“За правільны адказ прыйшлося цалаваць”. Студэнткі пра працу ў сэрвісным атрадзе “Папараць-кветка”

4 Oct, 2017.

З малых гадоў студэнтам трэба засвоіць простую праўду: чым хутчэй ты ўвальешся ў сферу працоўных адносін, тым прасцей будзе ў далейшым. Аднак не ўсе ведаюць, з чаго пачаць, як знайсці годную працу па сілах, якая будзе ідэальна ўпісвацца ў шчыльны графік заняткаў. У Беларускім дзяржаўным універсітэце ёсць для гэтага рашэнне – студэнцкія атрады, якія фарміруюцца пярвічнай арганізацыяй ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" БДУ.

Як гэта працуе? Возьмем для прыкладу адзін з атрадаў.

"Папараць-кветка" імя рэктара БДУ, Героя Сацыялістычнай Працы А. Н. Сеўчанкі – студэнцкі сэрвісны атрад, створаны на базе ўніверсітэта саюзам моладзі БДУ. Наогул, студатрады фарміруюцца з ліку зацікаўленых, хто хоча паспрабаваць сябе ў рознай няпрофільнай працы: ад дапаможных работнікаў да выхавальнікаў у дзіцячых аздараўленчых лагерах і санаторыях. Праца ў студатрадзе звычайна праходзіць падчас трэцяга працоўнага семестра, гэта значыць з мая па верасень, але нярэдка выпадае і падчас навучальнага года.

"Такія атрады ствараюцца, каб студэнты не баяліся спрабаваць сябе ў чымсьці новым пасля ўніверсітэта, не былі вузкаскіраванымі, пашыралі далягляд, развіваліся рознабакова, распачыналі працоўныя адносіны, – тлумачыць Вольга БАЛЬЦЭВІЧ, начальнік ШПС БРСМ БДУ. – Ну і, вядома, адна з мэт – матэрыяльнае стымуляванне. Чым раней студэнты пачнуць самастойна зарабляць грошы, тым прасцей ім будзе ў далейшым. Раней я сама працавала ў такім атрадзе. Гэта дало мне ўсведамленне таго, што пасля ўніверсітэта лёгка не будзе і трэба маральна да гэтага рыхтавацца, а яшчэ – вучыцца падладжвацца і ўлівацца ў любы калектыў".

Студэнты пра працу ў сэрвісным атрадзе "Папараць-кветка"

У верасні студэнты розных факультэтаў БДУ працавалі ў РУП "Белтэлекам" у якасці інтэрв'юераў. Іх праца складалася ў правядзенні апытанняў насельніцтва горада Мінска з мэтай даведацца, як шмат людзей карыстаюцца паслугамі “Белтэлекама”, якія ёсць праблемы, дзе бракуе рэкламы і шмат чаго яшчэ. Студэнты папрацавалі як мае быць, дык што ж у іх атрымалася?

Дар'я Емяльянава, геаграфічны факультэт: "Пра магчымасць працы я даведалася абсалютна выпадкова. Ужо не ўпершыню працую ў студатрадзе ад БРСМ. У мінулы раз спадабалася, і вось вырашыла пайсці цяпер. І яшчэ пайду, калі будзе магчымасць і прапанова ад саюза моладзі БДУ. Асабліва нічога не чакала ад гэтай працы, таму што ўжо спрабавала сябе ў сферы анкетавання і ведала, што і як трэба рабіць".

Дар'я Шастаковіч, эканамічны факультэт: "Сакратар пярвічкі БРСМ на маім факультэце даслала інфармацыю, у якой было сказана пра гэту працу. У мяне быў вольны час, хацелася зарабіць грошай, таму і пайшла. Ад нуды, можна сказаць. Збіралася працаваць са сваёй сяброўкай з універсітэта, але яна ў апошні момант захварэла. Давялося ісці адной. Я вельмі нервавалася ад гэтага, але ў выніку ўсё добра склалася: дзяўчынка, з якой мяне паставілі працаваць, апынулася вельмі добрай і вясёлай, мы вельмі пасябравалі. Спадзяюся, што і далей будзем стасавацца.

Плюсы працы: заўсёды ёсць з кім паразмаўляць, працуеш не адзін. Аднаму з людзьмі гаварыць складана не толькі маральна, але і фізічна, бо задаваць пытанні і запісваць адказы адначасова вельмі нязручна. З мінусаў магу назваць ўмовы надвор’я, якія не заўсёды былі добрымі, і не заўсёды ветлівае стаўленне людзей.

Працаваць у такім атрадзе варта. Усё было вельмі арганізавана, сапраўды так, як сказалі на першым зборы. Ад “Белтэлекама” нам далі добрага куратара: вельмі аператыўна адказваў на ўсе пытанні, дапамагаў. Ды і праца нескладаная, для яе выканання не трэба мець ніякіх спецыяльных здольнасцяў".

Працаваць у "Папараць-кветцы" не толькі карысна, але і вельмі весела. Студэнткі падзяліліся самай цікавай і запамінальнай гісторыяй.

"Два хлопцы пагадзіліся прайсці апытанне, толькі калі яны нам паварожаць. Умовы былі такімі: ён піша на руцэ імя маёй сяброўкі, калі адгадвае, то яна цалуе яго ў шчаку, калі не - ён адказвае на пытанні. Сяброўка пагадзілася. Хлопец штосьці піша і паварочвае руку, там было напісана: "Тваё імя". Адказ па сутнасці правільны, таму прыйшлося цалаваць".

Навошта мне гэта?

Велізарны досвед, новыя сябры і ўласныя заробленыя грошы – вось што прапануе студэнтам БДУ атрад "Папараць-кветка". А ці гатовы ты, хай і ненадоўга, пагрузіцца ў дарослае жыццё – вырашай сам! Гэта карысна!

Анастасія ЛАРЫНА

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *