Кар’ерны форум «Узаемадзеянне 3.0.» адбудзецца 3 красавіка ў БДУ

19 Mar, 2018.

Кар'ерны форум "Узаемадзеянне 3.0." пройдзе 3 красавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Усе дзеянні разгорнуцца на пляцоўках "Прэзідэнт-атэля" (вул. Кірава, 18). Пачатак у 10.00.

Сёлета ў аснову канцэпцыі мерапрыемства пакладзена ідэя мадэлі "Універсітэта 3.0.". Удасканаленне ўзаемадзеяння ВНУ з заказчыкамі кадраў, умацаванне сувязі адукацыі і прадпрыемстваў стануць ключавымі тэмамі працы трох секцый: "Студэнтам", "Кампаніям" і "Каардынатарам падраздзяленняў БДУ".

"Асноўная задача "Кар'ернага форуму БДУ–2018" заключаецца ў гарманізацыі сувязяў і наладжванні аптымальных шляхоў узаемадзеяння ў ланцужку "працадаўца-ўніверсітэт-студэнт". Мы адкрыты да прапаноў ад замоўцаў і студэнтаў па ўдасканаленні сістэмы працаўладкавання маладых спецыялістаў. Таму мерапрыемства стане трохбаковай пляцоўкай, дзе кожны зможа данесці не толькі свой пункт гледжання на арганізацыю працэсу супрацоўніцтва, але і заявіць пра ўласныя мэты, інтарэсы і запатрабаванні", – тлумачыць канцэпцыю начальнік упраўлення кадраў БДУ Наталля Няпеўная.

Праграма студэнцкай секцыі ўключае мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне ў моладзі навыкаў "самапрэзентацыі", праходжання сумоўя, складання рэзюмэ. Студэнтам прапануюць наведаць майстар-класы па развіцці асобасных якасцяў, прайсці экспрэс-інтэрв'ю з працадаўцамі і атрымаць рэкамендацыі па пошуку працы.

У рамках форуму разгорнецца традыцыйны "Кірмаш вакансій". Звыш 30 айчынных і міжнародных кампаній пазнаёмяць студэнтаў са сваімі вакансіямі, а таксама прапановамі па праходжанні практыкі ці стажыроўкі.

Упершыню ў рамках форуму будзе арганізаваны конкурс "Відэарэзюмэ". Гэта ўнікальная магчымасць для моладзі асвоіць тэхніку складання рэзюмэ сучаснага выгляду. Прыём заявак для ўдзелу адкрыты на сайце і працягнецца да 22 сакавіка. Усе зарэгістраваныя студэнты змогуць на працягу двух дзён прайсці навучанне па складанні прэзентацыйнага роліка. Найлепшыя "візітоўкі" прадэманструюць на форуме падчас адкрытага паказу. Акрамя таго, рэзюмэ ўсіх удзельнікаў конкурсу ацэняць эксперты, што дазволіць студэнтам у далейшым выкарыстоўваць свае прэзентацыі пры працаўладкаванні. Таксама ў рамках фіналу выступяць псіхолагі-практыкі і спецыялісты па прамоўніцкім майстэрстве і невербальнай камунікацыі.

Удзельнікамі секцыі "Кампаніям" стануць прадстаўнікі БДУ і кіраўнікі арганізацый. Кожны з бакоў распавядзе пра эфектыўныя формы ўзаемадзеяння ў рашэнні пытанняў працаўладкавання маладых спецыялістаў. Працягнецца тэма на панэльнай дыскусіі. Тут удзельнікі вызначаць веды, навыкі і ўменні выпускніка, запатрабаваныя сучаснай эканомікай. Кампаніі прапануюць сваё бачанне падрыхтоўкі спецыяліста ў адпаведнасці з патрабаваннямі рынку працы. Загадчык кафедры эканамічнай інфарматыкі Дзмітрый Марушка распавядзе пра досвед супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў. Тэмай яго выступу стане "Універсітэт 3.0. у дзеянні: досвед узаемадзеяння кафедры эканамічнай інфарматыкі БДУ з міжнародным бізнес-кам'юніці". Таксама патэнцыйным працадаўцам прэзентуюць "Электронную базу рэзюмэ выпускнікоў БДУ", дзе сабраны дадзеныя пра старшакурснікаў усіх факультэтаў універсітэта.

Упершыню на форуме будзе арганізавана секцыя "Каардынатарам БДУ". Накіравана яна на ўдасканаленне працы падраздзяленняў універсітэта па працаўладкаванні студэнтаў і ўзаемадзеянні з працадаўцамі. Удзельнікамі стануць адказныя за дадзены напрамак на факультэтах супрацоўнікі БДУ. Спікерамі выступяць вядомыя эксперты і бізнес-трэнеры, якія падзеляцца актуальнымі метадамі пошуку вакансій для маладых спецыялістаў, працы са студэнтамі і капіталізацыі асабістага брэнда. Галоўным мерапрыемствам секцыі стане "Жывая бібліятэка", дзе супрацоўнікі БДУ змогуць адначасова задаць любое пытанне розным спецыялістам па пытаннях працаўладкавання выпускнікоў. Дарэчы, пра прававыя аспекты распавядзе юрыст, а НR-менеджары падзеляцца досведам падбору і сакрэтамі ўзаемадзеяння рэкрутараў з універсітэтамі. На сустрэчу запрошаны таксама маладыя спецыялісты і кіраўнікі кампаній.

Арганізатарам форуму выступіла ўпраўленне кадраў БДУ.

Акрэдытацыя журналістаў абавязковая па тэл.: 209-54-10; 209-53-43 (прэс-служба БДУ).

 

print

Вам таксама можа спадабацца: