Калі часопіс блізкі да мастацтва. 20-годдзе часопіса БДУ “Сацыялогія” адзначылі ў Вялікім тэатры

27 Nov, 2017.

21 лістапада ў рамках міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларуская сацыялогія перад выклікамі часу” кафедра сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук правяла ўрачысты сход, прысвечаныя 20-годдзю стварэння “Часопіса БДУ. Сацыялогія”.

Вядучыя навукоўцы-сацыёлагі краіны сабраліся з нагоды такой значнай падзеі ва ўтульнай зале імя Л. П. Александроўскай у Вялікім тэатры Беларусі. Вядучы ўрачыстага сходу намеснік дэкана ФФСН Анатоль Лягчылін параўнаў выданне такога значнага часопіса з мастацтвам і ўручыў сімвалічную дырыжорскую палачку загадчыку кафедры сацыялогіі прафесару Аляксандру Данілаву, заснавальніку і галоўнаму натхняльніку шырокага аўтарскага калектыву. Аляксандр Мікалаевіч успомніў, з якім запалам і настойлівасцю ён са сваімі аднадумцамі Давідам Ротманам, Сяргеем Паваляевым, Вячаславам Рудзём і іншымі акадэмічнымі калегамі ўзяліся за рэалізацыю даўняй мары сацыёлагаў мець свой часопіс. Першы час часопісу вельмі дапамагала міністэрства інфармацыі, затым фінансаванне ўзяў на сябе БДУ, але самае важнае, што часопіс патрэбны ўсёй сацыялагічнай супольнасці. Кожны з прысутных на сходзе, па словах Аляксандра Данілава, зрабіў сваё уклад у тое, каб часопіс адбыўся. Аляксандр Мікалаевіч спаслаўся на сур’ёзныя даследаванні, прадстаўленыя ў тым ліку і ў свежым 3 нумары часопіса, і выказаў пажаданне, каб іх высновы прынялі да ўвагі кіраўнікі розных міністэрстваў нашай краіны.

З прывітаннямі і віншаваннямі выступілі намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Мар’яна Шчоткіна; старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Ігар Марзалюк; галоўны навуковы сакратар ВАК Рэспублікі Беларусь Вольга Дубаневіч; прарэктар БДУ доктар гістарычных навук Сяргей Ходзін; начальнік упраўлення Міністэрства інфармацыі Беларусі Таццяна Хмель; дэкан ФФСН БДУ Вадзім Гігін; галоўны рэдактар “Весніка РУДН. Серыя: Сацыялогія”, загадчык кафедры сацыялогіі РУДН Мікалай Нарбут; загадчык кафедры БДУКМ доктар філасофскіх навук Марына Мажэйка; намеснік дэкана ГрДУ імя Я. Купалы Мікалай Мыслівец; загадчык сацыялагічнай лабараторыі БрДУ імя А. С. Пушкіна Святаслаў Кавецкі.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел удзельнікі рэдакцыйнай калегіі часопіса, аўтары і чытачы, прадстаўнікі ўніверсітэтаў і інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

На сходзе былі ўручаны ганаровыя ўзнагароды міністэрстваў і ведамстваў, а таксама граматы БДУ і ФФСН.

Завяршыліся імпрэзы выдатным канцэртам артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Сяргей ШАФАЛОВІЧ

Фота Васіля Кузьмічкіна

Галоўны рэдактар часопіса “Сацыялогія” Аляксандр Данілаў

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: