Размежаваць зоны паўнамоцтваў і адказнасці. Сучасныя падыходы выхаваўчай работы ў абмекавалі ў БДУ

26 Jun, 2018.

Семінар "Асноўныя задачы і напрамкі ўдасканалення ідэалагічнай і выхаваўчай работы, сацыяльнай абароны ў БДУ" для работнікаў выхаваўчай сферы прайшоў 14 чэрвеня на базе інтэрната № 7 студэнцкага гарадка.

Прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іван Янушэвіч адзначыў неабходнасць выразнай ідэалагічнай вертыкалі, звярнуўшы ўвагу, што галоўным падраздзяленнем па рэалізацыі выхаваўчай работы з'яўляецца факультэт, які выбудоўвае гарызантальныя ўзаемаадносіны з астатнімі падраздзяленнямі. Пры гэтым для паспяховай рэалізацыі пастаўленых мэт важна размежаваць зоны паўнамоцтваў і адказнасці. Было адзначана, што сістэма ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў БДУ выбудавана ў адпаведнасці з тэндэнцыямі грамадска-палітычнага развіцця. Фарміраванне кадравай вертыкалі накіравана на стварэнне цэласнай сістэмы падбору, навучання і расстаноўкі па пасадах супрацоўнікаў і студэнтаў, здольных забяспечыць інфармацыйна-прапагандысцкае суправаджэнне асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі. БДУ з'яўляецца рэспубліканскім цэнтрам па распрацоўцы і прымяненні на практыцы перадавых методык арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Навуковы патэнцыял супрацоўнікаў БДУ дазваляе забяспечыць напаўненне дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага блока ведамі, якія стымулююць захаванне духоўна-маральных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Універсітэт стаў эфектыўнай пляцоўкай для развіцця спорту, народнай творчасці і фарміравання здаровага ладу жыцця. Існая сістэма працы ў сетцы Інтэрнэт дазваляе аператыўна папаўняць сайты і сацыяльныя сеткі канструктыўным зместам і аказваць апераджальнае процідзеянне распаўсюджванай дэструктыўнай інфармацыі.

Старшыня Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДУ Ігар Вярэнчыкаў распавёў пра тое, што было зроблена арганізацыяй за апошнія 3 гады і з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся, пра важнасць "празрыстасці" фінансавых струменяў арганізацыі і, самае галоўнае, неабыякавыя кадры. "Чалавек, які з'яўляецца лідарам прафсаюзнага камітэта, павінен у першую чаргу хацець дапамагаць людзям" – рэзюмаваў Ігар Раманавіч.

Начальнік Псіхалагічнай службы БДУ Руслан Папок надаў вялікую ўвагу спецыфіцы ўзаемадзеяння псіхалагічнай службы з факультэтамі, пазначыў асноўныя псіхалагічныя аспекты прафілактыкі і рызыкоўных паводзін у моладзевым асяроддзі. Вялікую ўвагу служба надае адаптацыі студэнтаў-першакурснікаў, а таксама аператыўнаму выяўленню сацыяльна-псіхалагічных фактараў, якія негатыўна адлюстроўваюцца на здароўі, эфектыўнай навучальнай дзейнасці студэнтаў, і распрацоўцы шляхоў і метадаў іх пераадолення. Каменем спатыкнення стаў той факт, што служба не мае юрыдычнага права наўпрост узаемадзейнічаць з бацькамі студэнтаў, што часцяком перашкаджае аператыўнаму аказанню першай псіхалагічнай дапамогі. Было адзначана, што менавіта цеснае супрацоўніцтва куратараў груп са студэнтамі і іх далейшае ўзаемадзеянне з псіхалагічнай службай дапаможа пазбегнуць негатыўных праяў сярод студэнтаў.

Як арганізавана выхаваўчая работа ў студэнцкім гарадку, удзельнікаў семінара пазнаёміў Дзмітрый Мікулка. Ён закрануў пытанні прафілактыкі правапарушэнняў у інтэрнатах, арганізацыі культурна-забаўляльнай дзейнасці, спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай працы, сацыяльна-педагагічнага суправаджэння выхаваўчага працэсу ў інтэрнатах, арганізацыю працы з замежнымі навучэнцамі, працы з органамі студэнцкага самакіравання. Пры гэтым пазначыў, якім чынам наладжаны ўзаемаадносіны з іншымі падраздзяленнямі і факультэтамі, дзе бачацца праблемныя месцы і шляхі іх рашэння.

Адмысловая ўвага была нададзена падрыхтоўцы лідарскага патэнцыялу студэнцкага самакіравання, бо менавіта яны з'яўляюцца правадырамі ідэй і мэт універсітэта ў студэнцкім асяроддзі.

Абмеркаванне дэталяў выступленняў, прапанаваных дакладчыкамі семінара, працягвалася больш за дзве гадзіны. Важна было суаднесці агульныя прынцыпы з практыкай працы кожнага структурнага падраздзялення, факультэта.

Завяршыўся семінар падвядзеннем вынікаў і абменам меркаваннямі. Прарэктар Іван Янушэвіч яшчэ раз падкрэсліў, што выхаваўчай рабоце неабходна надаваць велізарную ўвагу. Бо адна з мэт вышэйшай адукацыі, нароўні з падрыхтоўкай прафесійнага спецыяліста, – выхаванне рознабакова развітага грамадзяніна-патрыёта. А для паспяховай яе рэалізацыі неабходная скаардынаваная праца ўсіх удзельнікаў выхаваўчага працэсу ў адзіным рэчышчы.

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: