Фітнэс, гімнастыка, атлетыка, плаванне… У БДУ для супрацоўнікаў дзейнічаюць 42 групы здароўя

31 Jan, 2018.

Перадавыя кампаніі ахвотна інвестуюць у здароўе супрацоўнікаў, бо гэта адбіваецца на эфектыўнасці працы. БДУ сочыць за тэндэнцыямі і стварае ўмовы для таго, каб кожны супрацоўнік мог палепшыць сваю фізічную форму.


– Нам патрэбныя здаровыя кадры. Калі няма праблем з хваробамі, то супрацоўнік дае добры вынік у працы. Ва ўніверсітэце гэта разумеюць, – распавядае Васіль Амялюсік, старшыня спартыўна-масавай камісіі Прафсаюзнага камі­тэта супрацоўнікаў БДУ. – Здароўе чалавека трымаецца на кар­дыя­рэспіраторнай сістэме. Наколькі яна забяспечвае кожную клетачку кіслародам, настолькі эфектыўна функцыянуе наш арганізм. Кардыярэспіраторную сістэму трэба трэніраваць, даваць ёй анаэробную нагрузку.


Для тых, хто хоча палепшыць сваё здароўе ці падтрымаць арга­нізм у тонусе, ва ўніверсітэце працуюць 42 групы здароўя, арганізаваныя пры падтрымцы прафкама. Усе заняткі праводзяцца бясплатна, а наведваць іх можа любы супрацоўнік, які з’яўляецца членам прафсаюза. Алгарытм запісу просты: неабходна звязацца з кіраўніком групы, якую жадаеце наведваць, і напісаць заяву. Пры наяўнасці вольных месцаў далучыцца да групы можна нават на працягу года. А абраць ёсць з чаго: фізічную актыўнасць даспадобы знойдуць сабе і аматары гульнявых відаў спорту (працуюць групы па футболе, валейболе, баскетболе, настольным тэнісе, шахматах), і тыя, хто жадае працаваць над целам у спартыўнай зале, займаючыся фітнэсам ці ат­летычнай гімнастыкай. Асаблівай папулярнасцю ў супрацоўнікаў ка­рыс­таюцца групы па плаванні:
– На заняткі прыходзяць людзі з рознымі фізічнымі магчымасцямі  і рознага ўзросту ў першую чаргу  для аздараўлення. Хтосьці калісьці плаваў і цяпер прыходзіць пад­трым­ліваць форму, а хтосьці па рэкамендацыі урача, напрыклад, для рэабілітацыі пасля траўмы, – дзеліцца Васіль Амялюсік, які сам з’яўляецца кіраўніком груп здароўя па плаванні і валейболе.
У раскладзе заняткаў можна знайсці адразу некалькі груп АФП (агульная фізічная падрыхтоўка). Кожная з іх мае свой ухіл, напрыклад, на практыкаванні з элемен­тамі ёгі ці лячэбную фізкультуру. Зазіраем на заняткі групы пад кіраўніцтвам Алы Расолькі, дацэнта кафедры фізвыхавання і спорту. Пад рытмічны лік «раз, два, тры, чатыры» дзяўчаты выконва­юць практыкаванні, а трэнер со­чыць за тэхнікай і папраўляе, калі патрабуецца. У перапынку Ала Іванаўна распавядае, што на заняткі бярэ ўсіх ахвотнікаў, у яе групе 20 чалавек.  Пасля пытаемся ў пры­сутных, як прайшла трэніроўка:
–  Тут зараджаешся станоўчымі эмоцыямі, бліжэй знаёмішся з калектывам, у якім працуеш, – дзе­ліцца Ірына Клімовіч, камендант галоўнага навучальнага корпуса БДУ. – Хаджу на заняткі для падтрымання добрай фізічнай формы, для здымання стрэсу пасля цяж­кага працоўнага дня. Гэтыя заняткі для радасці і добрая магчымасць займацца бясплатна, абы было  жаданне хадзіць.
У яшчэ адной групе АФП адцягваем ад трэніроўкі маладога чалавека:
– Я прыходжу займацца на трэнажорах, каб расслабіцца, падтрымаць сваю фізічную форму. Гэта вельмі цудоўна, што супрацоўнікі могуць прыходзіць займацца пасля працы, – адзначае аспірант фізічнага факультэта Сяргей Назараў і дадае: – А яшчэ гэта выдатная магчымасць падрыхтавацца да спаборніцтваў для тых, хто ўдзель­нічае ў штогадовай спартакіядзе нашага ўніверсітэта.
Пры адкрыцці груп здароўя арыентуюцца на просьбы і жаданні сяброў прафсаюза:
– Супрацоўнікі пішуць заявы, мы бачым, што ў нас па нейкім кірунку набіраецца група 10–12 чалавек, тады мы шукаем чалавека, які зможа весці гэту групу, а ўсе кіраўнікі нашых груп – кваліфікаваныя спецыялісты, – распавядае Васіль Амялюсік. – Вядома, супрацоўнікі хацелі б у тым ліку займацца такімі папулярнымі цяпер кірункамі фітнэсу, як пілатэс ці зумба, але праблематычна знайсці чалавека, які  б пагадзіўся весці групу за тую ап­лату, якую мы можам прапанаваць.
Вялікая ўвага ва ўніверсітэце надаецца здароўю не толькі су­працоўнікаў, але і іх дзяцей. Для іх адкрыты дзве групы: плаванне і аэробіка.
– Гэта група працуе першы год, – распавядае Наталля Астрэйка, старшы выкладчык КФіС, кіраўнік групы па аэробіцы для дзяцей. – Я прымаю дзяцей любога ўзросту, цяпер ходзяць на заняткі дзеці ад 6 да 13 гадоў. Тут можна атрымаць харэаграфічную, бегавую, скачковую падрыхтоўку, развіць каардынацыю, гнуткасць, сілавыя якасці.  У любым выпадку, у залежнасці ад падрыхтоўкі, даю дзецям розную нагрузку: хтосьці займаецца спартыўнай аэробікай, а хтосьці – аз­дараўленчай гімнастыкай.
Падрабязней азнаёміцца з пералікам і раскладам усіх дзейных груп здароўя можна на сайце tradeunion.bsu.by у раздзеле «Спорт». На шляху да здароўя галоўнае – пачаць займацца і рабіць гэта рэгулярна:
– Для таго, каб дамагчыся эфекту, неабходна прытрымлі­вацца двух прынцыпаў: не перанапружвацца і займацца рэгулярна, – дае рэкамендацыі Васіль Амялюсік. І ўсё роўна, займаецеся вы валейболам ці плаваннем. Пажадана, каб фізічная нагрузка была хоць бы тры разы ў тыдзень, таму што пры двухразовай нагрузцы мы можам казаць толькі пра нейкае падтрыманне таго стану, які ёсць, а пры трохразовай можна ўжо казаць  пра невялікую трэніраванасць.

А для студэнтаў…
Магчымасць займацца спортам бясплатна ёсць таксама ў сяброў студэнцкага прафкама БДУ. Абанементы ў трэнажорную залу і басейн выдаюцца кожныя два месяцы пры наяўнасці медыцынскай даведкі. Даве­дацца падрабязнасці і сачыць  за датамі выдачы – www.vk.com/profkombsu.

Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Таццяны Багамазавай

Даведка
Па дадзеных СААЗ, ва ўсім свеце фізічная інертнасць з’яўляецца асноўнай пры­чынай лішняй масы цела і атлусцення, неінфекцыйных  за­х­­ворванняў і хранічных паталогій, у ліку якіх дыябет, гіпер­танія, сардэчна-сасудзістыя хваробы, розныя формы злаякасных новаўтварэнняў, стрэс, дэпрэсія. Пры гэтым наступствы фізічнай інертнасці не толькі прамыя, якія тычацца здароўя, але і ўскосныя – зніжэнне аб’ёмаў выт­ворчасці з прычыны хвароб, непрацаздольнасці, ці заўчаснай смяротнасці. Па ацэнках, калі колькасць насельніцтва складае 10 мільёнаў, пры гэтым 50 % насельніцтва характарызуюцца недастатковай фізічнай актыўнасцю, то штогадовыя выдаткі дахо­дзяць да 910 млн еўра.

print

Вам таксама можа спадабацца: