
У 1976 г. адкрыты факультэт радыёфізікі і электронікі.
У 2010 г. ён перайменаваны ў факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій.

У структуры: 8 кафедраў, 4 навукова-даследчыя лабараторыi, 3 СНДЛ, даследча-тэхналагiчны цэнтр «Нанатэхналогii i фiзiчная электронiка», цэнтр аэракасмічнай адукацыi, сучасныя навучальныя лабараторыі і камп’ютарныя класы.
Навучаюцца 900 студэнтаў, 100 магістрантаў, 40 аспірантаў, 6 дактарантаў.
СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
• «Радыёфiзiка», кваліфікацыя «Радыёфізік»,
• «Фiзiчная электронiка», кваліфікацыя «Фізік-інжынер»,
• «Камп’ютарная бяспека» (напрамак: радыёфізічныя метады і праграмна-тэхнічныя сродкі), кваліфікацыя «Спецыяліст па ахове інфармацыі. Радыёфізік»,
• «Аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», кваліфікацыя «Спецыяліст па аэракасмічных радыёэлектронных і інфармацыйных сістэмах. Радыёфізік»,
• «Прыкладная інфарматыка» (напрамак: інфармацыйныя тэхналогіі тэлекамунікацыйных сістэм), кваліфікацыя «Інфарматыка. Спецыяліст па інфармацыйных тэхналогіях тэлекамунікацыйных сітэм».
ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ
Выпускнiкi факультета працуюць у розных сферах інфармацыйных тэхналогій, тэлекамунiкацый, радыёэлектроннага i аптычнага прыборабудавання, праграмаванай электронiкi, мiкра- i нанаэлектронiкi, лазерных аптычных тэхналогiй. Палова выпускнікоў факультэта размяркоўваюцца і паспяхова працуюць у кампаніях-рэзідэнтах Парку высокіх тэхналогій (EPAM Systems, Itransition, BelHard, IBA, «Навучсофт» і інш.). Сярод іх ёсць кiраўнiкi i вядучыя спецыялiсты навукова-вытворчых аб’яднанняў, даследчых iнстытутаў, ВНУ, вядомыя бiзнесмены.
СУВЯЗЬ З ВЫТВОРЧАСЦЮ
Пры правядзенні навучальнай і навуковай працы, выкананні курсавых і дыпломных прац актыўна выкарыстоўваюцца філіялы кафедраў у НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі, «НТЛаб-сістэмах», на «Інтэграле», «Планары». На факультэце створаны сумесныя навучальна-навуковыя лабараторыі з вядучымі высокатэхналагічным кампаніямі: EPAM Systems, Motorola, Itransition, Hewlett-Packard.
МІЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗІ
Інтэнсіўна развіваецца навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з вядучымі замежнымі навуковымі цэнтрамі і ўніверсітэтамі Германіі, Францыі, Даніі, Бельгіі, Нідэрландаў, Швейцарыі, Італіі, Славеніі, Расіі.
СТУДЭНЦКАЯ НАВУКА
Студэнты факультэта прымаюць удзел у правядзенні даследаванняў на базе навуковых лабараторый факультэта, НДІ ПФП
імя А. Н. Сеўчанкі, навуковых інстытутаў і цэнтраў НАН Беларусі, навукаёмістых прадпрыемстваў. Функцыянуюць навуковае студэнцкае таварыства, тры студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі: «Паўправадніковыя лазеры», «Нанатэхналогіі і камп’ютарнае мадэляванне», «Мадэляванне і аналіз стахастычных працэсаў і сістэм». На базе факультэта створаны студэнцкія ячэйкі міжнародных навуковых грамадстваў OSA і IEEE. Студэнты, магістранты і аспіранты прымалі ўдзел у распрацоўцы ўніверсітэцкага нанаспадарожніка, запуск якога на калязямную арбіту адбыўся ў 2018 г.
СТАЖЫРОЎКІ
Рэалізуюцца праграмы стажыроўкі студэнтаў у вядучых навуковых цэнтрах Еўропы: Institute of Science and Technology (Вена, Аўстрыя), Helmholtz-Zentrum Dresden-Rossendorf (HZDR) (Германія), Deutsches Elektronen-Synchrotron (DESY) (Гамбург, Германія), The European Organization for Nuclear Research (CERN) (Жэнева, Швейцарыя).
СТУДЭНЦКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ
Штогод ладзяцца: Дзень радыёфізіка, капуснік, «Міс» ці «Містар факультэта», навагодні вечар. Кожныя пяць гадоў сумесна з Беларускім рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем радыёфізікаў праводзяцца юбілейныя мерапрыемствы.
Круглы год праходзяць творчыя вечары, квэсты, конкурсы, фотавыставы. Існуе шмат цікавых праектаў, напрыклад, «Факультатыў узаемадапамогі». На ім студэнты старэйшых курсаў дапамагаюць першакурснікам разабрацца з матэматычнымі прадметамі. Сутнасць праекта «Музычная пятніца» відавочная з назвы: таленавітыя студэнты выконваюць творчыя нумары па пятніцах падчас вялікага перапынку. Гід першакурсніка «#rfe_guide» – цыкл online-артыкулаў пра факультэт для новых радыёфізікаў.
Турніры па футболе, тэнісе, баскетболе, веласпорце, валейболе збіраюць не толькі студэнтаў усіх курсаў, але і выкладчыкаў.
ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ
Вядзецца прафарыентацыйная праца з навучэнцамі школ, гімназій і ліцэяў. З многімі ўстановамі заключаны дамовы аб супрацоўніцтве. Праводзяцца штомесячныя экскурсіі па факультэце для школьнікаў з наведваннем кафедраў, лабараторый. Выкладчыкі і студэнты факультэта выступаюць перад абітурыентамі. У рамках заняткаў са школьнікамі ажыццяўляецца падрыхтоўка
да алімпіяд і навуковых канферэнцый па фізіцы, да цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы і матэматыцы. Штогод у рамках дзён адчыненых дзвярэй праводзіцца школа радыёфізіка, а таксама алімпіяда па фізіцы «Абітурыент БДУ».
– У кастрычнiку 2018 касмічны апарат БДУ BSUSat-1 быў выведзены на арбіту вышынёй больш за 500 кіламетраў над паверхняй Зямлі з касмадрома ў Кітаі. У мае абавязкі ўваходзіла праверыць сістэму энергазабеспячэння і ўсе яе функцыянальныя вузлы. Сістэма кантралюе струмень энергіі, якая сілкуе бартавыя акумулятары, сістэмы радыёсувязі, бартавы камп’ютар, фотакамеру, гамаспектрометр і іншыя. Гэты праект прынёс у маё жыццё ўнікальны досвед – знаёмства з касмічнай галіной, напружаная праца ў камандзе. Высокі ўзровень адукацыі і вялізны навуковы патэнцыял выкладчыкаў ФРКТ дазваляе выпускнікам атрымліваць якасную адукацыю і станавіцца запатрабаванымі спецыялістамі.
– З фізікі вядома, што калі частата ўласных хістанняў супадае з частатой знешняга ўздзеяння, то ўзнікае рэзананс і ўздзеянне можа быць шматразова ўзмоцнена. Нешта падобнае, як мне здаецца, адбываецца і на нашым факультэце. Цікаўнасць і энергія студэнтаў узмацняецца энтузіязмам і вопытам выкладчыкаў – яны падладжваюцца, прыціраюцца адзін да аднаго, а затым пачынаюць працаваць на поўную моц. Такі сплаў дазваляе студэнтам атрымаць агульны фундаментальны базіс вышэйшай фізіка-тэхнічнай адукацыі, а таксама практычныя навыкі, запатрабаваныя як у Беларусі, так і за мяжой, а выкладчыкі змушаны працягваць самаадукацыю і развівацца разам са сваімі вучнямі.
