Пад эгідай Канфуцыя. У БДУ адкрылі помнік вялікаму кітайскаму філосафу (+відэа)

31 Oct, 2017.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі ў рамках праекта «Пояс і Шлях» прайшла 26 кастрычніка ў БДУ. Мерапрыемства накіравана на ўмацаванне беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навукі. Яго ўдзельнікамі сталі каля 100 кіраўнікоў беларускіх ВНУ, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў Кітая.
З вітальнымі словамі да ўдзель­нікаў звярнуліся міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка і рэктар БДУ Андрэй Кароль.На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады, прысвечаныя пы­танням сучаснага стану і перспектывам развіцця сістэмы адукацыі Беларусі і Кітая. Таксама быў пра­аналізаваны досвед узаемадзеяння ўніверсітэтаў дзвюх краін і выз­начаны шляхі ўмацавання іх супрацоўніцтва. З дакладам «Эвалюцыя сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі» выступіў рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Віктар Гайсёнак. Пра стратэгію развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі нашай краіны распавёў началь­нік Галоўнага ўпраўлення прафе­сійнай адукацыі Міністэрства аду­кацыі Сяргей Каспяровіч. Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзь Пальчык выступіў з дакладам «Падрыхтоўка і атэстацыя навуковых кадраў у Рэспубліцы Беларусь». Акрамя таго, дырэктар Даследчага інстытута вышэйшай адукацыі ДПУ Чжан Дэсян прадставіў асноўныя кірункі рэформаў вышэйшай адукацыі ў Кітаі. А яго намеснік Цун Мін падзяліўся досведам камерцыялізацыі вынікаў   навуковых даследаванняў кітайскіх універсітэтаў.
Выступленне дырэктара Рэс­пуб­ліканскага інстытута кітая­знаўства імя Канфуцыя БДУ Анатоля Тозіка было прысвечаны ўзаемадзеянню ўніверсітэтаў дзвюх краін.
Вынікам форуму стала распрацоўка рэкамендацый па развіцці партнёрскіх адносін паміж Бела­руссю і Кітаем у галіне адукацыі і навуковай дзейнасці.

У рамках форуму адбылося ўрачыстае адкрыццё Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымінам бюста філосафа Канфуцыя.

Гэты сімвалічны акт не выпадковы. У цяперашні час у БДУ навучаецца 720 грамадзян Кітая. Таксама доля кітайскіх студэнтаў, хто пас­тупае ў бягучым наборы, самая вялікая ад агульнай колькасці за­межных абітурыентаў (64 %).

Рэктар БДУ Андрэй Кароль адзначыў: «Мы сёння прысутнічаем на вельмі значнай гістарычнай па­дзеі – адкрыцці бюста вялікаму мудрацу, чые ідэі і погляды аказалі ўплыў на многія сферы жыцця­дзейнасці грамадства, у тым ліку і на навуковую сферу. Адметна, што першы на тэрыторыі нашай краіны бюст філосафа Канфуцыя ўстаноўлены ў БДУ і будзе знаходзіц­ца побач з помнікамі выбітных лю­дзей, значных для нашай дзяр­жавы, сярод якіх Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі».

Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі РІВШ, РІК імя Канфуцыя БДУ, Далянскі політэхнічны ўніверсітэт.

Сяргей ШАФАЛОВІЧ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *