Смачна есці! Адкрылася абноўленая сталовая галоўнага корпуса (+відэа)

14 Feb, 2018.

Сталовая галоўнага корпуса БДУ 6 лютага адкрылася пасля рамонту. Карэспандэнт газеты «Універсітэт» пабываў у абноўленай установе, куды на абед прыходзяць супрацоўнікі ўніверсітэта і студэнты.

Выгляд памяшкання кардынальна змяніўся: новая яркая плітка, стыль­ныя постары на сценах, камфортныя канапкі. Па словах дацэнта кафедры дызайну факультэта сацыякультурных камунікацый Аляксея Семянцова, які працаваў над стварэннем дызайнерскага праекта сталовай, тут імкнуліся стварыць месца не толькі для ежы, але і для прыемнага правядзення вольнага часу.

– Я прыемна здзіўлена, усё так арыгінальна выглядае, вытрыманы стыль. Гэта ні ў якое параўнанне не ідзе з тым, што было. Зараз тут не дзьме, можна камфортна размясціцца, нават правесці нейкія гутаркі, дыскусіі, абсталяванне гэта дазваляе – дзеліцца пасля абеду  ў новым інтэр’еры вядучы навуковы супрацоўнік фізічнага факультэта Галіна Крылова.

«Паглядзі, новыя лыжкі, ды і нажы ёсць!» – не хаваюць эмоцый студэнты. Ля раздатачнай зоны выбудоўваецца чарга, але ў зале няма ніякага гармідару: тут павялічылі колькасць пасадачных месцаў з 80 да 102. Абедаць зараз можна, гледзячы тэлевізар ці слухаючы музыку.

– Шыкоўна, вытанчана, смачна, – дае характарыстыку абноўленай сталовай вядучы спецыяліст першага аддзела Ала Чарнейка. – Тут у прынцыпе заўсёды нядрэнна гатавалі, але есці ў новай атмасферы нашмат смачней.

– Нагадвае кавярню, – дадае яе калега.

У памяшканні з’явіліся разеткі, якімі абсталяваны пасадачныя месцы. Гэта зроблена для таго, каб наведнікі пры неабходнасці маглі тут папрацаваць, напрыклад, за ноўтбукам. Для большай зручнасці ў сталовай запрацавала ўніверсітэцкая сетка Wi­Fi. Спрабуем падключыцца разам са студэнтам ФПМІ Мікітам Вушавым – «ловіць» выдатна:

– Сапраўды, тут камфортна, зроблена ўсё ў моладзевым стылі, сучасна. Калі, абедаючы, глядзіш не на старую савецкую плітку, а на прыемны воку інтэр’ер, гэта пакідае нашмат больш станоўчае ўражанне. Яшчэ я вельмі спадзяюся, што кошты застануцца такімі ж нізкімі.

Дэмакратычны кошт абедаў – вынік працы адміністрацыі сталовай. Дарэчы, у дзень адкрыцця з гадзіны да трох наведнікаў чакала прыемная неспадзеўка: зніжка 20 % на асноўнае меню. Такімі акцыямі, па словах дырэктара камбіната грамадскага харчавання БДУ  Жанны Варанкевіч, плануюць радаваць кліентаў раз на месяц:

– Мы папрацавалі з пастаўшчыкамі, каб патанніць, напрыклад, мясную прадукцыю, імкнёмся, каб у меню было больш агародніны. Будзем праводзіць розныя акцыі, але для гэтага важна, каб у нас са студэнтамі быў дыялог.

Свае прапановы і заўвагі любы ахвотнік можа «выказаць» наўпрост на грыфельнай сцяне, якая з’явілася ва ўваходу, «крэйдавыя паведамленні» адміністрацыя прыме да ўвагі. Для камфорту кліентаў і хуткасці абслугоўвання   ў сталовай увялі комплексныя абеды. Напрыклад, у дзень адкрыцця ў сталовай прапанавалі комплекс коштам 1,32 руб.: вінегрэт, боршч, катлеты са свініны, грачаная каша, кампот і хлеб. Самы дарагі поўны абед з мясам абыдзецца ў 3,50 руб.

– Калі я раней магла тут купіць адну катлету, то цяпер купіла цэлых дзве! – дзеліцца студэнтка фізфака Аляксандра Нікіціна.

Усе будаўнічыя працы былі праведзены ў рэкордна кароткі тэрмін: сталовую абнавілі за месяц. Рамонт не закрануў толькі падлогу,  бо пад ёй знаходзяцца камунікацыі, і абнаўленне яе зімой немагчымае:

– Мы пра гэта памятаем, і ў летні сезон дадзеная праца будзе  выканана, – каментуе прарэктар па эканоміцы і матэрыяльна­тэхнічным развіцці БДУ Міхаіл Чарапеннікаў. – Хочацца адзначыць, што гэты праект цалкам рэалізаваны нашым факультэтам сацыякультурных камунікацый: ад афарбоўкі канап і да разводкі разетак. Гэта наш універсітэцкі праект, зроблены з душой для роднага ўніверсітэта.

Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: