Вітаем Вас, магістр мастацтвазнаўства!

13 Jun, 2022.

Больш за 20 гадоў на факультэце сацыякультурных камунікацый існуе магістарская праграма «Мастацтвазнаўства» (прафілізацыя – гісторыя мастацтваў і сучасныя арт-практыкі). Напярэдадні ўступных іспытаў газета «Універсітэт» паразмаўляла з яе складальнікамі – загадчыкам кафедры мастацтваў і асяроддзевага дызайну прафесарам Ігарам Мікалаевічам ДУХАНАМ і доктарам мастацтвазнаўства прафесарам Вольгай Дзмітрыеўнай БАЖЭНАВАЙ.

– Распавядзіце, калі ласка, каму і навошта трэба паступаць у магістратуру на мастацтвазнаўства?

– Завяршэнне другой ступені адукацыі, магістратуры, прадугледжвае, што вы можаце працаваць не толькі ў якасці выканаўцы тых ці іншых задач, але і ў як кіраўнікі пэўных праграм, экспертаў, – расказвае Ігар Мікалаевіч ДУХАН. – Кажучы пра нашу спецыяльнасць, гэта значыць, што вы можаце быць не толькі мастакамі-дызайнерамі (пасля адпаведнага бакалаўрыяту), але і тымі, хто стварае канцэпцыю дызайну, маркетынгавую мэту і да т. п. Кваліфікацыя «магістр мастацтвазнаўства» дазваляе выпускніку працаваць далей на вядучых пазіцыях у арт-менеджменце (у прыватнасці, у мастацкіх галерэях); спецыялісты могуць вызначаць культуралагічны характар урбаністычнага развіцця, рабіць комплексны аналіз архітэктурна-прадметнага жылога асяроддзя. Мы даём шырокі кантэкст, і пасля выпуску спецыялісты могуць працаваць і ў праектнай сферы, і ў сферы мастацкай крытыкі, і ў сферы арганізацыі і функцыянавання галерэй, і заўсёды перажываюць якасны пераход свайго мастацкага патэнцыялу. Пасля магістратуры ваш гарызонт прафесійнай адказнасці становіцца вышэйшым.

Эксперыментальныя творы магістрантаў на выставе прафесараў кафедры мастацтваў і асяроддзевага дызайну ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі (2020 г.)

 

 

– Адпаведна, да вас прыходзяць выпускнікі выключна профільнага бакалаўрыяту?

– Безумоўна, для нашай праграмы часта патрэбны адпаведны базіс, таму да нас часцей за ўсё паступаюць бакалаўры-дызайнеры, архітэктары, мастацтвазнаўцы, але прыходзілі і людзі з іншых сфер, напрыклад, юрысты, – згадвае Ігар Мікалаевіч. – Перавага людзей з профільнай падрыхтоўкай, зразумела, у тых ведах, што яны атрымалі на першай ступені – гэта, як правіла, акадэмічны малюнак, акадэмічны жывапіс, кампазіцыя, дызайн-праектаванне, канструяванне, матэрыялазнаўства. Ужо на другой ступені адукацыі магістры дадаюць да гэтых ведаў новыя, актуалізаваныя, пра сучасныя канцэпцыі мастацтва і дызайну, новыя і найноўшыя канструкцыі тэхналогій у архітэктуры. Ёсць і адмысловыя спецыялізаваныя курсы кшталту «Мастацкага асяроддзя ў мастацтве і дызайне». Але адзначу, што паступіць да нас можна з любой гуманітарнай базай, для гэтага трэба здаць адзін іспыт – «Тэорыя і гісторыя мастацтва», на якім важна паказаць не толькі веды, але і сваё ўменне разважаць.

На выязным даследчым занятку ў Новаіерусалімскім манастыры ў Істры (Расія)

– А што яшчэ вывучаюць магістранты?

– Вывучаюцца пытанні гісторыі мастацтва старога і сучаснага, беларускага і заходнееўрапейскага, пытанні дызайну ўвогуле, – адзначае Вольга Дзмітрыеўна. – Магістры выконваюць тэарэтычную працу і могуць яе падтрымліваць практычнымі праектамі, г. зн. ствараць інсталяцыі, чарцёжныя варыянты сваіх дысертацыйных даследаванняў. Такім чынам, магістарская праца – гэта выпрабаванне сіл, у якой навучэнцу вельмі важна даць магчымасць адчуць свабоду, выкарыстаць свой патэнцыял. Гэта можа быць праца не па правілах, хоць трэба адзначыць, што ўсе нашы дысертацыі дастаткова высокага ўзроўню, таму што самае галоўнае – інтэлектуальны ўзровень.

– Фактычна, наша магістратура складаецца з дзвюх ліній, першая з якіх звязана з праблемамі мастацтва, дызайну, архітэктуры: курсы па сучасным мастацтве, курсы па мастацтве Беларусі ў кантэксце еўразійскага памежжа, шматлікія курсы па сучасных праблемах мастацкіх і крэатыўных індустрый, – дадае Ігар Мікалаевіч. – Другая частка прадугледжвае навуковую і праектную работу адначасова. Як ствараецца экспазіцыя? Як фарміруецца дызайн праграмы ўрбаністычнага развіцця? Тэма залежыць ад канкрэтнай скіраванасці магістарскай працы, але агульнае – гэта навука, як ствараць дызайнерскія комплексныя аб’екты мастацтва.

– Ёсць у нас і тыповая заходнееўрапейская дысцыпліна, «Рыторыка і мастацтвазнаўчы дыскурс»: як ва ўмовах метамадэрну думаць і гаварыць пра мастацтва, – працягвае Вольга Дзмітрыеўна. – Мы прапаноўваем вялікую колькасць практык, дыскурсаў, што ўключаюць выяўленчае мастацтва і яго стылістыку. Па жаданні можна гэта распаўсюдзіць і на кінематограф, і на тэатральнае мастацтва, і да т. п. Выкладаецца і гісторыя беларускага мастацтва, дзе мы разглядаем Беларусь на магістарскім узроўні у больш складаным варыянце, як феномен памежжа, аналізуем, як крос-культурны дыялог адбываецца ў беларускай прасторы: ва ўмовах суседства розных культур кожная павінна пачуць іншую і распавесці пра сябе. Мала дзе ў свеце такое можна сустрэць. Зразумела, разглядаючы такія пытанні на канкрэтных прыкладах, тэорыя атрымлівае вызначанасць, канкрэтнасць і выверанасць. Натуральна, што ў нас выкладаецца і тэорыя сучаснага мастацтва, практыка сучаснага мастацтва. Адна з адметнасцяў нашай адукацыі – шырокі выбар замежных моў для вывучэння. Ёсць цікавыя курсы па педагогіцы, камунікацыях, якія чытае рэктар. Замежныя лектары чытаюць курсы, што раскрываюць непасрэдна краіназнаўчыя пытанні і звязаны з іх вузкімі даследаваннямі.

 

– Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра міжнародныя сувязі ў рамках праграмы магістратуры.

– На працягу дваццаці гадоў мы запрашалі вядомых спікераў з замежжа чытаць лекцыі нашым студэнтам, – расказвае Ігар Мікалаевіч. – Асобныя спецкурсы, да прыкладу, чыталі прафесары Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, вядучыя спецыялісты Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва Расіі, найбуйнейшыя спецыялісты ў тэорыі мастацтваў як Д. Бараш, галоўны рэдактар «Арт-прэс» К. Міле з Парыжа, прафесар К. Крынскі з Нью-Ёркскага ўніверсітэта, прафесар В. Гэй з універсітэта Паўночнай Караліны, прафесар Я. Пурхла з кракаўскага Міжнароднага культурнага цэнтра, прадстаўнікі Варшаўскай акадэміі мастацтваў і іншыя. Дзякуючы таму, што мы развівалі праграму нашай магістратуры ў інтэрнацыянальным рэчышчы, нашы выпускнікі зараз працуюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Кітаі, заходняй Еўропе, ЗША, Аўстраліі.

Ёсць у нас і магістранты з Кітая, прычым мы імкнёмся даваць ім навуковыя напрамкі, звязаныя з кітайскімі сучаснымі архітэктурай, мастацтвам, дызайнам, ці кампаратыўныя тэмы, дзе яны вывучаюць кітайска-еўрапейскае, кітайска-беларускае ўзаемадзеянне. Але некаторыя кітайскія студэнты выбіраюць тэмы, звязаныя выключна з еўрапейскай ці беларускай традыцыяй. У будучыні мы плануем запрашаць і прафесараў з Кітая, таму што ў гэтай краіне ў сістэме вышэйшай адукацыі адбылася цікавая сітуацыя: калі ў пачатку 20 ст. вядучыя кітайскія ўніверсітэты запрашалі да сябе вядомых беларускіх, расійскіх, еўрапейскіх прафесараў, то з канца 20 ст. у гэтых жа ўніверсітэтах вырасла новае пакаленне сваіх маладых прафесараў, якія самі з’яўляюцца вядучымі экспертамі ў пэўных галінах.

Лекцыю магістрам чытае прафесар Сюзанна Мартэн-Фінніс (Вялікабрытанія)

– Навуковыя працы магістрантаў носяць выключна тэарэтычны характар, ці яны ўсё ж практыка-арыентаваныя?

– У сферы мастацтва і мастацтвазнаўства можна аддзяліць навуковы складнік ад практычнага, але гэта не вельмі эфектыўна, таму што насамрэч тыя праекты, якія робяць нашы выпускнікі як свае дысертацыі, цесна звязаны з практычнай дзейнасцю, – тлумачыць Ігар Мікалаевіч. – Да прыкладу, нашы магістранты пісалі працы па сучасных аспектах архітэктуры Кітая, па творчасці мастакоў-рамантыкаў, па гарадскіх сядзібах у кантэксце рэгіянальнай культуры, і гэта мяркуе вельмі добрыя веды не толькі таго, як пісаць навуковую працу мастацтвазнаўчай тэматыкі, але і веданне практычнай рэалізацыі таго, пра што ты пішаш.

– Цікава, дарэчы, што пасля заканчэння навучання ў магістратуры нават тыя, хто прыйшоў да нас не з універсітэта, пачынаюць пісаць кандыдацкія дысертацыі, бо магістратура дае для гэтага патрэбны штуршок, яна – пачатак пачаткаў, – адзначае Вольга Дзмітрыеўна. – Важна, каб у выніку магістарскага навучання з’явілася пачуццё асалоды ад мыслення. Часта мы стамляемся паўтараць за кімсьці, і надыходзіць час ствараць, думаць, разважаць самому. Для гэтага важна не толькі прачытаць дастатковую колькасць літаратуры, але і выбудаваць уласную пазіцыю – мы вучым гэтаму, бо наша галоўная задача – фарміраваць школу. Таму найлепшыя выпускнікі застаюцца на кафедры. Ёсць і практыка-арыентаваныя магістранты, што паступаюць да нас з музеяў з мэтай павысіць свой узровень ведаў і вярнуцца працаваць – у нас так вучыліся супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, замкавых комплексаў у Міры, Нясвіжы і інш. Разам з пашырэннем гарызонту прафесійнай адказнасці, пра які казаў Ігар Мікалаевіч, перабудоўваецца і ўнутраны свет магістрантаў, мяняюцца жыццёвыя прыярытэты. Для нас як для выкладчыкаў вялікі гонар, што пасля магістратуры выпускнікі не толькі становяцца добрымі спецыялістамі ў той ці іншай галіне, але і ідуць па жыцці з сапраўднымі каштоўнасцямі.

 

Размаўляла Ксенія СІТНІК

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: