На “Вакацыях ў Лагойску” студэнты БДУ перамагалі страхі і білі асабістыя рэкорды (+відэа)

29 Jan, 2018.

Свята "Вакацыі ў Лагойску" прайшло 25 студзеня ў Дзень Таццяны, заступніцы студэнцтва. Гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс "Лагойск" прыняў больш за паўтысячы актыўных студэнтаў і выкладчыкаў Белдзяржуніверсітэта. Удзельнікі спаборнічалі ў лыжнай эстафеце, каталіся на больш экстрэмальных горных лыжах, сноўбордзе і цюбінгу, сустрэліся са знакамітай біятланісткай. Арганізавала гэта мерапрыемства пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ.

Рэцэпт вясёлага адпачынку даведваліся ўсе разам. Удзельнікамі маштабнай акцыі сталі студэнты, кіраўніцтва ВНУ, выкладчыкі, супрацоўнікі БДУ. Віншавальным словам адкрыла гэта свята рэктар Андрэй Кароль:

– Заканчэнне сесіі – знамянальная падзея ў жыцці студэнтаў. Гэта добрая нагода адзначыць гэту радасную падзею эмоцыямі, карыснымі фізічнымі нагрузкамі і спартыўнымі дасягненнямі. Хочацца, каб падобныя мерапрыемствы, якія грунтуюцца на сумесным баўленні часу студэнтаў, выкладчыкаў і кіраўніцтва ВНУ, былі рэгулярнымі. Гэта добры фармат, які дазваляе згуртаваць наш калектыў.

Як адзначыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ Вольга Локцева, сустракаць Дзень Таццяны на лыжні стала традыцыяй. Ужо ў трэці раз зімовае свята праходзіць у Лагойску. У сваім звароце да ўдзельнікаў Вольга пажадала, каб дзень запомніўся ўсім яркімі эмоцыямі, хуткай лыжнёй і заваяваннем самых высокіх вяршыняў. У такім настроі і праходзіў гэты дзень.

Таццянін дзень, ці Дзень студэнцтва, звязваюць з імем раннехрысціянскай пакутніцы Таццяны Рымскай, пра якую кажуць у праваслаўнай царкве 25 студзеня. Пра вытокі свята нагадалі протадыякан Максім Логвінаў, кіраўнік аддзела па працы з моладдзю Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, і протаіерэй Алег Голубеў, першы прарэктар Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла. Яны заклікалі студэнтаў развівацца фізічна, духоўна і інтэлектуальна, бо ва ўніверсітэце ёсць для гэтага ўсе магчымасці.

Адчуць дух спаборніцтва ў лыжнай эстафеце выйшлі 4 каманды: рэктарат і прадстаўнікі духавенства, дэканаты, супрацоўнікі БДУ, студэнты. Чатыры этапы па 400 метраў удзельнікі прайшлі са спартыўным запалам. Каб падтрымаць здаровыя ідэі, на лыжню сёлета ўпершыню выйшаў і рэктар БДУ. Першай фінішавала каманда студэнтаў, у склад якой увайшлі: Яўген Дарожка (філфак), Яраслаў Падрэз (фізфак), Уладзімір Фядотаў (геафак) і Цімафей Швайба (ІБМТ). Серабро дасталася прадстаўнікам рэктарата, трэцяй завяршыла эстафету каманда супрацоўнікаў.

У выязны Дзень студэнта можна было атрымаць парады ад майстра спорту міжнароднага класа. Прайшла сустрэча студэнтаў з Вольгай Назаравай, чэмпіёнкай Еўропы, двухразовым бронзавым прызёрам чэмпіянатаў свету, 11-разовай чэмпіёнкай свету па летнім біятлоне. Знакамітая біятланістка стала хэдлайнерам студэнцкага свята. Спартсменка распавяла пра сваю кар'еру, падзялілася тым, як пераадольваць цяжкасці і страхі. Надала ўвагу важнасці спорту, які дапамагае шанаваць час і гартуе характар. Біятланістка прызналася, што, хоць і нарадзілася ў Расіі, але любіць абедзве краіны аднолькава, бо ў Беларусі ў яе склалася і сям'я, і кар'ера. Вольга распавяла, што ў апошні час захапляецца фатаграфіяй і псіхалогіяй. У псіхалогіі яна шукае тыя пэўныя інструменты, якія дазваляюць дасягаць выніку, матывуюць на перамогу. Гэту формулу мыслення пераможцы яна як трэнер-метадыст Беларускай федэрацыі біятлона перадае маладому пакаленню. Нават пасля завяршэння спартыўнай кар'еры Вольга не выпала з беларускага біятлона, а наадварот, дапамагае яму развівацца.

У гэты дзень студэнты акунуліся ў сапраўднае зімовае шматбор'е. Адолелі не толькі спрынт на роўнай лыжні, але і старт са схілу на горных лыжах ці сноўбордзе. Таксама падчас зімовага свята працавалі зоны актывацый: удзельнікі паспаборнічалі ў жартаўлівым зімовым сумо і футболе, змаглі пастраляць у ціры. Многія сталі на горныя лыжы ўпершыню, але перамаглі страхі і ўсталявалі свае асабістыя рэкорды.

Любоў Ланіна, студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук:

– Мой першы Дзень студэнта запомніцца як халодны, але цікавы і вясёлы дзень. Запомніцца кіраўніцтва ВНУ на лыжах, сустрэча з Вольгай Назаравай. Дзякуючы "Вакацыям у Лагойску" я змагла ўпершыню пакатацца на лыжах са схілу! Я даўно не стаяла на лыжах, але работнікі комплексу праводзілі інструктаж і дапамагалі пачувацца ўпэўненей. Гэта было захапляльна! Мае сябры вучыліся катацца на сноўбордзе, думаю, у наступным годзе таксама паспрабую.

Дзень Таццяны выдаўся яркім, бадзёрым і па-сяброўску цёплым. Час прайшоў хутка, гарналыжны комплекс пакінулі ўвечар. Свята мела поспех, таму ў наступным годзе будзем чакаць ізноў прыезду ў Лагойск.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *