“Наша беларускае слова – сонца, якое не закоціцца.” На філфаку БДУ зладзілі Тыдзень роднай мовы

28 Feb, 2018.

Як вядома, 21 лютага адзначаецца міжнароднае свята роднай мовы. Менавіта таму ў гэты дзень распачаўся Тыдзень роднай мовы на філалагічным факультэце. Лагічнасць адзначэння гэтага свята ў яго сцянах падкрэсліў і дэкан факультэта Іван Роўда. Выступілі таксама і нашыя паважаныя госці: прарэктар БДУ па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Сяргей Ходзін, дацэнт кафедры прыватных методык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка Вольга Зелянко, намеснік начальніка ўпраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Беларусі Галіна Гусакова, намеснік начальніка ваеннага факультэта па ідэалагічнай рабоце Анатоль Ермаловіч, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыяй Міністэрства адукацыі Беларусь Ірына Булаўкіна і беларускі пісьменнік і перакладчык, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп.

Кожны з выступоўцаў па-рознаму выказаўся пра неабходнасць развіцця і выкарыстання роднага слова, але пры гэтым усе засталіся перакананыя, што яно павінна заўсёды быць у нашым сэрцы. Трапна падкрэсліў гэтую думку Сяргей Ходзін: “Мова пранікла ў нашыя сэрцы, і супыніць гэты працэс немагчыма.” А Віктар Шніп прачытаў свае надзвычай кранальныя вершы, прысвечаныя матчынай мове і Айчыне.

Выказванні паважаных гасцей можна смела аднесці да крылатых выразаў. На ўплыў, які здольная зрабіць мова на чалавека, звярнула ўвагу Гусакова Галіна: “Калі вы звяртаецеся да чалавека на яго роднай мове, то звяртаецеся адразу да яго сэрца”.

Другая частка мерапрыемства – гэта канцэрт, тэма якога – “Ад слова вырастаюць крылы…”.  Свае творчыя здольнасці прадэманстравалі курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, ансамбль “Жалейка”, прадстаўнікі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Філалагічны факультэт, несумненна, таксама прыняў удзел у імпрэзе. Студэнты прадставілі 14 моў свету ў песнях, вершах і творах у прозе. А замежныя студэнты ўсцешылі слухачоў чытаннем верша Петруся Броўкі “Пахне чабор”.

Выступленні нашых паважаных гасцей і студэнтаў перанеслі нас у чароўны свет, у якім можна было дакрануцца да культуры і скарбаў не толькі беларускага, але і іншых народаў.

Ірына Булаўкіна падкрэсліла, што калі ёсць моладзь, якая цягнецца да роднага слова, то мова не знікне. І хацелася б, каб сенняшнія словы госця-паэта сталі сапраўдным дэвізам нашага народа: “Наша беларускае слова – сонца, якое не закоціцца.”

Марына ЧЭКУН
Фота Анастасiі Шпартавай

print

Вам таксама можа спадабацца: