Праект “Студэнт БДУ на тыдзень” паказаў як важна ўмець думаць, вучыцца і добра адпачываць

9 Nov, 2017.

Сёлета ўдзельнікамі праекта "Студэнт БДУ на тыдзень" сталі 80 навучэнцаў 10-х і 11-х класаў беларускіх устаноў сярэдняй адукацыі. Слухачы на працягу пяці дзён з 30 кастрычніка па 3 лістапада знаёміліся з адукацыйнай дзейнасцю БДУ. Школьнікі наведалі навучальныя заняткі на розных курсах і спецыяльнасцях, праслухалі лекцыі, выканалі практычныя заданні, а таксама пазнаёміліся з пазанавучальнай дзейнасцю ўніверсітэта.

Усяго сваіх патэнцыйных студэнтаў прынялі 13 факультэтаў БДУ: біялагічны, геаграфічны, гістарычны, механіка-матэматычны, фізічны, філалагічны, хімічны, эканамічны, міжнародных адносін, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, філасофіі і сацыяльных навук, а таксама ў Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій і Інстытуце журналістыкі.
На выніковай сустрэчы ўдзельнікаў праекта з адміністрацыяй БДУ прарэктар па выхаваўчай і вучэбнай рабоце Уладзімір Сувораў адзначыў, што, паводле навуковых даследаванняў, з усіх выпускнікоў нашай краіны працэнт паспяховых выпускнікоў у БДУ значна вышэйшы, чым ва ўсіх астатніх навучальных установах. І ў кожнага ёсць шанц навучацца ў вядучай ВНУ краіны. Але шанц і верагоднасць – далікатныя рэчы. Каб шанц не быў прапушчаны, а верагоднасць апраўдала сябе, трэба, вядома, вучыцца, але не ў цяжар і пад прэсінгам. Трэба вучыцца ў задавальненне і з асалодай. Са слоў Уладзіміра Васільевіча, неяк у студэнцкай кніжцы для першакурснікаў ён прачытаў дэвіз:

"Вучыцца, вучыцца, і яшчэ раз вучыцца – вось тры рэчы, якія абсалютна не сумяшчальныя…" І пагадзіўся: хутчэй больш важна ўмець думаць, вучыцца і добра адпачываць. "Мы жадаем вам поспехаў і чакаем вас!" – адзначыў Уладзімір Васільевіч.

Падчас сваёй прамовы Сяргей Ходзін, прарэктар па вучэбнай рабоце, зрабіў акцэнт на тым, што вельмі важна адзін аднаго чуць, каб усё атрымлівалася. Трэба ўмець цікава жыць, і тады вакол цябе будзе шмат сяброў."Для нас галоўнае – навучыць вас вучыцца, а вы павінны прыкласці са свайго боку максімальныя высілкі, каб адпавядаць званню "студэнт БДУ".
Падагульніла выступленні начальнік галоўнага ўпраўлення навучальнай і навукова-метадычнай працы Людміла Хухлындзіна. Яна пажадала дзецям правільна абраць свой шанц у жыцці і не памыліцца з ім.
Аляксей Багамазаў, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, і Наталля Капацэвіч, адказны куратар праекта, таксама пажадалі дзецям поспеху і адказалі на ўсе іх пытанні.Больш падрабязна пра праект мы распыталі Кірыла Карабаня, кіраўніка праекта і студэнта 4 курса Інстытута журналістыкі БДУ:
– Кірыл, распавядзіце нам, калі ласка, пра гэта мерапрыемства больш падрабязна.
– "Студэнт БДУ на тыдзень" праводзіцца ўжо ў трэці раз. Не буду хаваць, мы не сумняваліся ў паспяховасці. Роўна год назад, калі на журфак прыйшлі тры адзінаццацікласнікі, некалькі факультэтаў тут жа адгукнуліся з прапановай правесці такі ж праект у сябе. Так, увесну мы сабралі 33 школьнікоў на шасці факультэтах і дужа ганарыліся гэтым, але цяпер да нас прыйшло 80 вучняў. Спагадлівасць і разуменне супрацоўнікаў дэканата зрабілі магчымым удзел іншагародніх старшакласнікаў. Так на нашай карце з'явіліся Віцебская, Брэсцкая вобласці, Магілёў і Гомель. Усяго ўдзел у рэалізацыі праекта прынялі 13 навучальных падраздзяленняў БДУ.
У гэты раз на вучобу адводзілася чатыры дні, пяты – на сустрэчу ўдзельнікаў з адміністрацыяй БДУ і ўрачыстае ўручэнне дыпломаў. Для мяне вельмі важна пачуць каментарыі школьнікаў, арганізатараў, адміністрацыі. Калі мы збіраемся разам, я разумею, кіраўніком якога маштабнага праекта з'яўляюся. Асобная падзяка нашай камандзе, дзецям, якія ўзялі адказнасць за прадстаўленне нашага ўніверсітэта перад самай шчырай аўдыторыяй – школьнікамі, будучымі абітурыентамі.
– З якімі складанасцямі сутыкнуліся падчас рэалізацыі праекта?
– З досведам выяўляюцца недахопы. Напрыклад, некарэктна выкарыстоўваць адзіную сістэму адбору для ўсіх факультэтаў. Дагэтуль сутыкаемся з тым, што дзеці не выконваюць банальныя патрабаванні да афармлення заявак. Таму ўжо ўвесну плануем стварыць спецыяльную форму. І яшчэ вельмі спадзяёмся на падтрымку ўніверсітэта. Для поўнай карціны нашы студэнты на тыдзень павінны жыць у інтэрнаце. Спадзяюся, усё гэта ў хуткай будучыні ажыццявіцца, а пакуль падводзім вынікі і рыхтуемся да вясновага сезона!У давяршэнне некалькі водгукаў з мноства ад шчаслівых удзельнікаў праграмы "Студэнт БДУ на тыдзень":
Мікіта Андрыевіч, удзельнік праекта ў Інстытуце журналістыкі БДУ, навучэнец ДУА "Гімназія-каледж мастацтваў г. Маладзечна":– З кожнай гадзінай знаходжання на журфаку ў якасці студэнта маё жаданне звязаць жыццё з прафесіяй журналіста павялічвалася ў разы! Асабліва пасля наведвання рэдакцыі газеты "Пераходны ўзрост". Так моцна мяне ўразіла гэта экскурсія. Зараз я ні за што не адмоўлюся ад спецыяльнасці "друкаваныя СМІ". Хачу адзначыць атмасферу факультэта. Тут адчуваеш сябе разняволеным і натхнёным. Побач заўсёды шмат людзей, і ўсе яны твае аднадумцы. Гэта дзівосна творчы факультэт. Самі студэнты арганізоўваюць мерапрыемствы, такія як "Тыдзень PR", удзельнікамі якога нам давялося стаць.
Для мяне стала адкрыццём тое, што маладыя спецыялісты, нядаўнія выпускнікі, ужо актыўна выкладаюць у інстытуце. Скажу, што падыход да навучання ў такіх выкладчыкаў уражлівы. Яны не толькі дэманструюць добрыя веды сваёй дысцыпліны і ўмела чытаюць лекцыі, але і займальна праводзяць семінарскія заняткі.
На чацвёрты дзень я пачаў успрымаць усіх вучняў як сваіх блізкіх сяброў, аб'яднаных адной мэтай і, магчыма, нават марай. Ва ўсіх дзяцей, уключаючы мяне, за час удзелу ў праекце было пастаўлена шмат задач, усвядомлена шмат рэчаў, дэталяў, якія дапамаглі нам сфарміраваць сваё ўяўленне пра Інстытут журналістыкі.

Антон Жыльцоў, удзельнік праекта на геаграфічным факультэце БДУ, навучэнец ДУА "Гімназія № 2 г. Віцебска":– Чаканні не заўсёды супадаюць з рэальнасцю, але на геафаку ўсё атрымалася! Цікавыя лекцыі, прафесійныя выкладчыкі, магчымасць атрымаць новыя веды і ўражанні – усё гэта геаграфічны факультэт. Асобна хачу адзначыць працу куратараў, якія забяспечылі нам камфортнае знаходжанне на факультэце. Мы вывучалі геалогію, сацыяльна-эканамічную геаграфію, геамарфалогію, тапаграфію. Уявіце сабе, якой сумнай стане звычайная школьная геаграфія. Нам пашчасціла пазнаёміцца з працай мясцовай метэастанцыі, дзе нам растлумачылі прынцыпы працы такіх прылад, як актынометр, піргеліёметр, псіхрометр, распавялі пра тонкасці працы метэаролагаў і пра спецыяльнасць у цэлым. Затым мы пабывалі ў аранжарэі, дзе нам сустрэліся самыя розныя экзатычныя прадстаўнікі флоры тропікаў, субтропікаў і экватарыяльных шырот. Мы ўбачылі драцэну, памацалі агаву і лісце самых розных пальмаў, а таксама атрымалі нямала задавальнення ад вывучэння тых відаў, якія не сустракаюцца ў нашым натуральным асяроддзі. Я ні кроплі не пашкадаваў пра выбар геафака і, спадзяюся, сёлета я апынуся на ім у якасці студэнта.

Надзея Чарняўская, удзельніца праекта на хімічным факультэце БДУ, навучэнка ДУА "Гімназія № 22 г. Мінска":
– Месяц таму мне напісала знаёмая першакурсніца, распавяла пра праект і прапанавала прыняць удзел. Шчыра сказаць, я падавала заяўку, наогул не думаючы, прайду ці не, але калі б ведала, які будзе гэты тыдзень, то рабіла б заданні якасней і руплівей. Каб абавязкова стаць удзельніцай праекта "Студэнт БДУ на тыдзень".
Вядома, мы пагрузіліся ў атмасферу хімфака зусім павярхоўна. Самы яркі момант – праца ў лабараторыі. Не параўнаць са школьнымі доследамі! Так, на хімфаку няпроста, але гэта і аб'ядноўвае студэнтаў. Усе дзеці вельмі рознабаковыя і незвычайныя. Прыемна здзівіла стаўленне студэнтаў да нас. Чакала горшага, аднак многія самі пачыналі знаёміцца. Пазанавучальная дзейнасць займальная, па аповедах студэнтаў. Менавіта таму хочацца паступіць менавіта на гэты факультэт. Даша, арганізатар праекта на хімфаку, падрыхтавала для нас тэст, які паказаў, ці гатовыя мы звязаць сваё жыццё з хіміяй. Вынік станоўчы! Хоць ведаеце, незалежна ад вынікаў, я б усё адно паступала на хімфак! Бо ўпершыню я пераступіла парог хімфака ў 2 гадкі, так што гэта месца для мяне ўжо роднае.
Хто б мог падумаць у мае часы студэнцтва, што такія праекты магчымыя. Адназначна, ёсць чым ганарыцца ў нашым універсітэце, да прыкладу, ініцыятыўнымі, развітымі, студэнтамі, якія думаюць, і кіраўніцтвам, якое іх падтрымлівае і дае іх праектам зялёнае святло!

Таццяна БАГАМАЗАВА
Фота аўтара
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *