Прылегчы і памаляваць: што прапануюць зоны рэкрэацыі на хімічным факультэце?

16 Oct, 2019.

Пакуль універсітэт толькі распрацоўвае праект пра зону адпачынку на кожным факультэце, хімічны факультэт ужо паклапаціўся пра сваіх студэнтаў. Пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Жанны Цабкала, намесніка дэкана па вучэбнай і выхаваўчай рабоце, некалькі такіх месцаў з'явілася ў бібліятэцы, калідорах і кабінетах факультэта.

Жанна Анатольеўна Цабкала

Жанна Анатольеўна апякуецца праектамі «Віртуозы навукі БДУ» і «Экастыль БДУ». Пад няпростай назвай «зона псіхалагічнай разгрузкі» хаваюцца прыемныя сэрцу рэчы. Вось ужо другі год на хімічным факультэце ў перапынку паміж заняткамі можна камфортна прысесці, прылегчы, папіць гарбаты, памаляваць, пачытаць і пагаварыць. Да Жанны Цабкала ў кабінет, дзе знаходзіцца адна з такіх зон, можна заходзіць свабодна: «Студэнты на капустніках і Днях хіміка жартуюць, што да мяне прыходзяць толькі гарбату папіць, але працы, вядома, шмат», смяецца яна. І праўда, пакуль мы размаўляем, зялёны кабінет безупынна прымае новых гасцей: гэта і студэнты, і метадысты, і выкладчыкі.

Знакаміты сервіз са снегірамі

Для кожнага тут знойдзецца нешта заспакаяльнае. Калегі або студэнты заходзяць у розных эмацыйных станах, часам нават ўстрывожаныя, і раптам бачаць кветкі, акварыюм з рыбкамі — і настрой паляпшаецца. Дарэчы, такіх расслабляльных дэталяў шмат: гэта яркія карціны, шмат кветак і сервіз са снегірамі. Падобная зона ёсць і ў дэканаце: вялікія фоташпалеры з прыродай зніжаюць градус напружання ў «лёсавызначальным» для студэнта месцы. «Дэканат на многіх факультэтах ўспрымаюць як месца вельмі строгае, афіцыйнае, дзе пішуць заявы і тлумачальныя. А мы вырашылі, што студэнт тут павінен адчуваць сябе камфортна»,  кажа метадыст Наталля Шаўчук, якая акрамя хімічнай і педагагічнай адукацыі, яшчэ і псіхолаг. Тут у яе свой куток, дзе і малюнкі, і дэкаратыўныя зялёныя каменьчыкі.

Метадыст Наталля Шаўчук на фоне зоны камфорта ў дэканаце.

Па серадах у кабінеце актыву студэнцкіх арганізацый праводзяцца гадзіны псіхалагічнага кансультавання супрацоўнікам Псіхалагічнай службы БДУ Андрэем Пацам. Іншагароднім студэнтам прасцей звярнуцца да псіхолага, кабінет якога знаходзіцца ў інтэрнаце, а мінчанам складаней. Таму  сустрэчы з псіхолагам арганізаваны на факультэце. Яны могуць быць і тэматычныя, і па запыце.

Кабінет 209а заўсёды поўны студэнтаў, якія абмяркоўваюць штодзённыя пытанні самакіравання і рэалізацыі праектаў, арыентаваных на самыя розныя сферы студэнцкай жыццядзейнасці: валанцёрства, адукацыю, самарэалізацыю і інш. Часта тут збіраюцца кіраўнікі ўсіх студэнцкіх арганізацый і аб'яднанняў хімічнага факультэта. Як кажа Жанна Анатольеўна: «Савет лідэраў гэта мае паплечнікі, сябры, калегі, з якімі мы шмат часу праводзім разам. Шмат супрацоўнічаем. Яны мой гонар!»

Разам з "паплечніцай" Анастасіяй Шабан

Адзін з найбольш значных праектаў, што цяпер рэалізуюцца хімікамі,  «Экастыль БДУ». Ён збірае студэнтаў, якія цікавяцца экалагічным ладам жыцця, прынцыпам zero waste і тэхналогіяй рацыянальнага спажывання ў рамках канцэпцыі ўстойлівага развіцця.

У бібліятэцы хімічнага факультэта, дзякуючы намаганням актывістаў, з'явілася зона псіхалагічнай разгрузкі гэта стол з салатавымі абрусам, вазай з такога ж колеру галькай і кошыкам з прыладамі для малявання. Неабходнасць такога кутка патлумачыла студэнтка хімічнага факультэта Аляксандра Пятроўская, удзельніца праекта: «Мы на факультэце бываем з васьмі раніцы да васьмі вечара. Спачатку пары, потым лабараторныя, у перапынках мы хочам пераключыцца і расслабіцца». Напрыклад, можна перабіраць у руцэ гальку з водарам піхты наступіць маторная перезагрука, хутчэй знойдзецца рашэнне пытання, палепшыцца ўвага. Ёсць і іншы варыянт размаляваць зентанглы спецыяльныя размалёўкі з мноствам дэталяў, або прайсці псіхалагічны тэст, каб лепш пазнаць сябе. Зялёны колер не выпадковы, ён расслабляе і павышае канцэнтрацыю ўвагі, дазваляе погляду і ўспрыманню «адпачыць». «Калі я даследавала ўздзеянне колеру на чалавека, нават знайшла, што ва ўсходняй філасофіі лічыцца, што зялёны дапамагае “адкрыцца„ сардэчнай чакры, адчуць сілы і любоў да людзей навокал», дзеліцца Аляксандра.

Найбліжэйшы праект «Экастыля» II Міжнародны студэнцкі экалагічны кангрэс, арганізаваны пры падтрымцы хімічнага кластара БДУ, у які ўваходзіць хімічны факультэт НДІ ФХП, «Унітэхпрам», «Унікаштмет». У межах кангрэса 21 лістапада пройдзе конкурс экаідэй і студэнцкая экалагічная канферэнцыя. Да сустрэчы на хімфаку!

Студэнты размалёўваюць піяніна на мінулым кангрэсе

Надзея Мархель

Фотаздымкі Васіля Кузьмічкіна, Надзеі Мархель і з архіваў герояў.

print

Вам таксама можа спадабацца: