Пераможам гуртам: БДУ 20-ы раз сустракае чвэрцьфінал чэмпіянату свету па праграмаванні

27 Oct, 2017.

Ужо 20-ы, юбілейны, раз у сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбудзецца 1/4 фіналу АСМ-спаборніцтваў каманднага чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў. 1–2 лістапада мерапрыемства збярэ больш за 55 каманд з найбуйнейшых універсітэтаў Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Літвы і Калінінградскай вобласці РФ. Сёлета БДУ ўскладае спадзяванні на 6 каманд, у склад якіх уваходзяць 18 студэнтаў і магістрантаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Усяго ж ад Беларусі будуць прадстаўлены больш як 15 каманд: нашы ўдзельнікі не раз паказвалі найлепшы вынік і праходзілі ў фінал сусветнага конкурсу.ACM International Collegiate Programming Contest (ICPC) – самы маштабны і прэстыжны сусветны студэнцкі конкурс па праграмаванні, які праводзіцца з 1977 года. Спачатку ў спаборніцтвах удзельнічалі галоўным чынам каманды паўночнаамерыканскіх ВНУ, астатні свет уяўляла ўсяго толькі адна еўрапейская рэгіянальная група. Цяпер колькасць удзельнікаў вырасла да некалькіх тысяч найлепшых студэнтаў і выкладчыкаў – магчымасць выявіць сябе маюць амаль 3000 універсітэтаў з больш чым 100 краін шасці кантынентаў. Літаральна кожны год з’яўляюцца новыя рэгіянальныя групы. Заходні падрэгіён, у які ўваходзіць Беларусь і краіны Балтыі, быў арганізаваны ў 1998 годзе. Аргкамітэт чэмпіянату, ацаніўшы высокія вынікі каманд рэгіёна, даручыў арганізацыю 1/4 фіналу Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, які сёлета сустрэне таленавітых студэнтаў ужо 20-ы раз.

Як перамагчы? Існуюць міжнародныя правілы чэмпіянату: каманда, у складзе трох удзельнікаў, маючы ў наяўнасці 1 камп’ютар, на працягу 5 гадзін імкнецца вырашыць максімальную колькасць задач (звычайна прапануецца ад 10 да 14 заданняў). Адпаведна, перамагае каманда, якая рашыла найбольшую колькасць задач за найменшую колькасць часу. Мэта нашых праграмістаў – прапанаваць нестандартныя рашэнні для кожнага задання, задзейнічаць усе свае веды ў Pascal, Java, Python, C++, навастрыць навыкі каманднай працы і абмяняцца досведам са студэнтамі з вядучых навучальных устаноў Расіі і краін Балтыі.

Падтрымліваць маладыя таленты будзе партнёр чэмпіянату – вядучы міжнародны распрацоўшчык ПА для спадарожнікавага маніторынгу, група кампаній Gurtam. Сузаснавальнік кампаніі Аляксей Шчурко стварыў свой першы камерцыйны праект менавіта ў студэнцкія гады:

“З таго дня, як 15 гадоў таму ўзнікла ідэя стварэння Gurtam, практычна нічога не змянілася: ва ўсіх кампаніях за ўсімі прадуктамі па-ранейшаму стаяць людзі. У сферы IT пытанне каштоўных кадраў асаблівае. Па сутнасці, мы ствараем будучыню і, вядома ж, імкнёмся зрабіць свет лепшым. Для такіх глабальных мэт важна сабраць каманду вельмі моцных спецыялістаў.

Спаборніцтвы, якія дапамагаюць выявіць найлепшых з лепшых – вялікая праца, як для арганізатараў, так і для ўдзельнікаў. Узровень падрыхтоўкі нашых дзяцей досыць высокі, аднак чэмпіянат – гэта магчымасць не толькі выявіць свой інтэлект, але і напружана папрацаваць. Важна таксама творча падысці да прапанаваных заданняў. Урэшце, што можа быць больш прыемным для праграміста, чым элегантнае рашэнне самай складанай задачы?”Gurtam – гэта беларуская група кампаній, вядомая ва ўсім свеце ўласнай сістэмай спадарожнікавага маніторынгу Wialon, а таксама новай платформай flespi для працы з вялікімі масівамі дадзеных. Gurtam сёння – гэта 5 рэгіянальных офісаў (Мінск, Масква, Бостан, Дубай, Буэнас-Айрэс), геаграфія ў 130+ краін і амаль 1000 партнёраў па ўсім свеце. Тое, што цяпер модна зваць The Internet of Things, кампанія стварае ўжо больш за 10 гадоў і з’яўляецца адным з сусветных лідараў у гэтай галіне. Падрабязней пра гэта і пра тое, як падлучыць карову да інтэрнэту, можна будзе пачуць на майстар-класе ад Gurtam перад стартам спаборніцтваў.

Пасля конкурснай часткі ўдзельнікі чэмпіянату змогуць пераключыцца з сур’ёзных тэматычных задач – прайсці Gurtam-quest, пераможцы якога атрымаюць дадатковы прыз.

З усіх прадстаўленых у БДУ каманд у паўфінал чэмпіянату, які пройдзе 3 снежня ў Санкт-Пецярбургу, змогуць прайсці толькі 15. Мы жадаем поспехаў усім удзельнікам. Пераможам гуртам!

Валерыя ВЯЛІНСКАЯ

 

 

 

 

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: