Перспектыўныя распрацоўкі навукоўцаў БДУ. Устаноўка гіпертэрмічная камп’ютарызаваная «Пціч-М»

8 Feb, 2018.

У 2017 годзе даследчыкі БДУ адзначыліся істотнымі дасягненнямі і навукаёмістымі распрацоўкамі, якія дэманстраваліся на шматлікіх выставах.

Распрацоўка – НДЛ інфармацыйна-вымяральных сістэм кафедры інфарматыкі і камп’ютарных сістэм ФРКТ.
Навуковы кіраўнік – С. М. Семяновіч, вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат тэхнічных навук.
Суаўтар – Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава.
Пра праект
Камп’ютарызаваная медыцынская ўстаноўка агульнай гіпер­тэрміі «Пціч-М» прызначана для шмат­кампанентнага лячэння распаўсюджаных і генералізаваных формаў злаякасных пухлін шляхам правядзення сеансаў агульнай гіпертэрміі пацыента.
Сутнасць лячэбнай методыкі: правядзенне пад агульным наркозам сеанса (працягласцю 2–3 гадзіны) плаўнага нагрэву цела пацыента да крытычных (40–42°С) тэмператур пры адначасовым уздзеянні на яго пэўным комплек­сам хіміятэрапіі. Магчымасць правядзення хіміятэрапіі ва ўмовах агульнай гіпертэрміі мае шэраг   пераваг у параўнанні са звычайнай хіміятэрапіяй, у тым ліку: прамая гібель пухлінных клетак пры награванні ў паказаных тэмпературных інтэрвалах; магчымасць памян­шэн­ня дозы цытастатыкаў; узмац­ненне супрацьпухліннага эфекту і зніжэнне нефратаксічнага, кардыятаксічнага, гепататаксічнага дзеяння хімія­­прэпаратаў; пры мясцовараспаўсюджаных пухлінах правядзенне 1–2 сеансаў агульнай гіпертэрміі дазваляе паменшыць   іх памеры і ажыццявіць аператыўнае лячэнне.Працэдурны модуль устаноўкі выкананы ў выглядзе спецыяльнага стала, абсталяванага сістэмамі падтрымкі тэмпературы ў зададзеных экспазіцыйных рэжымах (ад +20°С да +42°С з дакладнасцю не менш за 0,2°С) з дапамогай камп’ютарызаваных вымяральна– рэгуляцыйных сродкаў і прымусовага тэрмагідраўлічнага астуджэння самых крытычных участкаў цела пацыента (галава, спінны мозг). Нагрэў цела пацыента забяспеч­ваецца за кошт уздзеяння высо­ка­частотнай (13,56 МГц) электрамагнітнай энергіі.
Спецыялізаванае праграмна-ма­тэ­матычнае забеспячэнне ажыц­цяўляе агульнае кіраванне працай медыцынскай устаноўкі ў ручным ці аўтаматычным рэжымах; надзейны двухступеньчаты кантроль усіх рэ­жымаў працы; разнастайнае інфарматыўнае адлюстраванне ў графічнай і тэкставай форме ўсіх пара­метраў працэдуры і іх рэгістрацыю  ў памяці камп’ютара.
Вытворца ўстаноўкі «Пціч-М» – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Уведзена ў эксплуатацыю ў  РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. У наш час на ёй праведзена больш за 200 лячэбных сеансаў. Зацікаўленасць у набыцці ўстаноўкі выявілі медыцынскія ўстановы Рэспублікі Казахстан.

Паводле інфармацыі
Галоўнага ўпраўлення навукі

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *