Супрацоўніцтва праз творчасць. На філфаку прайшлі майстар-класы пераможцаў конкурсу “Настаўнік года” (+відэа)

26 Oct, 2017.

У апошняй дэкадзе верасня на базе філалагічнага факультэта БДУ прайшлі майстар-класы па беларускай, рускай мове і літаратурах. Мерапрыемства праходзіла ў межах Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь–2017”, які арганізоўвае Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, і было адзначана Падзякай міністра адукацыі Ігара Карпенкі.

Кожны педагог-майстар змог разгарнуць сваю творчую дзейнасць на поўную моц: шырока выкарыстоўвалася праца ў творчых і даследчых навучальных групах, на ўсіх уроках занятках ужываліся сучасныя інфармацыйна-камунікатыўныя адукацыйныя тэхналогіі. Нязмушаную, непаўторную атмасферу на майстар-класах стварала не фармальнае, але матывацыйна насычанае суразмоўніцтва паміж студэнтамі і настаўнікам. Самі педагогі ў дадзенай прадметнай намінацыі аддавалі перавагу актыўным метадам і формам навучання. Асаблівую цікавасць студэнтаў, якія выступалі ў ролі вучняў, выклікалі разнастайнасць і арыгінальнасць выкарыстаных метадычных сродкаў і прыёмаў. На майстар-класах студэнтам-філфакаўцам прапаноўвалася вялікая колькасць заданняў: напісаць сачыненне, стварыць дыялог, расшыфраваць схему і нават нешта намаляваць. Так, у першым выпадку маладыя ўдзельнікі заняткаў дзяліліся па групах, атрымлівалі аркушы з аднолькавым наборам слоў, з дапамогай якіх ім патрэбна напісаць творчае сачыненне. Тэксты маглі быць і незвычайныя па структуры, і смешныя, але галоўнай умовай, высунутай настаўнікам, было тое, каб “вучням” гэты працэс запомніўся. Гэта тлумачыцца тым, што ў форме гульні значна лягчэй замацаваць правілы па тэме ці засвоіць новую інфармацыю. У другім выпадку выбіраўся прадстаўнік, які пазней павінен быў выступаць ад імя групы. Пасля студэнтам давалася ілюстрацыя (напрыклад, выгляд сялянскай хаты) і фразы, па якіх трэба было скласці тэкст, і яго па чарзе ў форме дыялогу зачытваў кожны прадстаўнік пэўнай групы. Гэта практыкаванне было накіравана на пашырэнне бачання адной карціны, пашырэнне кругагляду і актывізацыю вобразнага мыслення. Сярод іншых цікавых і творчых вопытаў студэнты атрымалі магчымасць пазнаёміцца з метадычным пошукам і майстэрствам Святланы Румянцавай, якая стала пераможцай – настаўнікам года–2017.У межах мерапрыемства паміж настаўнікамі і моладдзю філалагічнага факультэта склаўся своеасаблівы тандэм. Па словах аднаго з адказных за мерапрыемства з боку філфака – загадчыка кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Ірыны Таяноўскай, настаўнікамі-прадметнікамі неаднаразова адзначаліся добразычлівасць, непадробная зацікаўленасць і асабліва – высокая прадметная і метадычная культура студэнтаў-філолагаў. Таксама Ірына Уладзіміраўна адзначыла адметны ўклад у правядзенне майстар-класаў супрацоўнікаў кафедры, асабліва яе дацэнтаў Ірыны Саматыі і Таццяны Мальцэвіч.

“Нашы настаўнікі дакладна і зразумела даносілі да нас тэмы, – адзначылі студэнткі Дзіяна Барысевіч і Дзіяна Пушыла, якія наведалі майстар-класы па мовах. – Яны выкарыстоўвалі схемныя і знакавыя мадэлі – апорныя схемы і гульню-скрайбл (гульня, якая патрабуе скласці пэўнае слова пры дапамозе фішак-літар). З дапамогай такой методыкі выкладання інфармацыя, якая была намі пачута, стала больш карыснай. На ўроку былі задзейнічаны ўсе мы, ніхто не застаўся без увагі. На ім выкарыстоўваліся такія метады і прыёмы, якія ўсім былі зразумелымі. У пачатку ўрока настаўнік выкарыстала наглядны прынцып падачы звестак і пераканаўча паказала ўсім вучням: не заўжды першае ўражанне дае магчымасць меркаваць пра рэч, а абавязкова ўсё трэба паспрабаваць на сабе і ўзважыць”.

 

А Юлія Фельдшарава падзялілася ўражаннямі ад урока літаратуры:

“Гэта былі вельмі насычаныя і цікавыя 45 хвілін, за якія мы не толькі даведаліся пра новыя прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў сучасным працэсе навучання, але і адчулі іх эфектыўнасць на сабе. Дзякуючы гэтаму студэнты наладжвалі партнёрства праз творчасць. Так, паглыбляючыся ў побыт сапраўднага чалавека-працаўніка з народу, мы вучыліся таму, якім чынам на практыцы можна сфарміраваць у будучых вучняў камунікатыўную кампетэнцыю”.

Ірына ІВАШКА
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *