Фізікі тлумачаць лірыкам. Аспірант БДУ стварыў праект “Фізіка для ўсіх”

12 Sep, 2017.

Праект "Фізіка для ўсіх" быў запушчаны ў “Інстаграме” пару месяцаў таму. Яго аўтар – аспірант фізфака Павел ЛАБАЦЭВІЧ - праз малюнкі і подпісы да іх даходліва тлумачыць фізічныя законы і з'явы, далей размяшчае пасты ў сацыяльнай сетцы. За два месяцы існавання адукацыйнага акаўнта на яго падпісалася больш за 1200 чалавек. Малады навуковец вядзе акаўнт на рускай і англійскай мове.

Прагледзеўшы акаўнт Паўла, можна даведацца пра сілу Лорэнца ці пра тое, як утвараюцца ледзяшы. Тут вы зразумееце сутнасць дысперсіі, якая намалявана на вокладцы альбома The dark side of the Moon гурта Pink Floyd. Разберацеся ў тым, адкуль і якім чынам з'яўляецца вясёлка і чаму яна мае такую звыклую нам форму. Можна прачытаць пра поле электрычнага дыполя, айсберги і цунамі. Павел даходліва тлумачыць, як звязана Эйфелева вежа і цеплавое пашырэнне. У яго працах ёсць маланкі, магніты і нават рэнтгенаўскае выпраменьванне. Тут знойдзецца шмат чаго цікавага.

- Ідэя стварэння праекта ў мяне з'явілася даўно, – распавядае Павел Лабацэвіч. – Заўсёды цікавіла пытанне пра папулярызацыю фізікі і навукі ў цэлым. Фізіка мне блізкая, таму я вырашыў звязаць свой праект менавіта з ёй. Гэта навука мае статус адной з самых складаных. На жаль, большасць людзей гэты факт адпужвае. Таму я хачу паказаць, што фізіка можа быць цікавай і даступнай.

Усю працу, якая тычыцца акаўнта, аспірант выконвае сам, таму пэўнага графіка публікацый няма. Асаблівых сакрэтаў прасоўвання ў сетцы не было. Пасля навіны пра праект на старонцы “Укантакце” групы БДУ дадалася даволі вялікая колькасць новых падпісантаў.

Па словах Паўла, на стварэнне аднаго малюнка сыходзіць ад дзвюх гадзін да некалькіх дзён, адну замалёўку можа перарабляць некалькі разоў. Пра ідэі сваіх прац ён кажа так:

- Я імкнуся выбіраць тэмы, якія звязаны з нашым паўсядзённым жыццём: няхай гэта будзе прыродныя з'явы ці спінеры. Упэўнены, што сюжэтаў для праекта будзе досыць. Каб апісаць усё ў нашай рэчаіснасці з пункту гледжання фізікі, трэба пражыць не адно жыццё. Таксама імкнуся ўлічваць пажаданні падпісантаў. Заўсёды прыемна чытаць ад іх каментары і паведамленні, тады я разумею, што я раблю ўсё не дарма.

Малады навуковец прайшоў шлях ад студэнта да аспіранта БДУ. Павел быў старшынёй студэнцкага савета па якасці адукацыі. Са сваёй камандай стаяў ля вытокаў праекта "Навука на пальцах", які паказаў, што ёсць шмат тых, каму цікава ўвесь час даведвацца штосьці новае і развівацца ў розных кірунках. Удзельнічаў у прасоўванні лекторыя па эксперыментальнай фізіцы, які існуе на фізічным факультэце. Некаторы час арганізоўваў алімпіяды па фізіцы ў БДУ. На дадзены момант займаецца даследчай працай на фізічным факультэце.

 

- Я ўвесь час думаю пра развіццё праекта, –  дзеліцца Павел. – Існуе мноства ідэй, але ўвесь час даводзіцца ўзважваць, наколькі гэта магчыма рэалізаваць ва ўмовах маёй занятасці. Магчыма, праект будзе пашыраны, падумваю пра стварэнне каманды. Не буду раскрываць усе карты наконт новых прац, але, магчыма, хутка будзе вандраванне па Сонечнай сістэме.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *