У Піцеры – быць! Пяць каманд БДУ ў паўфінале ЧС (+відэа)

10 Nov, 2017.

Пяць каманд Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выйшлі ў паўфінал Чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў! Гэта стала дзякуючы перамозе студэнтаў БДУ ў юбілейным чвэрцьфінале гэтых прэстыжных спаборніцтваў, якія завяршыліся 2 лістапада ў Мінску. Нельга не адзначыць, што каманды БДУ ў вельмі складанай канкурэнтнай барацьбе паказалі найлепшы вынік за апошнія гады: 6 каманд БДУ ўвайшлі ў першую дзевятку пераможцаў. Абсалютным пераможцам спаборніцтваў стала каманда ФПМІ БДУ, якая рашыла 8 задач за найменшы час. У яе склад увайшлі: першакурснікі Фёдар Карабейнікаў, Ягор Дубовік і магістрант Канстанцін Вільчэўскі. Дарэчы, пятая каманда БДУ атрымала дадаткова права ўдзелу ў паўфінале ад аргкамітэта Чэмпіянату свету.

У паўфінальным паядынку прымуць удзел таксама тры каманды з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, па дзве з Універсітэта Латвіі, Вільнюскага ўніверсітэта, Балтыйскага Федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта (Калінінградская вобл. РФ), Універсітэта Тарту (Эстонія) і па адной зборнай з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы і Каўнаскага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Студэнтам было прапанавана 12 алгарытмічных задач, якія трэба было вырашыць за 5 гадзін. Паводле рэгламенту кожнай камандзе даваўся толькі адзін камп'ютар. Перамога прысуджалася зборнай, якая рашыла найбольшую колькасць задач за найменшы час.

Удзельнікамі інтэлектуальнага спаборніцтва сталі 168 студэнтаў, якія прадстаўляюць 56 каманд з 15 ВНУ Беларусі, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Калінінграда (Расія). З іх шэсць зборных выступілі за факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.

Спаборніцтвы чэмпіянату свету праводзіцца штогод з 1970 года і праходзяць, галоўным чынам, у тры этапы – рэгіянальныя спаборніцтвы, паўфінальныя і фінальныя. У наш час на пачатковых стадыях спаборніцтваў выступаюць больш за 45000 студэнтаў, якія прадстаўляюць 2948 ВНУ з 103 краін.

У 1988 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт атрымаў права штогод арганізоўваць у кастрычніку–лістападзе рэгіянальныя чвэрцьфінальныя спаборніцтвы чэмпіянату. Ужо 20 гадоў у БДУ з'язджаюцца найлепшыя каманды з ВНУ Беларусі, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Калінінградскай вобласці РФ, каб прайсці адбор для далейшага ўдзелу ў паўфінальных спаборніцтвах.У праграме спаборніцтваў камандзе, якая складаецца з трох студэнтаў, даецца на 5 гадзін адзін камп'ютар і спіс заданняў, сфармуляваных на англійскай мове. Студэнтам неабходна па славесным апісанні задачы пабудаваць матэматычную мадэль, спраектаваць алгарытм і распрацаваць для рашэння задачы камп'ютарную праграму на мовах высокага ўзроўню. Праграма аўтаматычна тэсціруецца на вялікім наборы зыходных дадзеных. Увесь працэс праверкі, апрацоўкі і прыняцця рашэнняў цалкам аўтаматызаваны. Перамагаюць каманды, якія рашылі найбольшую колькасць задач за найменшы час.

Каманды БДУ практычна штогод не толькі перамагаюць на чвэрцьфінальных спаборніцтвах, але і дамагаюцца права выступаць у фінале ў ліку 100 найлепшых каманд свету. Адзначым, што на фінальных спаборніцтвах толькі 12 найлепшых каманд могуць атрымаць медалі, і пры гэтым у 2004 годзе каманда БДУ заваявала залатыя медалі, у 2008 годзе – бронзавыя медалі, у 2012 і ў 2013 гадах – сярэбраныя медалі.

Адметнай асаблівасцю сёлетніх чвэрцьфінальных спаборніцтваў стала іх юбілейная святочная атмасфера. Адкрыццё адбывалася 1 лістапада ў канцэртнай зале Ліцэя БДУ. Студэнцкі гімн прагучаў у выкананні харавой капэлы БДУ. Удзельнікаў і гасцей вітаў рэктар БДУ Андрэй Кароль. Сярод ганаровых гасцей былі выпускнікі мінулых гадоў, якія прадстаўлялі наш рэгіён на фіналах чэмпіянату свету з 2004 да 2017 гадоў.

Жадаем поспеху і перамогі нашым студэнтам, якім у снежні трэба будзе змагацца ў Санкт-Пецярбургу, дзе збяруцца больш за 220 каманд Паўночнай Еўразіі, за выхад у фінал чэмпіянату свету, які арганізуецца ў красавіку 2018 года ў Пекіне.

Дар'я КОЎЗА
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *