда інтэрната № 2 – "Галодныя хімікі" занялі 3 месца. Яны атрымалі дыплом, салодкія прызы, а таксама падарунак ад фундатара – зніжку 25 % на марозіва ад кампаніі ICEROLL.

Каманда інтэрната № 6 – "Унучкі" сталі другімі. Яны атрымалі дыплом, салодкія прызы, а таксама падарунак ад фундатара – зніжку 50 % на марозіва ад кампаніі ICEROLL.

Пераможцамі конкурсу стала каманда інтэрната №7 – "Я – дзярэўня, я – сяло!". Яны таксама атрымалі дыплом, салодкія прызы, а таксама падарунак ад фундатара – сертыфікат на марозіва ад кампаніі ICEROLL. А кожны повар каманды-пераможца атрымаў у падарунак кулінарную кнігу ад Студэнцкага гарадка БДУ.

Пасля абвяшчэння пераможцаў і фота на памяць усе ахвотнікі змаглі, нарэшце, пакаштаваць стравы каманд. Газета "Універсітэт" таксама не засталася ўбаку і пасылае кампліменты выдатным кухарам.

Дар'я КОЎЗА
Фота Таццяны Багамазавай
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа тут

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *