Жыве фальклор малой радзімы. Размова з прафесарам Ірынай Казаковай

21 Oct, 2019.

Трыццаць гадоў уваходзіць ва ўніверсітэцкую аўдыторыю доктар філалагічных навук прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры Ірына КАЗАКОВА. Яна ўзначальвае «Саюз жанчын БДУ», з’яўляецца намеснікам старшыні пярвічнай арганізацыі «Белая Русь». Мы пагаварылі з ёй пра значныя праекты, пра сувязь з малой радзімай, пра далучэнне студэнтаў да скарбаў беларускай традыцыйнай культуры.

Малая радзіма – самая ўсходняя кропка краіны

Хоцімшчына на мапе Беларусі

Ірына Валер’еўна нарадзілася ў Мінску, але сваёй малой радзімай лічыць месца, адкуль родам бабуля і дзядуля, матуля і тата. «Гэта Хоцімскі раён Магілёўскай вобласці, – кажа яна. – Адсюль ідуць карані нашай сям’і. Хоцімшчына ўвогуле вельмі каларытны рэгіён. Гэта памежжа Беларусі і Расіі. Самая ўсходняя кропка краіны. Ведаеце, самыя цікавыя навуковыя адкрыцці робяцца на стыку навук. Так і самыя не­звычайныя культурныя элементы ствараюцца на памежжы этнасаў».

Ірына Валер’еўна ўзгадвае, як у дзяцінстве летнія вакацыі праводзіла ў вёсцы. Тады абсалютна гарадская дзяўчынка ўпершыню сутыкнулася з народнай культурай, побытам. Распавядае, што там яе прывучалі да сялянскай працы: пасвілі кароў, зграбалі сена, сушылі грыбы, збіралі ягады…

Ірына Казакова ў дзяцінстве на Хоцімшчыне праводзіла кожнае лета (на фота ёй 3 гады).

«Вёска, дзе нарадзілася мама, пасля вайны называлася Канаўка, а да вайны – Грыбанаўка. Таму што там сапраўды было вельмі шмат грыбоў. Памятаю, як ідзеш раніцай, вакол ельнік, высокая трава, якую называюць свінух, раса. Вось пачынаецца паляна – яна ўся ў карычневых капялюшыках. Столькі было баравікоў. У нашай вёсцы бралі толькі баравікі. 300 грыбоў за раз – гэта быў няўдалы паход у лес», – дадае выкладчыца.

Малая радзіма натхніла маладую дзяўчыну даследаваць народныя традыцыі. Глыбокае вывучэнне культурнай спадчыны беларускага народа стала своеасаблівым на­вуковым крэда Ірыны Валер’еўны.

«Хараство народнай культуры, таямніцы народнай медыцыны, традыцыйны побыт, нацыянальная кухня; здаровы, аптымістычны, гуманістычны, экалагічны погляд на свет, народны гумар, чароўнае ўздзеянне народнага спеву на чалавека – мне перадавалі гэтыя веды менавіта там, на малой радзіме. А яны колькі разоў ратавалі ў жыцці, бо, як у многіх, у мяне былі таксама складаныя і сумныя моманты. Чэрпаю сілу і энергію ў стыхіі народнай культуры. Яна выхавала аптымізм, павагу да чалавека, пяшчотнае стаўленне да жывёл, захапленне прыгажосцю роднай прыроды», – працягвае прафесар.

Калі Ірына Казакова вучылася на філфаку БДУ, то курсавыя і дыпломная працы былі звязаны з малой радзімай. Яна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Этнічная свядомасць і этнапсіхалогія беларусаў (на матэрыяле сямейных абрадаў і абрадавай паэзіі Магілёўшчыны)». Пасля – доктарскую дысертацыю «Міфолага-­фальклорная спецыфіка беларускай традыцыйнай культуры».

Хоцімск, Магілёўская вобласць.

«Мне хацелася паказаць, што ўсходняя Беларусь, памежжа Беларусі і Расіі – гэта рэгіён, багаты на вусна­паэтычную творчасць, старажытныя рытуалы, абрады, звычаі. Добразычлівасць, гасціннасць, адкрытасць, шчырасць – найлепшыя рысы нацыянальнага менталітэту захаваліся ў людзях  рэгіёна. Вельмі ўсцешана тым, што з цягам часу мае дзіцячыя ўражанні пра гэты край і людзей абсалютна не змяніліся. Шкада, што ідзе час, тая вёска, з якой родам была матуля, ужо знікла з мапы Беларусі. Але хочацца, каб пра гэты рэгіён людзі ведалі як мага больш», – звяртае яна ўвагу.

Хоцімск, Магілёўская вобласць.

У знак пашаны да малой радзі­мы, каб захаваць і перадаць веды, Ірына Казакова напісала кнігу «Фальклорная спадчына Магілёўшчыны. Хоцімскі раён». На старонках можна прачытаць пра гісторыю краю, народныя творы, абрадавыя і пазаабрадавыя песні, прыпеўкі, легенды і паданні пра рэчкі, азёры, вёскі, іх паходжанне. Матэрыял шукала сама, таксама карысталася тым, што раней сабралі фалькларысты, а яшчэ дапамагаў аддзел культуры Хоцімскага райвыканкама. «Лічу, што гэта справа была маім маральным абавязкам, – дзеліцца этнакультуролаг. – Таму што гэта любоў з дзяцінства, сапраўды мая малая радзіма. Пра Хоцімшчыну раней не было манаграфій. Мая стала першай. Хацелася, каб студэнты, калегі, увогуле беларусы, звярталі больш увагі на гэты рэгіён, карысталіся багаццем культуры. І каб пра наш край ведалі за мяжой».

Кніга выходзіла двойчы: спачатку на беларускай мове (2008 г.) а потым на беларускай і англійскай мовах (2012 г.). Выданне выкарыстоўваецца пры вывучэнні курсаў «Фалькларыстыка», «Беларускі фальклор», «Гісторыя культуры Беларусі», а таксама яно запатрабавана турыстычнымі кампаніямі.

35 гадоў у БДУ

А менавіта: 5 гадоў вучобы на філфаку і 30 гадоў выкладчыцкай і грамадскай дзейнасці. Яна пераканана, што БДУ – гэта не проста месца працы, а яе лёс, другая сям’я, родныя людзі. Першага верасня 1989 года Ірына Казакова прачытала сваю першую лекцыю курса «Беларусазнаўства» на механіка­матэматычным факультэце перад вялікай аўдыторыяй студэнтаў. Яна ўзгадвае:

«Калі я скончыла філалагічны факультэт, стваралася новая кафедра па ініцыятыве У. А. Навумовіча. Ён трох самых лепшых студэнтаў з курса (у тым ліку і мяне) запрасіў працаваць на кафедры, якую і ўзначаліў. Я ў чэрвені толькі дыплом атрымала, а ўжо ў верасні вяла заняткі. Ён быў неабыякавым да маладых выкладчыкаў. Нават калі я чытала сваю першую лекцыю, ён чакаў пад дзвярыма, хваляваўся. Калі я выйшла з аўдыторыі, міма праходзілі два нашы выбітныя прафесары дактары філалагічных навук, цяпер светлай памяці, – Л. М. Шакун і Л. І. Бурак. Ведалі мяне як студэнтку­-выдатніцу і таксама павіншавалі. І тады Уладзімір Аляксандравіч сказаў: „Ну, Ірына, раз цябе пасля першай лекцыі павіншавалі два прафесары, то быць табе доктарам навук“. Так і здарылася, мабыць, было наканавана лёсам».

Пра сваю выкладчыцкую справу яна з ўпэўненасцю кажа: «Я вельмі люблю сваю працу, атрымліваю ад яе асалоду. Я не ўяўляю сябе нікім, акрамя як выкладчыкам вышэйшай школы. Праца наша адказная і высакародная. Мы павінны вучыць і выхоўваць студэнтаў кожным словам, жэстам, учынкам, асабістым прыкладам. Наша праца не дае старэць, не дазваляе спыняцца. Трэба ўвесь час удасканальвацца, быць на вастрыі падзей і новых тэндэнцый. Для мяне гэта не пустыя словы і не пафас: я заўсёды адчуваю адказнасць, бо мы, выкладчыкі вышэйшай школы, выхоўваем будучую інтэлігенцыю нацыі».

Кабінет-­музей – месца, дзе жыве народная культура

І. В. Казакова заснавала на філалагічным факультэце БДУ вучэбны фальклорна-­этнаграфічны кабінет-­музей, у якім сабраны шматлікія скарбы народнай культуры і які адыгрывае значную ролю ў пад­рыхтоўцы студэнтаў. Пра гэты музей прафесар гаворыць так:

«Калісьці вадзіла студэнтаў у Музей беларускай старажытнай культуры ў Акадэміі навук. Нам там вельмі спадабалася, зайшла гаворка пра тое, каб падобны зрабіць на філфаку. Ідэю падтрымаў наш дэкан, прафесар І. С. Роўда. Асноўны фонд музея склалі экспанаты з маёй уласнай калекцыі (сабранай на малой радзіме), таксама розныя рэчы прыносілі студэнты, калегі, далучыліся ўсе, хто ведаў пра гэтую добрую справу. У выніку кабінет­-музей мы падаравалі ўні­версітэту на 85­-годдзе».

Тут прапануюцца 12 тэматычных экскурсій. Сюды трапляюць творы беларускіх майстроў з розных куткоў Беларусі. У адным памяшканні размяшчаюцца вырабы з саломы (сярод іх рэчы майстра Тамары Журун, Хоцімскі раён), з ільну, шкла, дрэва. Тут і беларускія лялькі, і пралкі­-калаўроты (рэчы аўтэнтычныя). Прызнаны майстар-­разьбяр Казімір Карпенка перадаў музею 10 унікальных фігурак нэцке, разьбяныя і аўтарскія панагіі.

У кабінеце знайшлося месца і для бібліятэкі. Тут сабрана шмат навуковай літаратуры, прысвечанай беларускай традыцыйнай культуры. Кнігамі карыстаюцца студэнты пры напісанні рэфератаў, курсавых і дыпломных работ.

«Сэрца кранае тое, што ў нас ёсць рэчы, якія прайшлі праз гісторыю сям’і і краіны. На Хоцімшчыне ў вёсцы Трасціно маці адпусціла на Вялікую Айчынную вайну двух сыноў. Яна вышыла ручнік-­абярэг (узоры абярэга – дрэва сусветнае як жыццё неўміручае і выявы двух хлопцаў). Чатыры з паловай гады кожную раніцу маці малілася з гэтым ручніком у руках, і яе сыны вярнуліся з вайны. Гэты ручнік-абярэг яна перадала ў наш кабінет-­музей. Каб студэнты бачылі і разумелі, што такое вера, любоў і малітва маці», – распавядае этнакультуролаг Ірына Казакова.

Вам таксама можа спадабацца: