Тэатр на балконе… Жыць і іграць!

9 Oct, 2017.

Дзмітрый ЦІШКО – рэжысёр народнага драматычнага студэнцкага тэатра БДУ, у якім ён працуе пяты год. Тэатр “На балконе” – адзін з найстарэйшых студэнцкіх калектываў краіны. У розны час яго ўзначальвалі такія вядомыя рэжысёры, як В. Анісенка, Б. Утораў, В. Тарнаўскайтэ, заснавальнік тэлевізійнай каманды КВЗ БДУ Андрэй Андрэеў, рэжысёр Сяргей Турбан.

У сваім жыцці Дзмітрый абраў тэатр двойчы. Першы раз выпадкова. З яго слоў, ён прыйшоў паступаць на эстрадны спеў у Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Яму сказалі, што сёлета ідзе набор на тэатральнае аддзяленне, набіраецца раз у 4 гады. І прапанавалі паспрабаваць. Ну ён паспрабаваў, і закруцілася. Другі раз усвядомлена. Паступіў на рэжысуру ў тую ж Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Акрамя тэатра “На балконе”, Дзмітрый працуе рэжысёрам у Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы, вось ужо трэці год, перад гэтым адпрацаваўшы 6 гадоў акцёрам у Гродна.

- Распавядзіце, калі ласка пра тэатр. Як можна да вас патрапіць?

- Так, з'явіліся новыя планы на тэатр. Я хачу трошкі абнавіць трупу. Даць магчымасць моладзі расці, развівацца. Таму на кастынгу набраў больш чалавек, чым планаваў: замест трох-чатырох – васямнаццаць. Аб'явы на кастынг можна было ўбачыць у групах “Укантакце”, на сайце "Культурныя людзі БДУ", проста афішкі разклейвалі па факультэтах. Вельмі моцна спрацоўвае сарафаннае радыё. Дарэчы, не абавязкова быць у БДУ, каб быць у тэатры. У нас ёсць людзі і з іншых ВНУ.

- Які мінімальны ўзрост у вас у тэатры? І як вы па часе займаецеся?

- Складана сказаць, цяпер я ўзяў дзяўчынку пятнаццаці гадоў. Але яна на кастынгу пераўзышла ўсіх. Займаемся мы па вечарах. Па графіку з 18:00 да 21:45. Але звычайна мы спісваемся і падладжваемся пад сітуацыю так, каб усім было зручна. Чатыры разы на тыдзень – гэта афіцыйна, але мы, вядома, займаемся кожны дзень. У нас ёсць сцэнічны рух, сцэнічнае маўленне і акцёрскае майстэрства. У розныя дні.

Дзмітрый распавёў, што ў тэатры займаюцца бясплатна, бо гэта звычайны народны тэатр. Проста ў яго трэба патрапіць. Улюбёных спектакляў у яго няма, таму што, як творчы чалавек, ён не можа быць усім задаволены, заўсёды спрабуе ўдасканаліць пастаноўкі. З куміраў можа сходу назваць дзвюх: Канстанцін Хабенскі і Яўген Міронаў. А аўтарытэтам для яго сталі яго педагогі, якія вучылі ў акадэміі мастацтваў. Але, на жаль, спектакляў “На балконе” яны не глядзелі. Галоўны эксперт пастановак – Уладзімір Макарэвіч, якому, уключаючы ўпраўленне па справах культуры і студэнтаў, яны і здаюць свае спектаклі.- Ці спрабавалі вы зарабляць на спектаклях, павінны ж быць нейкія грошы на дэкарацыі, скажам?

- Так, у мяне ёсць гэта ў далейшых планах. Мы хочам цяпер нарасціць рэпертуар. На жаль, са спектакляў, якія былі пастаўлены Сяргеем Мікалаевічам Турбанам, акцёры разбегліся па розных прычынах. І я пачынаў з нуля. Цяпер у нас 4 спектаклі. Я ўвесь час мяняю акцёраў. А ў спектаклі "Вялікае перасяленне вырадкаў", да прыкладу, вельмі шмат масавых сцэн і была задзейнічана ўся трупа тэатра, а гэта 21 чалавек. Цяпер іх на 18 чалавек больш.Мы плануем зрабіць рэпертуар з 8 спектакляў, і тады можна задумвацца пра тое, каб прадаваць квіткі. Для поўнага цыкла гэтага дастаткова: граць кожную суботу на працягу 2 месяцаў. Гэта аптымальна, затым дадаваць патроху. І гэтыя грошы, часткова, будуць ісці ў фонд тэатра. Таму што ўсё – за свой кошт, дэкарацыі ў тым ліку. Наогул, наш тэатр – народны, а я хачу яго зрабіць заслужаным калектывам. Тут ёсць да чаго імкнецца, падрасці трошачкі ў прафесійным плане.

Сёлета мы плануем выпусціць яшчэ 4 спектаклі. Збіраемся з'ездзіць у Льеж, у Бельгію. Я хацеў на “Куфар” выставіць "Жанатага таксіста", але гэта камедыя. Падумалі і вырашылі паставіць новы спектакль "Каханне людзей". Мы яго паставілі за паўтара месяца.

Сёлета ў нас было пацвярджэнне звання, і трэба было хутка спрацаваць. "Таксіста" мы таксама ставілі за паўтара месяца. З гэтай камедыяй паедзем у Бельгію, да таго ж нас запрасілі пасля “Тэатральнага куфра” са спектаклем "Каханне людзей" у Вільнюс на фэст у маі.

Калі казаць пра складанасці ў прафесіі, адзначыў Дзмітрый, то самая вялікая праблема – усіх сабраць. Тэатр – гэта мастацтва калектыўнае: не прыйшоў адзін, пакутуе ўвесь спектакль. Тут трэба разумець нюансы. Гэта не прафесійны тэатр, акцёры за працу грошы не атрымліваюць, і нельга сказаць: "Не ідзіце на заняткі". У першую чаргу гэта БДУ. Яны прыйшлі сюды атрымліваць адукацыю, потым ужо тэатрам займацца.- Скажыце, у вас дзеці ў 19 гадоў іграюць вельмі складаныя ролі, не маючы за плячамі жыццёвага досведу. Як у вас атрымліваецца данесці да акцёраў галоўную эмоцыю? І самае важнае, як яны з гэтага стану выходзяць. Складана, напэўна, так: адыграў сцэну згвалтавання, атросся і пайшоў…

-Усё гэта насамрэч вельмі індывідуальна. Кожны акцёр настройваецца на ролю па-свойму. Ёсць такія "боўдзілы" ці што… Яны, каб настроіцца на ролю, будуць хадзіць і ўсіх “даставаць”, назаляць. А іншым трэба пасядзець, падумаць у цішыні. А як ты навучыш выходзіць з ролі? Хтосьці адыграў і пайшоў танчыць, а ў кагосьці ўсё складаней. Я памятаю сам, калі працаваў акцёрам у Гродне, у мяне быў спектакль, пасля якога я быў настолькі эмацыйна і энергетычна спустошаны, што пасля гэтага мне нічога не хацелася: дзень ляжаў і мне наогул не хацелася нікуды выходзіць.

Акцёры – яны ўсе як малыя дзеці, да іх падыход знаходзіць трэба: праводзім трэнінгі, шукаем розныя спосабы маналогаў і г. д. Трэба ўлічваць, што энергетыка ў акцёра і рэжысёра можа быць зусім розная і трэба знайсці штосьці агульнае, злучнае.Студэнты ў калектыве сябруюць! І ў тэатры ёсць свае традыцыі. На кожны дзень нараджэння робім капуснік. Ёсць адкрыццё і закрыццё тэатральнага сезону, разам ходзім у паходы на два-тры дні.

Дзмітрый адзначыў, што тэатр змяняе людзей. Людзі, якія прыходзяць у тэатр, ужо не такія, як усё, яны больш дарослыя. У яго нават думка часам праскоквае, што на пэўных спецыяльнасцях такіх факультэтаў, як ФМА, журфак, можна ўвесці акцёрскае майстэрства. Гэта камунікацыя з людзьмі, і гэта разнявольвае. Шмат хто прыходзіць з гэтых факультэтаў, падсвядома ўсведамляючы, што ім гэта спатрэбіцца ў будучай прафесіі.- Скажыце добрыя словы, пажаданні сваім вучням.

- Каб працаздольнасці больш было, каб яны не гультаявалі і больш сур'ёзна ставіліся да таго, што яны робяць, у тэатры я маю на ўвазе.ПАЛІНА, выканаўца галоўнай ролі ў спектаклі "Каханне людзей"

- Што Вам падабаецца ў тэатры “На балконе”, чаму вы абралі яго?

- Падабаецца атмасфера, калектыў, у якім паміж акцёрамі існуе нейкая адмысловая аўра. Усе адзін аднаго добра ведаюць. Іграючы ў спектаклях, акцёры і рэжысёр становяцца бліжэйшымі адзін да аднаго, раскрываюцца.

Я хацела б пажадаць свайму тэатру ўдзелу ў новых тэатральных фэстах, творчага росту і глядацкай падтрымкі!!!

Таццяна БАГАМАЗАВА
Фота аўтара

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *