Званнем «Ганаровы прафесар БДУ» ўшанаваны старшыня Парламента Грузіі (+відэа)

7 Dec, 2017.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль уручыў 21 лістапада дыплом «Ганаровы прафесар БДУ» старшыні Парламента Грузіі Іраклію Кабахідзэ. Гэтага звання высокапастаўлены госць быў ганараваны за вялікі асабісты ўнёсак ва ўмацаванне і развіццё ўсебаковых сяброўскіх адносін паміж Грузіяй і Беларуссю.

Урачыстая цырымонія прайшла ў БДУ ў рамках афіцыйнага візіту ў Беларусь парламенцкай дэлегацыі Грузіі. Краіны маюць намер і далей умацоўваць супрацоўніцтва, у тым ліку праз сумесныя адукацыйныя праграмы. Адзначым, што ўжо больш за тры дзясяткі грамадскіх дзеячаў і вядомых палітыкаў былі ўдастоены звання «Ганаровы прафесар БДУ».Таксама ў цырымоніі прыняў удзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Грузіі ў Беларусі Давід Катарый.
Па словах рэктара БДУ Андрэя Караля, напярэдадні адбылося афіцыйнае галасаванне па прысуджэнні звання. Усе члены Савета ўніверсітэта аднагалосна выказалі сваю згоду ў тым, каб паважаны палітычны дзе­яч, доктар юрыдычных навук папоўніў шэрагі эліты – ганаровых прафесараў БДУ.
Праходзіла ўрачыстая цырымонія паводле пратакола: Іраклію Кабахідзэ ўручылі дыплом, які пацвярджае ганаровае званне, і падарылі мантыю, спецыяльна пашытую для высокага госця. Іраклій Кабахідзэ ў сваім выступленні перад выкладчыкамі і студэнтамі БДУ падзя­каваў за гонар быць ганаровым прафесарам вядучай ВНУ Беларусі. Старшыня парламента таксама распавёў пра Грузію, пра ажыц­цёў­ле­ныя і бягучыя рэформы. Спікер звярнуў увагу   на замежнапалітычныя прыярытэты Грузіі і выказаў спадзяванне, што супрацоўніцтва дзвюх краін будзе і далей развівацца на карысць беларускага і грузінскага народаў. Таксама высокапастаўлены госць адказаў на пытанні прысутных. У прыватнасці, ён распавёў пра мару, якая тычыцца яго краіны, падзяліўся ўражаннямі ад нацыянальнай кухні Беларусі і адзначыў найбольш перспектыўныя галіны супрацоўніцтва.
Напрыканцы цырымоніі Іраклій Кабахідзэ пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей БДУ.
– Статус ганаровага прафесара БДУ – гэта дадатковая магчымасць пашырэння і паглы­б­лення супрацоўніцтва, – казаў у гу­­тар­цы з журналістамі рэктар БДУ Андрэй Кароль. –  Ужо былі абмеркаваны магчымасці пашы­рэння супрацоўніцтва з Тбіліскім дзяржаўным уні­версітэтам.
– У нас не толькі добрыя палітычныя і дыпламатычныя адносіны, але і ў цэлым мы зацікаўлены ўмацоўваць сяброўскія сувязі паміж нашымі краінамі, – падкрэсліў Іраклій Кабахідзэ, старшыня Парламента Грузіі. – Наша кааперацыя на розных узроўнях, у тым ліку эканамічная, паказвае сваю эфектыўнасць. У нас ёсць жаданне рухацца далей.
Алёна ЛЯЎШЭНЯ
Даведка
Іраклій Кабахідзэ з адзнакай скончыў юрыдычны факультэт Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 2005 годзе – юрыдычны факультэт Універсітэта Дзюсельдорфа (Германія). Мае ступень магістра права, доктар юрыдычных навук.
У 2011–2013 гг. – выкладчык Універсітэта Джорджыі (ЗША), 2011–2014 гг. – дацэнт факультэта права Каўказскага ўніверсітэта. З 2014 г. – дацэнт Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта, 2015–2016 гг. – выканаўчы сакратар, член палітычнага савета кіроўнай партыі «Грузінская мара – дэмакратычная Грузія». З лістапада 2016 г. – старшыня Парламента Грузіі.

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *