Што такое каханне? Даведаліся студэнты БДУ на адкрытай лекцыі (+відэа)

22 Feb, 2018.

У рамках праекта "Адкрытыя лекцыі" 13 лютага напярэдадні дня святога Валянціна адбылася лекцыя загадчыка кафедры агульнай і клінічнай псіхалогіі факультэта сацыяльных навук БДУ прафесара Уладзіміра Дамарацкага "Што такое каханне?".

Ахвотнікаў даведацца адказ на гэта вечнае пытанне было шмат, і аўдыторыя фізічнага факультэта была перапоўнена. Уладзімір Антонавіч распавёў студэнтам, як разумелі каханне навуковыя, гістарычныя дзеячы і людзі мастацтва розных стагоддзяў.  А таксама студэнты даведаліся пра "хімію кахання". Выкладчык распавёў, якія гармоны выпрацоўваюцца ў перыяд закаханасці і чаму навукоўцы лічаць, што каханне жыве тры гады.

Прафесар распавёў студэнтам пра трохкампанентную тэорыю кахання Роберта Стэрнберга. Паводле яе, існуюць тры складнікі кахання: палкасць, інтымнась і адданасць. Рознае спалучэнне гэтых кампанентаў фарміруюць 8 разнавіднасцяў кахання.

  • Адсутнасць усіх трох кампанентаў – гэта "некаханне". Адсутнасць кахання характарызуе пераважную большасць нашых асабістых адносін, паўсядзённае ўзаемадзеянне
  • Наяўнасць інтымнасці без палкасці і адданасці прыводзіць да з'яўлення "сімпатыі і сяброўства"
  • Наяўнасць толькі палкасці прыводзіць да "гарачага захаплення"
  • Пачуццё абавязку без інтымнасці і палкасці прыводзіць да фарміравання так званага "пустога кахання"
  • "Рамантычнае каханне" атрымліваецца са спалучэння інтымнасці і палкасці ў каханні. Рамантычныя палюбоўнікі не толькі звернутыя фізічна адзін да аднаго, але таксама звязаныя эмацыйна – аднак не маюць падтрымных абавязанняў.
  • Спалучэнне інтымнасці і адданасці ўтворыць "сяброўскае каханне". Гэты тып кахання назіраецца ў доўгіх шчаслівых шлюбах, дзе палкасць трохі згасае, але глыбокая прыхільнасць і абавязанні застаюцца.
  • Бессэнсоўнае (ці фатальнае) каханне з'яўляецца там, дзе ёсць толькі палкасць і пачуццё абавязку
  • Дасканалым каханнем, пра якое мараць многія, лічацца адносіны, у якіх прысутнічаюць усе тры кампаненты кахання. Такога кахання складана дасягнуць, і яшчэ складаней яго захаваць. Але яно вартае высілкаў.

Таксама Уладзімір Антонавіч распавёў, што пабудаваць гарманічныя адносіны можа пара, якая аб'яднана агульнымі інтарэсамі і дзе абодва высока шануюць адзін аднаго, чаканні іх рэалістычныя, а камунікацыя эфектыўная. Вельмі важным фактарам прафесар лічыць уменне канструктыўна сябе паводзіць у канфліктнай сітуацыі. Але самае галоўнае для чалавека – гэта прыняць і палюбіць сябе. Без гэтага немагчыма пабудаваць моцныя любоўныя адносіны. У канцы лекцыі выкладчык прапанаваў прысутным прайсці тэст на разняволенасць і адзначыў, што яна таксама вельмі важная для пабудовы гарманічных адносін.

Лекцыя Уладзіміра Антонавіча Дамарацкага была ўжо другой адкрытай лекцыяй БДУ. Стваральнікі праекта рыхтуюць выступленні і іншых лектараў. Яны актыўна ўзаемадзейнічаюць са студэнтамі і цікавяцца, на якія тэмы хлопцы і дзяўчаты хочуць пачуць лекцыі.

Прапанаваць лектараў для праекта вы можаце тут
Лекцыю Уладзіміра Антонавіча Дамарацкага можна паглядзець тут
Фатаграфіі з мерапрыемства можна паглядзець на афіцыйнай старонцы праекта "Укантакце"
 
Дар'я КОЎЗА
Фота Юль'яны Гарачковай
 
print

Вам таксама можа спадабацца: