Традыцыі ўніверсітэта: ад Францыска Скарыны да сучаснасці

4 Nov, 2017.

26–27 кастрычніка на гістарычным і юрыдычным факультэтах БДУ адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя «Традыцыі ўніверсітэта: ад Францыска Скарыны да сучаснасці».

Канферэнцыя была прымеркавана да 500-гадовага юбілею беларус­кага кнігадрукавання і надыходзячага стагоддзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які заклаў    аснову для фарміравання сістэмы вышэйшай адукацыі і навукі сучаснай Беларусі.
Навуковы форум сабраў больш за 80 вядомых айчынных і замежных спецыялістаў, якія займаюцца вывучэннем актуальных праблем у галіне ўніверсітэцкай адукацыі, гісторыі вышэйшай школы ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама дзейнасці Францыска Скарыны, яго сучаснікаў і паслядоўнікаў у развіцці кнігадрукавання, культуры і адукацыі.Праблемнае поле канферэнцыі ахоплівала пытанні, звязаныя з асэнсаваннем культурна-гістарычнага феномена ўніверсітэта, яго ролі ў жыцці грамадства ў міну­лым, з перспектывамі і шляхамі развіцця адукацыі ў сучасным свеце. Асобныя блокі навуковага мерапрыемства былі сканцэнтраваны на разглядзе прасторава-часавага ўзаемаўплыву традыцыі Універсітэта і кніжнай традыцыі, а таксама на лёсах, сацыякультурнай ролі і значэнні дзейнасці людзей, якія звязалі сваё жыццё з выкладаннем ва ўніверсітэце.
Вялікая ўвага была нададзена шматграннай дзейнасці Францыска СКАРЫНЫ, яго ўнёску ў агульнаеўрапейскую культуру, дзяр­жаўную і прававую думку, адукацыю і навуку, а таксама ўплыву  цэнтральнаеўрапейскай кніжнай традыцыі на пачатак усходнеславянскага кнігадрукавання.
Міждысцыплінарны падыход  да вывучэння, актуальнасць разгледжаных праблем дазволілі зірнуць на глыбінныя карані асаблі­васцяў культурна-адукацыйнага развіцця краін Цэнтральнай і Усходняй Еў­ропы, якія сыходзяць у гіста­рыч­нае мінулае, больш вы­разна і ўсебакова зразумець сучасныя працэсы развіцця вышэйшай школы.Адкрыццё канферэнцыі і пленарнае пасяджэнне з удзелам прарэктара па вучэбнай рабоце БДУ С. М. Ходзіна прайшло на гістарычным факультэце. Сяргей Мікалаевіч адзначыў вялікую на­вуковую значнасць сёлетняга форуму, яго звязанасць з абвешчаным 2017 годам навукі, ды­намічнае развіццё якой задаюць вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Асабліва ён падкрэсліў важнасць даследавання не толькі праблем сучаснасці, але і мінулага для пра­вільнага разумення бягучых пра­цэсаў і падкрэсліў, што ў вывучэнні актуальных пытанняў  навукі і аду­кацыі нельга пера­ацаніць і той унёсак, які робяць гісторыкі, правазнаўцы, культуролагі і філосафы.
Да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся дэкан гістарычнага факультэта прафесар А. Г. Каханоў­скі  і дэкан юрыдычнага факультэта прафесар С. А. Балашэнка.Пленарнае пасяджэнне адкрыў даклад загадчыка кафедры новай і найноўшай гісторыі БДУ прафе­сара У. С. Кошалева «Падручнік па гісторыі як фактар нацыянальнай бяспекі дзяржавы». У сваім выступе дакладчык завастрыў увагу на стратэгічнай ролі школьнага падручніка па гісторыі ў справе ўмацавання асноў дзяржаўнасці і нацыянальнай ідэалогіі на сучас­ным этапе развіцця грамадства. Выступаючы з дакладам «Ідэя ўніверсітэта ў Еўропе – ад Сярэднявечча да ХХІ ст.», прафесар Універсітэта Пасау (Германія) Томас Вюнш прасачыў дынаміку падыходаў, функцый і місіі Універсітэта ў Еўропе на працягу стагоддзяў. Дадзеная тэма перагуквалася з дакладамі доктара філасофіі, выкладчыка кафедры гістарычнай сацыялогіі факультэта гуманітарных навук Карлава ўніверсітэта (Чэхія) Алены Маркавай, рэктара Дняпроўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Алеся Ганчара  прафесара Мікалая Палякова і доктара гістарычных навук Вар­фаламея Саўчука. На прыкладзе развіцця ўніверсітэцкай адукацыі   ў сваіх краінах паважаныя госці канферэнцыі вылучылі і ахарактарызавалі этапы інстытуцыяналізацыі вышэйшай школы, пазначылі кола праблем, якія стаяць перад сучасным універсітэтам. Таксама прагучаў даклад прафесара кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ Таісіі Доўнар «Тра­дыцыі беларускай юрыдычнай  адукацыі: ад Ф. Скарыны да сучаснасці».Падчас другой часткі канферэнцыі была арганізавана праца секцый, у тым ліку «Універсітэт як культурна-гістарычны феномен», «Кніжная традыцыя і традыцыя Універсітэта: ад Францыска Скарыны да сучаснасці», «Людзі Універсітэта – інтэлектуальная эліта грамадства», «Эпоха Францыска Скарыны ў дзяржаўнай і  прававой гісторыі Беларусі» і шэрагу іншых.
27 кастрычніка на базе гіста­рычнага факультэта адбыўся круг­лы стол, прысвечаны традыцыям Універсітэта, на якім былі падве­дзены вынікі канферэнцыі.

Алег МАЛЮГІН,
намеснік дэкана гістфака

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *