Што было б, калі б не было “КЛУмБы”? Клуб аматараў мастацкага слова справіў юбілейную вечарыну

18 Oct, 2019.

“Жыве, “КЛУмБа”, жыве!” — такая думка з’яўлялася ў кожнага, хто прыйшоў на вечарыну клуба аматараў мастацкага слова, каб у добрай кампаніі адзначыць пяцігадовы юбілей аб’яднання.

У гэты восеньскі вечар у гасціннай зале бібліятэкі факультэта міжнародных адносін гучалі добрыя вершы, вясёлыя песні, настальгічныя ўспаміны. Клумбаўцы і іх сябры разышліся толькі праз тры гадзіны, калі ў чытальную залу ўнеслі святочны вішнёвы пірог з запаленаю “пяцёркаю”, і ўсе з задавальннем ім пачаставаліся.

Клумбаўцы, многія з якіх сталі пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій і маюць свае літаратурныя зборнікі, з задавальненнем дзяліліся сваімі цікавымі ўспамінамі з навічкамі, у якіх усё наперадзе.

Для таго, каб сустрэча прайшла на добрым арганізацыйным узроўні, нямала пастараўся кіраўнік клуба пісьменніца Кацярына Роўда. Яна апавесціла кожнага, прыдумала цікавую форму правядзення сустрэчы, падрыхтавала падзякі і падарункі. Вядомая справа, што ад ступені самаадданасці кіраўніка свайму калектыву часта залежыць яго лёс. Няма сумнення, што з “галавою” клубу проста пашанцавала. Кацярына Роўда сама піша добрыя вершы, выпусціла два паэтычныя зборнікі, якія выклікаюць вялікую зацікаўленнасць сярод прыхільнікаў паэтычнага слова, з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры гэтым яна сочыць за творчасцю кожнага клубаўца, не пакідае тых, каму патрэбна дапамога. У лістападзе рыхтуецца выйсці ў свет першы клумбаўскі альманах “аБДУмана”, галоўным рэдактарам якога з’яўляецца К.Роўда.

Здаецца зусім нядаўна было першае паседжанне клуба, а многія з першапачаткоўцаў ужо выпускнікі, якія працуюць па за межамі ўніверсітэта. Але ж час для клумбаўскіх сустрэч знаходзяць! Сярод актыўных клумбаўцаў засталіся выпускнікі: Таццяна Купрыянец, Іван і Аліна Цвірко, Мікіта Крыцук, Анастасія Кучвальская, Настасся Каротчыкава, Уладзіслаў Музычэнка, Таццяна Цішкевіч, Марта Кудзіна, Аляксандра Ткачэнка. Выпускніца факультэта журналістыкі Ірына Івашка, якая зараз працуе карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”, прапанавала зрабіць фільм «Что бы было, если бы не было «КЛУмБы». Сваю ідэю Ірына выдатна ўвасобіла ў жыццё, чым парадавала і павесяліла ўсіх, хто сабраўся ў святочнай зале.

Прыемна было назіраць за маладой клумбаўскай “пораслю”, якая набірае сілу і цешыць сваімі здольнасцямі і памкненнямі. У гэты вечар мы даведаліся, што Аляксандр Паршанкоў, студэнт гістарычнага факультэта, хутка будзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Дарэчы сказаць, сярод клумбаўцаў Аляксандр стане шостым сябрам Саюза.

Кацярына Тарасава, студэнтка факультэта журналістыкі, не пабаялася стаць адным з рэдактараў альманаха “аБДУмана” і адказнаю за яго першы выпуск.

Ягор Барзілаў, студэнт гістарычнага факультэта, каб узмацніць эфект ўздзеяння паэтычнага слова ці проста ўзняць настрой, на кожнае клумбаўскае мерапрыемства не забывае ўзяць з сабою сваю любімую гітару.

Прыемна, што знайшоў час завітаць на “КЛУмБу” і яе хросны бацька — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі пісьменнік Міхаіл Пазнякоў, які курыруе работу клуба ад самага яго заснавання.

Не забыўся прыйсці на свята і даўні сябар клуба — былы супрацоўнік БДУ Сяргей Шэўчык, які ў чарговы раз запрасіў усіх клумбаўцаў у майскае падарожжа па Смаргоні.

Вам таксама можа спадабацца: