«Чуць віры свае» . Міжнародная летняя школа беларусістыкі стартавала ў чацвёрты раз [+cлайды і відэа]

23 Aug, 2018.

Сёлета Міжнародная летняя школа беларусістыкі (МЛШБ) праходзіць з 20 жніўня па 1 верасня. Паглыбіць свае веды ў беларускай мове выказалі жаданне прадстаўнікі Германіі, ЗША, Італіі, Кітая, Латвіі, Польшчы, Расіі і Чэхіі.

У межах двухтыднёвай адукацыйна-культурнай праграмы ўдзельнікі маюць магчымасць вывучаць беларускую мову ў маўленчым асяроддзі, пазнаёміцца з культурным жыццём Беларусі, даведацца пра традыцыі, гістарычную спадчыну беларускага народа.

Заснавальніца Міжнароднай летняй школы беларусістыкі Лідзія Сямешка

Адукацыйная частка праграмы ўключае інтэнсіўны практыкум беларускага маўлення, разлічаны на пачатковы (А1, А2), сярэдні (В1, В2) і высокі (С1, С2) узроўні валодання беларускай мовай. Праграма ўключае таксама лекцыі-прэзентацыі па актуальнай міждысцыплінарнай беларусазнаўчай (лінгвакультурнай, гісторыка-краіназнаўчай, літаратуразнаўчай, лінгвадыдактычнай) праблематыцы і індывідуальныя кансультацыі з вядомымі навукоўцамі ў галіне беларусазнаўства па заяўленай слухачамі праблематыцы.

 

Поп-фолк-дуэт "Лялькі Карпарэйшн"

Працэс навучання спалучаецца з багатай і разнастайнай культурнай праграмай. Гэта пешыя вандроўкі па Мінску і выязныя аўтобусныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі, наведванне музеяў, мастацкіх галерэй, тэатраў, бібліятэк, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, творчымі калектывамі.

З іншага боку, МЛШБ – гэта магчымасць наладжвання і паглыблення навуковых і культурных кантактаў з замежнымі даследчыкамі і прыхільнікамі беларускай мовы, літаратуры, культуры. Дзякуючы гэтаму праекту можна пашырыць у свеце веды пра моўную і культурную самабытнасць беларускага народа, пра беларускую гістарычную традыцыю, нацыянальныя каштоўнасці і ўклад нашага народа ў сусветную культуру і навуку.

Сваім меркаваннем падзяліўся пастаянны ўдзельнік МЛШБ Раман Чырвонцаў, намеснік старшыні рады нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Масквы», намеснік старшыні рады нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі»:

– Я б хацеў, каб школа беларусістыкі набыла статус школы абавязковай, як пачатковая альбо сярэдняя школа. І праводзілася, як мінімум, адзін раз у год. Каб больш людзей маглі прыязджаць сюды. Толькі пачынаецца наша школа, а я ўжо смуткую, што яна доўжыцца ўсяго два тыдні. Гэта так мала для таго, каб увайсці ў сапраўдны асяродак беларускай мовы, людзей, якім гэта цікава. Гэта шчасце! І яно так хутка канчаецца.

Таццяна БАГАМАЗАВА
Фота і відэа аўтара
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: