Размеркаванне: адказы на пытанні

14 Apr, 2018.

Ужо ў красавіку студэнты даведаюцца пра сваё будучае месца працы. Каб адказаць на іх пытанні пра размеркаванне, студэнцкі прафкам 20 сакавіка арганізаваў сустрэчу выпускнікоў са спецыялістамі ўпраўлення кадраў і ўпраўлення прававой работы. Газета «Універсітэт» даведалася пра нюансы працэдуры.

Размеркаванне заўсёды звязана з пошукам працадаўцы. БДУ прапануе студэнтам усіх курсаў выдатную магчымасць паказаць сябе і знайсці працу на інтэрнэт­сэрвісе cv.bsu.by. Яго стваральнік – старшы выкладчык факультэта радыёфізікі і камп’ю­тарных тэхналогій БДУ Павел Пятроў. На семінары ён распавёў пра тое, як ствараўся сайт, паказаў функцыянал і партрэт «запатрабаванага выпускніка» на рэсурсе. Па статыстыцы сайта ім стаў «эканаміст­гео­граф з ведамі англійскай мовы і мовы праграмавання, які валодае вайсковымі на­вы­камі, клапоціцца пра экалогію, ведае, як і чым палячыць, а калі штосьці не так, ён здолее літаратурна напісаць справаздачу».

Аб размеркаванні расказалі намеснік начальніка ўпраўлення кадраў Вераніка Дабравольская і начальнік аддзела агульнаправавога забеспячэння ўпраўлення прававой работы Аксана Харошка.

У пачатку каляндарнага года на факуль­тэтах фарміруюцца склады камісій па размеркаванні выпускнікоў. Выпускнікоў за месяц да пачатку работы камiсii знаёмяць з планам месцаў, якімі валодае факультэт. План складаецца на аснове заказу (заяўкі)  на падрыхтоўку спецыялістаў арганізацый­заказчыкаў кадраў, дагавораў аб узаемадзеянні, гарантыйных лістоў. Размеркаванне выпускнікоў БДУ праходзіць за 2 месяцы да заканчэння імі навучання.

У гэты перыяд на факультэтах праходзяць пасяджэнні камісій па размеркаванні. Рашэнне аб размеркаванні студэнта прымае камісія, якая вядзе ведамасць і пратакол.

Камісія прымае рашэнне з улікам:

  • вынікаў паспяховасці: прыярытэт студэнтам з найвышэйшым балам;
  • ўдзелу ў навукова­даследчай, грамадскай рабоце;
  • месцаў праходжання практык;
  • стану здароўя, сямейнага становішча, месца жыхарства;
  • мэтазгоднасці накіравання на тую ці іншую працу;
  • асабістых пажаданняў студэнта.

Правам выбару з наяўных месцаў працаўладкавання карыстаюцца выпускнікі, уключаныя ў банк дадзеных адоранай моладзі  і банк дадзеных таленавітай моладзі.

Рашэнне аб размеркаванні выпускніка прымаецца, як правіла, у яго прысутнасці. Але ў той жа час камісія мае права прыняць рашэнне і пры адсутнасці выпускніка.

Выпускнікі размяркоўваюцца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прыс­военай кваліфікацыяй у першую чаргу па   заяўках на падрыхтоўку арганізацый­заказчыкаў кадраў і дагавораў аб узаемадзеянні. Базавая арганізацыя мае пераважнае права на задавальненне сваёй патрэбы ў спецыялістах.

Таксама камісія мае права разгледзець персанальныя заяўкі, пададзеныя ва ўні­версітэт для размеркавання канкрэтных выпускнікоў. Але гэта толькі пасля задавальнення патрэбы арганізацый­заказчыкаў кадраў.

Студэнты, якія навучаліся за кошт уласных сродкаў, не падлягаюць размеркаванню, але яны маюць права прэтэндаваць на месцы, што засталiся пасля размеркавання выпускнікоў, якія навучаліся за кошт бюджэтных сродкаў.

Упраўленне кадраў праводзіць шэраг  мерапрыемстваў па садзейнічанні ў праца­ўладкаванні студэнтам і выпускнікам. Адным з такіх з’яўляецца штогадовы кар’ерны форум, які ў гэтым годзе адбудзецца 3 красавіка ў «Прэзідэнт­атэлі».

Рашэнне аб размеркаванні выпускніка прымае камісія. І разам з дыпломам студэнту выдаецца пасведчанне аб накіраванні на працу. Згодна з гэтым дакументам студэнт становіцца маладым спецыялістам і ў яго з’яўляецца абавязак па адпрацоўцы выз­начанага па размеркаванні тэрміну абавязковай працы.

Пасля гарантаванага месячнага (а для педагогаў 45­дзённага) адпачынку малады спецыяліст абавязаны распачаць працу і адпрацаваць вызначаны ў пасведчанні тэрмін, які вылічаецца з моманту заключэння працоўнага дагавора. Дарэчы, студэнт мае права распачаць працу адразу пасля заканчэння ўніверсітэта, г. зн. не скарыстацца    адпачынкам.

За перыяд адпачынку студэнту выплач­ваецца грашовая кампенсацыя.

Выпускнікі 1 ступені вышэйшай адукацыі маюць права працягнуць сваё навучанне. І на тых, хто залічаны на 2 ступень вышэйшай адукацыі ў дзённай бюджэтнай форме атрымання адукацыі ў год заканчэння навучання, не распаўсюджваецца абавязак па адпрацоўцы. Яны здаюць сваё пасведчанне аб накіраванні на працу і працягваюць на­вучанне.

Тыя выпускнікі, якія працягнуць наву­чанне за кошт уласных сродкаў, абавязаны адпрацоўваць тэрмін па размеркаванні. Як правіла, гэтая катэгорыя сумяшчае працу  з вучобай.

Па жаданні выпускніка тэрмін службы ў шэрагах Узброеных сілаў Рэспублікі Бела­русь залічваецца ў тэрмін абавязковай  працы па размеркаванні.

Студэнты маюць права на пераразмер­каванне.

Студэнты, якія «не даходзяць» да працы ці звальняюцца, абавязаны апавясціць на працягу месяца ўніверсітэт. Яны абавязаны пакрыць сродкі ў рэспубліканскі бюджэт – тое, што было выдаткавана на іх навучанне дзяржавай. Пры адсутнасці ўмоў, якія даз­валяюць не выплачваць доўг перад універсітэтам, адміністрацыя пачынае працу ў камісіі. Сума, якую дзяржава выдаткавала на навучанне, указана ў дамове на момант паступлення, але да моманту выпуску можа змяняцца. Сродкі павінны быць добраахвотна выплачаны на працягу 6 месяцаў. Калі гэтага не адбываецца, універсітэт звяртаецца ў судовыя органы. Вынік 50 на 50: бывае, іск адхіляюць, а часам, наадварот, задавальняюць. Дарэчы, судовыя выканаўцы за сваю працу ад сумы, якая ўказана ў судовым рашэнні, налічаюць яшчэ 10 %.

Упраўленне кадраў БДУ праводзіць са студэнтамі штодзённыя кансультацыі па пытаннях размеркавання ў 101 і 102 кабінетах галоўнага корпуса.

Надзея МАРХЕЛЬ

 

print

Вам таксама можа спадабацца: