Хачу вучыцца ў БДУ! Філфак жыве пад дэвізам: роднае варта берагчы

19 Apr, 2019.

Філфак – гэта alma mater класікаў беларускай літаратуры;таямніцы славянскіх, заходнееўрапейскіх, усходніх моў, літаратур і культур; камп’ютарныя тэхналогіі ў філалогіі;віртуознае валоданне словам у сферы літаратурнага рэдагавання і дзелавой камунікацыі.

Дэкан – доктар філалагічных навук прафесар Іван Сямёнавіч РОЎДА
Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 31
Тэл. 222-34-21, 222-36-02
Е-mail: phyl@bsu.by
www.philology.bsu.by

Дзейнічаюць 15 кафедраў, 14 спецыялізава­ных кабінетаў (беларускай, рускай, польскай, украінскай, чэшскай, славацкай, сербскай, нямецкай, італьянскай, кітайскай і інш. філалогій), 3 лінгафонныя кабінеты, а таксама вучэбны цэнтр інфармацыйных тэхналогій.
2 лістапада 2018 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё вучэбнай аўдыторыі інавацыйнага навучання «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі».
СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
•    Беларуская філалогія (напрамкі: літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць, камп’ю­тарнае забеспячэнне, дзелавая камунікацыя). У залежнасці ад напрамку прысвойваецца наступная кваліфікацыя: Філолаг. Вы­кладчык беларускай мовы і літаратуры. Літаратурна-рэдакцыйны супрацоўнік. Спецыяліст па камп’ютарнай філалогіі. Спецыяліст па дзелавой камунікацыі.
•    Руская філалогія (напрамкі: літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць, камп’ютарнае забеспячэнне, дзелавая камунікацыя, руская мова як замежная). У залежнасці ад напрамку прысвойваецца наступная кваліфікацыя: Філолаг. Выкладчык рускай мовы
і літаратуры. Літаратурна-рэдакцыйны супрацоўнік. Спецыяліст па камп’ютарнай філалогіі. Спецыяліст па дзелавой камунікацыі. Выкладчык рускай мовы як  замежнай.
•    Славянская філалогія. Кваліфікацыя: Філолаг. Выкладчык славянскіх моў і літа­ратур (з указаннем моў  і літаратур). Пера­кладчык.
•    Класічная філалогія. Кваліфікацыя: Філолаг. Выкладчык класічных моў, антычнай літаратуры і сучаснай замежнай мовы    (з указаннем мовы). Перакладчык.
•    Рамана-германская філалогія. Кваліфікацыя: Філолаг. Выкладчык замежных моў і літаратур (з указаннем моў і літаратур). Перакладчык.
•    Усходняя (кітайская) філалогія. Кваліфікацыя: Філолаг. Выкладчык замежных моў і літаратур (з указаннем моў і літаратур). Перакладчык.
Студэнты маюць магчымасць праходзіць моўную стажыроўку ў замежных краінах. Так, напрыклад, кожны студэнт спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія» за перыяд навучання адзін год праводзіць у адным з універсітэтаў Кітая.

ПРАКТЫКА
Студэнты праходзяць практыкі ва ўстановах адукацыі рознага тыпу, а таксама на пляцоўках базавых арганізацый – Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юсты­цыі Беларусі, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, ААТ «Славянскія мовы і культуры», Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда», НПЦ Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь і інш.СТУДЭНЦКАЯ НАВУКА
Функцыянуе вучэбна-навуковая лабарато­рыя беларускага фальклору. Сабраны най­багацейшыя ў краіне архівы песень, казак, прыказак і прымавак, якімі карыстаюцца не толькі даследчыкі, але і творчыя калектывы. Удзельнікі студэнцкай НДЛ фальклору і эт­накультуралогіі неаднаразова атрымлівалі гранты на правядзенне даследаванняў.

СТУДЭНЦКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ
Развіццю творчых здольнасцей спрыяюць разнастайныя студэнцкія гурткі і калектывы, ладзяцца тэматычныя вечарыны і шматлікія конкурсы! Выдатнае валоданне замежнымі мовамі і бліскучыя артыстычныя здольнасці забяспечваюць поспех у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах па кітайскай, поль­скай, французскай і іншых мовах, дзе нашы студэнты станавіліся пераможцамі!
Студэнцкія творчыя калектывы:
•    Літаратурнае аб’яднанне «Альтанка»
•    Гурток «Роднае слова»
•    Гурток перакладчыкаў кітайскай літаратуры на беларускую мову 对白 («Дыялог»)
•    Гурток «Школа маладога аўтара»
•    СНДЛ фальклору і этнакультуралогіі
•    Лінгвакультуралагічны гурток «Гіс­то­рыя, культура і мовы Італіі»
•    Фальклорна-этнаграфічны гурт «Багач»
•    Харавая камерная капэла студэнтаў  італьянскай філалогіі
•    Дыскусійны клуб пры кафедры англійскага мовазнаўства
•    Клуб аматараў фантастыкі «KAFCo»
Злёт студэнтаў на малой радзіме народнага паэта Беларусі ў філіяле музея Янкі Купалы ў Вязынцы лічыцца галоўным святам філфака і ўсяго ўніверсітэта.
Фестываль моў філалагічнага факуль­тэта дае магчымасць наведаць шэсць 45-хвілінных міні-лекцый пра 50 розных моў свету – старажытныя і сучасныя, рэдкія і распаўсюджаныя, а таксама разнастайныя захапляльныя навукова-папулярныя лекцыі на лінгвістычную тэматыку, лекцыі па беларусістыцы, моўныя гульні, лінгвістычныя задачы і г. д.

ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ
Школьнікі 8–11 класаў запрашаюцца ў «Школы юных філолагаў», дзе для іх праводзяцца Мінская алімпіяда па лінгвістыцы, а таксама конкурс творчых работ «Гульня слоў».

ВОДГУКІ ВЫПУСНІКОЎ

Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ, акадэмік НАН Беларусі, старшыня Беларускага камітэта славістаў. Выпускнік 1977 года.
– Студэнцкае жыццё запомнілася многім. Гэта і пераезд з маленькай вёскі ў сталіцу. Гэта і студэнцкі інтэрнат і добрае сяброўства. Гэта і рамантыка будаўнічых атрадаў. Але самае галоўнае – гэта сам працэс навучання. Безумоўна, вучоба ў ВНУ, адносіны да яе ў многім залежаць ад асоб выкладчыкаў. У нас былі цудоўныя выкладчыкі-моваведы, якія не толькі далі добрыя прафесійныя веды, але і прывілі любоў да лінгвістычнай навукі. Вучоба на філалагічным факультэце БДУ стала тым вызначальным фактарам, які назаўсёды звязаў мой лёс з беларускай мовай і беларускім мовазнаўствам, якія дазволілі мне ў поўнай меры рэалізаваць свой творчы патэнцыял.

Ангеліна Герус, двойчы лаўрэат спецфонду Прэзідэнта РБ, магістрантка філалагіч­нага факультэта, выпускніца 2018 года.
– Прэстыж БДУ ў акадэмічнай прасторы вядомы на справе. Ён быў і застаецца primus inter pares, адначасова вартаўніком традыцый і шукаль­нікам будучыні.
Нашай almae matri варта бясконца дзякаваць за тых выкладчыкаў, якія захапляюц­ца сваім прадметам, натхняюць студэнтаў. Мне пашчасціла быць выхаванкай кафедры класічнай філалогіі. Апроч цікавых і часам экзатычных заняткаў (мы вывучалі антычную метрыку, гісторыю старажытных Грэцыі і Рыма, новагрэчаскую мову), мы вандравалі амаль як Скарына ці Гусоўскі ў свае часы. Праграмы ў Афінскім і Варшаўскім універсітэтах, міжнародныя канферэнцыі – гэта агульны вынік студэнцкіх штудый, энтузіязму і прафесіяналізму выкладчыкаў.
У БДУ ёсць і студэнты, і выкладчыкі, шчыра і назаўжды закаханыя ў веды.

print

Вам таксама можа спадабацца: